Ад пытанняў інтэграцыі з Расіяй да лібералізацыі бізнесу. Нарада Прэзідэнта з кіраўніцтвам урада

11 апреля 2019

Пачынаем з афіцыйнай хронікі - ад пытанняў інтэграцыі і супрацоўніцтва з Расіяй  да лібералізацыі бізнесу. Гэта асноўныя тэмы нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам урада. Кіраўнік дзяржавы сёння параўнаў некаторыя дзеянні расійскіх партнёраў з элементамі гандлёвых войнаў і ціскам. Апошні час мы часта назіраем, як расіяне ставяць перашкоды і ўзводзяць бар'еры пры пастаўках беларускага харчавання на свой рынак. Што не толькі падрывае эканоміку айчынных перапрацоўшчыкаў, але і дыскрэдытуе дамоўленасці на вышэйшым узроўні ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Фактычна гэта санкцыі замест роўных умоў і безумоўнага выканання абавязацельстваў па саюзных пагадненнях. І вось у чым парадокс. Расія, якая знаходзіцца пад санкцыямі заходніх партнёраў і рэгулярна асуджае падобны ціск, сама выкарыстоўвае тыя ж інструменты супраць найбліжэйшага саюзніка. Рэакцыя Беларусі на падобныя крокі павінна быць адэкватнай і паслядоўнай. Прэзідэнт нагадаў, што ва ўсіх адчувальных для афіцыйнай Масквы пытаннях наша краіна адданая не толькі літары, але і духу саюзных абавязацельстваў. Апроч пытанняў інтэграцыйнай тэматыкі на нарадзе закранулі і іншыя эканамічныя тэмы. Размова пра чарговыя крокі для падтрымкі дзелавой ініцыятывы ў краіне. Аб усім падрабязней - Вольга Макей. 

Аляксандр Лукашэнка часта паўтарае: пераважваць у любым пытанні павінна справядлівасць 

Такі фармат сустрэч Кіраўніка дзяржавы з эканамічным блокам краіны ўжо даўно прыжыўся ў прэзідэнцкім графіку. Гэта магчымасць напроста абмеркаваць дэталёва самыя актуальныя тэмы. Прасцей гаворачы, перад прыняццем важных рашэнняў канчаткова ўзважыць усе за і супраць. Аляксандр Лукашэнка часта паўтарае: пераважваць у любым пытанні павінна справядлівасць. Зрэшты, сёння гэты тэзіс актуальны не толькі для ўнутрыбеларускіх пытанняў.

У Палацы Незалежнасці кіраўніцтва ўрада з'яўляецца з важкімі папкамі 

У Палацы Незалежнасці кіраўніцтва ўрада з'яўляецца з важкімі папкамі - трэба абмеркаваць цэлы пакет важных для краіны праектаў дакументаў. Але Аляксандр Лукашэнка размову пачынае з тэмы, якая патрабуе рэакцыі, - датычыцца Саюзнай дзяржавы. А дакладней, зусім не саюзных дзеянняў з боку нашага асноўнага гандлёвага партнёра - Расіі. 

Не саюзныя дзеянні з боку нашага асноўнага гандлёвага партнёра - Расіі

Усё часцей у СМІ паведамленні пра тое, што суседзі закрываюць свой рынак для тых або іншых беларускіх тавараў. Што ў прынцыпе супярэчыць саюзным дамоўленасцям Мінска і Масквы і шырэй - рашэнням пяці прэзідэнтаў у фармаце ЕАЭС. Не гаворачы ўжо пра страты нашых вытворцаў. Па сутнасці, Масква, якая ўвесь час крытыкуе Захад за санкцыйны ціск, чамусьці той жа манетай плаціць і Мінску, свайму стратэгічнаму партнёру. 

На гэтую заяву Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве адрэагавалі хутка, адказаўшы, што "ніякія санкцыі Расія не ўводзіць", а яны - "прыхільнікі танальнасці, якая лепш адпавядае саюзніцкаму характару адносін". Але наўрад ці саюзніцкімі можна назваць забароны і абмежаванні, якія апошні час сыплюцца і сыплюцца на Беларусь з усходу. 

Забароны і абмежаванні   апошні час з зайздроснай нязменнасцю  сыпяцца на Беларусь з Усходу 

Мяркуйце  самі, вось толькі навіны апошніх дзён: з 12 красавіка Рассельгаснагляд уводзіць поўную забарону на пастаўкі ў Расію беларускіх яблыкаў і груш. З 4 красавіка абмежаваны ўвоз ялавічыны на косці, матываваны тым, што Беларусь не мае сертыфіката Міжнароднага эпізаатычнага бюро, які імкнецца атрымаць Масква. Пры гэтым з'яўляецца інфармацыя, што Расія адкрывае  свой рынак для іншых краін. 

Парадокс у тым, што такі кругаварот абмежаванняў з года ў год застаецца палкай у саюзным коле. І тут ужо, як ні заві: забарона, эмбарга, абмежаванне - усё гэта - санкцыі ў дачыненні партнёра. 

Як раз аб прыкладзе, як Мінск прытрымліваецца духу саюзных абавязацельстваў у адчувальных для Масквы пытаннях, сёння нагадаў Прэзідэнт. Нават рамонтныя працы на беларускім участку "Дружба" праводзілі без крытычнага для Расіі прыпынку транзіту вуглевадародаў, па-сяброўску разумеючы, што гэта прывядзе да эканамічных страт для нашага партнёра. 

Нафтаправоду "Дружба" сёлета - 55 гадоў. 

Па тэрыторыі Беларусі падземная магістраль расцягнулася на 656 кіламетраў. Аб'ект важны, не толькі з пункта погляду транзіту вуглевадародаў, але, у першую чаргу, для экалогіі. Эксплуатуецца ён даўно, таму патрабуе рэгламентных прац, якія планаваліся яшчэ паўтара года назад. У найбліжэйшы час спецыялісты вывучаць вузлы і агрэгаты, якія патрабуюць замены. 

Ігар Петрышэнка,  намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"Зараз у сувязі з падыходамі, звязанымі з экалогіяй, элементамі зялёнай эканомікі, мы бачым, што ёсць моманты, якія мы не можам рэалізаваць і забяспечыць тэхнічнае абслугоўванне гэтага нафтаправода без вызначаных участкаў, каб альбо абмежаваць, альбо перакрыць. Нашы спецыялісты, інжынеры працуюць над гэтым. Гэтая тэма таксама была ў полі зроку".

Абмяркоўвалася на нарадзе і пытанне аб цане на газ з 2020 года 

Абмяркоўвалася на нарадзе і пытанне аб цане на газ з 2020 года. Зараз Мінск і Масква па гэтай тэме вядуць перамовы, працуюць групы па лініі міністэрстваў энергетыкі. Паводле слоў Ігара Петрышэнкі,  прапановы падрыхтуюць да 30 красавіка. Гаварылі і аб працы беларуска-расійскай групы, якая аналізуе далейшае развіццё інтэграцыі. Тут Мінск прынцыповы: палажэнні дагавора  аб стварэнні Саюзнай дзяржавы  павінны быць рэалізаваныя. 

Доўгачаканая навіна для бізнесу. Дэталёва абмеркавалі праект указа аб ліцэнзаванні

Дарэчы,  для бізнесу  доўгачаканая навіна. Сёння дэталёва абмеркавалі праект указа аб ліцэнзаванні. Ён стане яшчэ адным вялікім крокам да паляпшэння дзелавога асяроддзя  і працягне курс на лібералізацыю, услед за Дэкрэтам № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва". І калі дэкрэт паменшыў лік ліцэнзій на 15 тысяч, новы дакумент скароціць гэты пералік яшчэ на столькі ж. Якія іменна віды  дзейнасці трапяць у спіс, першы віцэ-прэм'ер пакуль не агучыў, але ў якасці прыкладу прывёў змены ў ліцэнзійных патрабаваннях да медпрацаўнікоў.

Прэзідэнт падтрымаў і прапановы аб выхадзе Нацбанка са складу заснавальнікаў Банка развіцця

Уся справа ў тым, што ў гэтым пытанні быў канфлікт інтарэсаў: Нацбанк  - галоўны кантралюючы орган фінансавай сістэмы краіны, таму быць акцыянерам банка  не можа. Калізію вырашылі, але Прэзідэнт паставіў задачу яшчэ раз уважліва паглядзець на ўсю фінансавую сістэму краіны. 

Наогул Аляксандр Лукашэнка нацэльвае ўрад  ва ўсіх прапановах кіравацца разумным сэнсам, а кожнае прынятае рашэнне ў першую чаргу павінна прыносіць карысць Беларусі і беларусам. Гэта прынцыповая пазіцыя. 




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя