Арлоўская вобласць - надзейны і перспектыўны партнёр Беларусі

24 марта 2016

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Вадзімам Патомскім. Галоўнай тэмай стала эканоміка. Тавараабарот за мінулы год (у параўнанні з 2014-м) скараціўся ўдвая. Сітуацыю дамовіліся выпраўляць. І ўжо азначылі цэлы шэраг сумесных праектаў. Каб паскорыць працэс, у Арлоўскай вобласці адкрыецца беларускае прадстаўніцтва, а ў нашай краіне - прадстаўніцтва Арлоўскай вобласці. Падрабязнасці ў Вольгі Макей.

Цэнтральны праспект Мінска, і зноў расійскі трыкалор. Толькі за мінулы год Беларусь наведалі дэлегацыі 40 расійскіх рэгіёнаў. І вось чарговы візіт - кіраўнік Арлоўскай вобласці. Дзень, насычаны перамовамі, Вадзім Патомскі пачынае на плошчы Перамогі. Ускладанне вянкоў да манумента - для замежных дэлегацый мерапрыемства традыцыйнае. Але для губернатара гэтага расійскага рэгіёна - яшчэ і асаблівае. Бо Арол - горад першага салюту. Такую неафіцыйную назву ён атрымлівае 5 жніўня 1943 года. Менавіта ў той дзень у Маскве гучаць першыя залпы ў гонар войскаў, якія вызвалілі горад падчас Курскай бітвы.

Чаргу перамоў, прызначаных на сёння, Вадзім Патомскі пачынае ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік рэгіёна - у мінулым вайсковец, мае званне падпалкоўніка. Узначальваў муніцыпальныя прадпрыемствы, быў дэпутатам. Паўтара года таму абраўся губернатарам. Афіцыйны візіт на гэтай пасадзе ў Беларусь для Вадзіма Патомскага першы. Але ў нашай краіне бывае часта: карані кіраўніка рэгіёна - з Мінскай вобласці. Бацька нарадзіўся ў Жодзіне і працаваў на БелАЗе. Дарэчы, гэтае прадпрыемства дэлегацыя наведае заўтра.

Эканоміка стала цэнтральнай тэмай сустрэчы. У Арлоўскую вобласць Беларусь экспартуе нафтапрадукты, тавары АПК, грузавыя аўтамабілі. З расійскага рэгіёна ў Беларусь вязуць металы, тратуарную плітку, сланечнікавы алей, кузавы для аўтамабіляў. Спіс важкі, але тавараабарот за мінулы год у параўнанні з 2014-м скараціўся ўдвая. Але як выправіць сітуацыю, і Мінск, і Арол ведаюць.

Арлоўская вобласць - буйны прамысловы цэнтр Расіі. Тут, як і ў Беларусі, развітыя металургія, машынабудаванне. Прычым на долю апошняга прыпадае 30% аб'ёму вытворчасці. А значыць, ёсць прастора для кааперацыі. Акрамя таго, у планах рэгіёна - стварэнне федэральнага кластара прыборабудавання і электронікі. У гэтай сферы беларусы таксама могуць падзяліцца вопытам. Прычым з кадрамі ў вобласці праблем няма.

Арол - адзін з самых моладзевых гарадоў Расіі. У сталіцы рэгіёна 14 ВНУ, і па колькасці студэнтаў ён уваходзіць у тройку лідараў пасля Масквы і Піцера. Сёлета ў Арла юбілей - 450 гадоў з дня заснавання. У абласным цэнтры, параўнальным па колькасці насельніцтва з Брэстам, штогод узводзіцца больш як 300 тысяч квадратных метраў жылля. А да дня горада зараз актыўна прыводзяць у парадак інфраструктуру, будуюць і рамантуюць дарогі. Вопыт беларускіх спецыялістаў запатрабаваны і тут.

Бадай, больш за ўсё цікавіць партнёраў беларускі вопыт у сельскай гаспадарцы. Арлоўская вобласць на сваіх багатых чарназёмам глебах штогод папаўняе расійскія хлебныя запасы амаль на тры мільёны тон. Беларускія гатункі збожжавых ужо праходзяць выпрабаванні ў гэтым расійскім рэгіёне.

Вадзім Патомскі зяртае ўвагу: гэты візіт - далёка не фармальнасць. Разам з губернатарам прыехалі профільныя спецыялісты сельскай гаспадаркі, прамысловасці і эканамразвіцця. Аб некаторых праектах дамовіліся ў кулуарах Палаца Незалежнасці.

Ідэю стварэння лагістычнага цэнтра Беларусі ў Арлоўскай вобласці Прэзідэнт падтрымаў.

Падкупляе і выгаднае размяшчэнне - да Масквы 320 кіламетраў, а ў радыусе 400 жывуць 45 мільёнаў чалавек - а гэта патэнцыйныя пакупнікі. Праз такі цэнтр будуць распаўсюджваць беларускую прадукцыю, у тым ліку і малочку.

Каб паглядзець на вытворчасць вядомых на расійскім рынку беларускіх малочных прадуктаў, губернатар напярэдадні адпраўляецца ў Магілёўскую вобласць. Расійскіх партнёраў цікавіць і вопыт стварэння аграгарадкоў. Як наладжанае жыццё ў беларускай глыбінцы, паказалі на прыкладзе роднай для Прэзідэнта Александрыі. Вадзім Патомскі пабываў у школе, дзе вучыўся Аляксандр Лукашэнка, паглядзеў і яблыневы сад. У Арлоўскай вобласці 5 тысяч гектараў закінутых садоў, з маладымі саджанцамі паабяцалі дапамагчы беларускія спецыялісты.

Дарэчы, у Магілёўскай вобласці расійскі губернатар нават трохі парушыў пост. Не змог не паспытаць беларускую каўбасу.

А вось аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў гаварылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. У Арлоўскай вобласці - дэфіцыт малочных прадуктаў, таму ў першую чаргу размова аб поўнай перапрацоўцы малака. А вось нашых аграрыяў цікавіць развіццё свінагадоўлі. Маладняк гатовыя купіць у расійскіх калегаў. Зрэшты, усе планы па супрацоўніцтве прапісалі ў дарожнай карце да 2018 года.

Больш прадметна ўзаемадзеянне Беларусі з Арлоўскай вобласцю абмяркоўваюць ужо ў Доме ўрада. Абодва бакі зацікаўленыя ў развіцці адносін па трох ключавых кірунках: нарошчванне гандлю, сумесная праца ў сферы навукі і тэхналогій і развіццё гуманітарных сувязяў. Усё гэта прапісалі ў спецыяльным дакуменце.

Пакінуў свой аўтограф Вадзім Патомскі і ў кнізе ганаровых гасцей Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут губернатара Арлоўскай вобласці сустракае зямляк. Ветэран вайны, генерал-лейтэнант Павел Пячэрскі ўдзельнічаў у абароне горада Арла.

У чэрвені 1941-га Павел Пячэрскі паступае ў Арлоўскае бранятанкавае вучылішча. Праз 9 дзён маладых курсантаў наганяе навіна аб пачатку вайны, і ўжо зусім хутка разам з аднакурснікамі ён адпраўляецца ў свой першы бой. Павел Пячэрскі перанёс кантузію, вызваляў Растоў-на-Доне, камандаваў танкавай ротай на Далёкім Усходзе. Ваеннай службе Павел Сцяпанавіч прысвяціў 43 гады. Таму сёння шматлікае і сам змог распавесці маладому земляку.

Шчыльны графік візіту дэлегацыі ўмясціў самыя розныя сферы супрацоўніцтва. Ужо заўтра расійскія партнёры наведаюць найбуйнейшыя беларускія машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Вопыт у сельскай гаспадарцы будуць вывучаць у агракамбінаце "Дзяржынскі". А вось ужо дамоўленасці можна будзе ператварыць у кантракты і на 3-м форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён пройдзе ў Мінску ў чэрвені.