Арыенціры на найбліжэйшыя чатыры гады ў працы парламента прагучалі напярэдадні ў Палацы Незалежнасці

6 декабря 2019
Там сабраліся дэпутаты і сенатары адразу двух скліканняў. Прэзідэнт падзякаваў саставу, які адыходзіць, і ўзнагародзіў лепшых за актыўную грамадзянскую дзейнасць і ўклад у развіццё парламентарызму. Наперадзе ў новых народных выбраннікаў складаная праца. Новай камандзе трэба далучыцца да ўдасканалення Канстытуцыі, далей умацоўваць палітычную стабільнасць, гучна і ўпэўнена гаварыць з розных міжнародных трыбун. Парламентарыі назвалі сустрэчу новай добрай традыцыяй суверэннай Беларусі. Размова атрымалася адкрытай і рознабаковай: ад ролі парламента, урокаў гісторыі да галоўных прыярытэтаў у эканамічным курсе краіны і асобных аспектаў адносін з галоўным партнёрам - Расіяй. Але асноўнае і найважнейшае, на чым акцэнтаваў увагу дэпутатаў і сенатараў Прэзідэнт, - канструктыўная праца на карысць выбаршчыкаў. Парламентарыі павінны чуць кожнага, хто менш як месяц таму аддаў за іх свой голас. 

Сустрэча, якая прайшла напярэдадні, гэта яшчэ адна магчымасць усім галінам улады зверыць пазіцыі, каб ва ўнісон рухацца далей. Выстройваць палітыку будучыні трэба і новым назначэнцам. Пасля пажадання дэпутатам новага склікання Аляксандр Лукашэнка прыняў важныя кадравыя рашэнні. Адміністрацыю Прэзідэнта з гэтага часу ўзначальвае Ігар Сергяенка - экс-намеснік старшыні КДБ Беларусі. Яго намеснікам стала Вольга Чупрыс, раней прарэктар БДУ. Асаблівую ўвагу ім трэба надаць пытанням заканадаўства і кадраў. Наталля Качанава, якая на пасадзе кіраўніка палітычнага штаба адпрацавала тры гады, зойме адно з васьмі месцаў Савета Рэспублікі па квоце Прэзідэнта. Кампанію ёй складуць, згодна з рашэннем беларускага лідара, таксама Міхаіл Русы, Анатоль Ісачанка і Сяргей Рачкоў. Былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Валерый Міцкевіч стаў дэпутатам. Яму і экс-старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку даручана арганізаваць рабочы працэс парламента.