Адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў

14 февраля 2019

Адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў. Пра гэта заявіў учора Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскім калегам.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што Мінск для Масквы з'яўляецца найважнейшым стратэгічным партнёрам і саюзнікам. На перамовах у Краснай Паляне прысутнічаў міністэрскі і ўрадавы пул дзвюх краін. Адносіны Беларусі і Расіі знаходзяцца на высокім узроўні    з пункта погляду ўсіх магчымых кірункаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння: палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры. Узаемны тавараабарот паказвае рост: па выніках мінулага года ён перавысіў 35 мільярдаў долараў. Лідары пацвердзілі адданасць саюзніцкім адносінам і выказалі ўпэўненасць, што праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, знойдуць сваё рашэнне. Закранулі ў размове міжнародную тэматыку і эканамічныя пытанні.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін працягнуць перамовы і ў наступныя дні. Сёння Сочы прымае трохбаковы саміт па Сірыі, сустрэцца з яго ўдзельнікамі запрасілі і беларускага лідара. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што падчас яго візіту ў Расію будзе магчымасць пагаварыць і пра пытанні гуманітарнай тэматыкі.

Плануецца, што да размовы далучацца і профільныя міністры. Такі фармат сустрэчы запланаваны ў рамках наведвання адукацыйнага цэнтра "Сірыус".