Адносіны Беларусі і Азербайджана пераходзяць на новы ўзровень

20 ноября 2018

Адносіны Беларусі і Азербайджана пераходзяць на новы ўзровень. Гэта пацвердзілі прэзідэнты дзвюх краін учора падчас перамоў у Палацы Незалежнасці. У Мінска і Баку няма закрытых тэм, а развіваць супрацоўніцтва гатовыя як у палітычнай, так і эканамічнай галінах. Будучыня - за сумесным засваеннем рынкаў трэціх краін. Вынікі перамоў у Вольгі Макей.

"Беларусь Вас чакала", - такімі словамі Аляксандр Лукашэнка сустракае Ільхама Аліева. 25 гадоў дыпадносін - не проста стратэгічны статус партнёрства, а сяброўскія сувязі, якія адбіваюцца і на эканоміцы. Сёлета рост тавараабароту - амаль у тры з паловай разы, але ёсць да чаго імкнуцца.

Такі дужы поціск рукі ў Азербайджане - пратакольная традыцыя. Дарэчы, спецыялісты, якія вывучаюць дзелавую культуру гэтай краіны, гавораць, што скласці дамову з азербайджанскім партнёрам можна толькі ў тым выпадку, калі існуе поўны давер і сяброўскія адносіны. Менавіта такія і ў народаў дзвюх краін, і ў прэзідэнтаў.

Менавіта для дабрабыту народаў і развіваюць адносіны - гэта асабліва падкрэсліць наш Прэзідэнт. У беларусаў ужо з'явілася магчымасць купіць тавары закаўказскай рэспублікі ў гандлёвым доме ў Мінску, яго наведаў Ільхам Аліеў. Дарэчы, хутка пашыраць сетку і ў рэгіёны. На палях Азербайджана працуюць больш за 10 000 трактароў сумеснай зборкі. Хутка агульнае прадпрыемства дзве краіны адкрыюць і ў Турцыі.

Той жа Гянджынскі аўтазавод - добры прыклад кааперацыі. Такія сумесныя прадпрыемствы вырашаюць не толькі пытанне недахопу тэхнікі, але і праблемы працаўладкавання. Дарэчы, Беларусь гатовая дапамагаць і з падрыхтоўкай кадраў для любой сферы.

Ільхам Аліеў, Прэзідэнт Азербайджана: "Стварае рабочыя месцы. Новая галіна. Магчымасць беларускіх вытворцаў падзяліцца вопытам. Мы дамовіліся наконт вытворчасці камбайнаў".

Сельская гаспадарка, фармацэўтыка, лагістыка, ІТ-сфера - сёння цяжка знайсці галіну, дзе ў Мінска і Баку няма агульных інтарэсаў. Падпісаны ўчора партфель дакументаў дае старт супрацоўніцтву ў многіх кірунках. Гэты пяты для Ільхама Аліева візіт у Мінск атрымаўся насычаным, зараз Прэзідэнт Азербайджана чакае ў Баку беларускага лідара. Ну, а Аляксандр Лукашэнка запрасіў усіх ізноў прыляцець у Мінск на II Еўрапейскія гульні.