Асноўнымі тэмамі нарады ў Кіраўніка дзяржавы сталі тэхналогіі, дысцыпліна і бяспека

26 апреля 2018

Новы мост праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне павінен быць пабудаваны да 7 лістапада. Гэта даручыў Прэзідэнт сёння на нарадзе ў Мінску.

Асноўнымі яе тэмамі сталі тэхналогіі, дысцыпліна і бяспека. Аб стане спраў у эканоміцы сяла далажылі профільныя міністры. Кіраўнік дзяржавы завастрыў увагу на фактах безгаспадарлівасці ў АПК. Да 15 красавіка на лінейцы гатоўнасці павінна была быць уся тэхніка. Такая ўмова была пастаўленая яшчэ ў пачатку месяца на Рэспубліканскім семінары-нарадзе па працы аграрнай галіны.

МУС Беларусі ў найбліжэйшы час выпрацуе сістэму мер для эфектыўнага ўздзеяння на негатыўныя працэсы ў сельскай гаспадарцы. Як адзначана, прадпрыемстваў, якія адразу ж не рэагуюць на патрабаванні, у краіне дастаткова - як і выяўленых парушэнняў. У асноўным, гэта халатнасць і безадказнае стаўленне да матэрыяльна-тэхнічных сродкаў.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Прысутнічае пэўная латэнтнасць у гэтым пытанні. Некаторыя гаспадаркі хітраць, утойваюць сапраўднае становішча спраў. Гэта загубленая тэхніка, прыпіскі, парушэнне тэхналогій, якое цягне увесь негатыў - ад падзяжу да нявыплаты зарплат. Гэта і стаўленне да людзей, якія працуюць на зямлі. Ёсць яшчэ час ухіліць недахопы, прыслухацца да нашых парад, таму што больш раіць мы не будзем".

Яшчэ адзін блок пытанняў датычыўся супрацьпажарнай сітуацыі. Пасля трагедыі ў расійскім Кемераве Прэзідэнт запатрабаваў праверыць усе аб'екты і месцы масавага збірання людзей і ўхіліць усе парушэнні. Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зверне асаблівую ўвагу на працу аграрыяў падчас сваёй традыцыйнай паездкі ў раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У канцы мінулага года на мосце праз Прыпяць з'явіліся расколіны, і ён быў зачынены для пешаходаў і транспарту. Побач была наладжаная часовая пераправа, але з-за пагодных умоў яна працавала нерэгулярна.