Алімпійскі сход з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Шмат і канструктыўна пра спорт

19 ноября 2019
Інфармацыйны вечар адкрываем са спартыўнай падзеі. У авангардзе навін  алімпійскі сход з удзелам Кіраўніка дзяржавы. У НАК Беларусі сёння шмат і канструктыўна гаварылі пра спорт. На парадку дня  выбары першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, абмеркаванне ходу падрыхтоўкі атлетаў да галоўнага старту чатырохгоддзя ў Токіа, а таксама прыемныя моманты ўзнагароджання выдатных спартсменаў Беларусі, якія завяршылі кар'еру сёлета. 
Але пра ўсё па парадку. Перш за ўсё увага вынікам. У 2019 далёка не ўсе беларускія атлеты парадавалі сваімі выступленнямі на чэмпіянатах свету. У алімпійскіх дысцыплінах заваявана ўсяго 8 медалёў. За 247 дзён да Гульняў у Токіа  - трывожны сігнал. Дарэчы, 65 ліцэнзій у актыве беларусаў на Алімпіяду ў Японію ўжо ёсць. 
Ад Прэзідэнта прагучаў галоўны меседж: калі ў Токіа не будзе выніку, ніхто ў спорце з функцыянераў не затрымаецца. І яшчэ адзін - для спартсменаў: за медалі і перамогу трэба змагацца. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка надаў самым медальным відам спорту: лёгкай атлетыцы і плаванню. Чаго чакаць ад іх прадстаўнікоў на Алімпіядзе? У прынцыпе ў якім становішчы сёння знаходзяцца летнія віды? Улічваючы каласальны ўклад дзяржавы ў спартыўную галіну, вядома, чакаюць аддачы. На вялікім сходзе працаваў Станіславаў Ліпскі.

У Беларусі створана ўнікальная база для падрыхтоўкі алімпійцаў

Хваёвы бор, гаючае паветра, прыродныя ключы, якія напаўняюць выток ракі Трасцянкі. Тут жывуць і трэніруюцца беларускія атлеты. Стайкі - найбуйнейшая спартыўная база краіны па падрыхтоўцы нацыянальных каманд. У гэтым унікальным нават па еўрапейскіх мерках аб'екце пасля нядаўняй рэканструкцыі створаны ўсе неабходныя ўмовы. Намеснік дырэктара комплексу Андрэй Новікаў прызнаецца, што спартсмены, раз'язджаючы па свеце, нічога больш  буйнога не бачылі.
Пасля адзінага беларускага золата на Алімпіядзе ў Бразіліі ўвага да скачкоў на батуце рэзка ўзрасла. Узрасла і адказнасць. Таму дробязяў пры падрыхтоўцы да Японіі быць не можа. 
У распараджэнні каманды не толькі батуты. На сценах развешаны камеры. Пасля выканання элементаў атлет падыходзіць да тэлевізара і адразу ж праводзіць аналіз сваіх дзеянняў. Тут жа памочнік паведаміць усё пра амплітуду скачку і дакладнасць прызямлення. А яшчэ новыя тэхналогіі дазваляюць зрабіць від спорту менш суб'ектыўным.
 

Спартсменаў у Беларусі песцяць, таму што іх высокія дасягненні шмат у чым вызначаюць прэстыж краіны

Прэзідэнт краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, адкрываючы алімпійскі сход, яшчэ раз нагадаў пра гэта. Сёлета ў Мінску было паспяхова арганізавана кантынентальнае свята -  II Еўрапейскія гульні, дзе ў нашых атлетаў было годнае другое агульнакаманднае месца. Аднак праз сем месяцаў у Токіа Алімпіяда - там і ўзровень канкурэнцыі іншы і дысцыпліны іншыя. Аляксандр Лукашэнка, адзначаючы перамогі весляроў, пяціборцаў і штангістаў, незадаволены шматлікімі іншымі відамі. 

А. Лукашэнка: Важна падвесці кожнага спартсмена да максімальнага выніку

На сёння беларусы заваявалі 65 ліцэнзіі ў Токіа, дакладвае міністр Сяргей Кавальчук. 2019 год вельмі важны з пункта погляду адбору на Гульні. Але не ўсе каманды змаглі дасягнуць выніку. Барцы вось істотна недабралі - галоўная медальная сіла мінулых Гульняў у Рыа, у баксёраў кандыдатаў на добрае выступленне таксама няшмат. Каманда нядаўна адпрацавала на турніры ў Мінску. Трэнер прызнаецца, што перад хуткім ліцэнзійным стартам мела месца сур'ёзная размова.
Вядома, шанцы паправіць становішча з ліцэнзіямі яшчэ ёсць. У 14 відах спорту кваліфікацыйны адбор працягнецца ў 2020 годзе. Калі ж падводзіць прамежкавыя вынікі бягучага года, то на чэмпіянатах свету і Еўропы беларусамі заваяваныя 66 медалёў, з іх у алімпійскіх дысцыплінах 24. У неафіцыйным сусветным рэйтынгу Беларусь займае 28-е месца па якасці заваяваных медалёў, 29-е - па колькасці і 21-е месца па ачках за 1-8 месцы. 
Аднак усяго 8 медалёў, што прывезлі беларусы менавіта з планетарных форумаў,  лічба сціплая за 7 месяцаў да старту Алімпіяды ў Токіа, падкрэслівае Прэзідэнт.

Веславанне на байдарках і каноэ - стабільны пастаўшчык узнагарод

А вось байдаркі і каноэ паказалі сябе з лепшага боку. Трэнер Уладзімір Шантаровіч гаворыць, што нічога лепшага, чым упартая  праца для дасягнення выніку, не прыдумалі. 
Вынік - ключавое паняцце не толькі ў спорце.  Віктар Лукашэнка, саветнік  Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, як ніхто іншы разумее гэта. За яго плячамі каласальны вопыт у стратэгічна важным кірунку: забеспячэнні спакою беларускіх грамадзян. Зараз Віктар Лукашэнка яшчэ больш паглыблена зоймецца прасоўваннем алімпійскіх ідэалаў, прынцыпаў справядлівай барацьбы. Сёння менавіта ён быў выбраны першым віцэ-прэзідэнтам НАК - вынік  галасавання ўдзельнікаў алімпійскага сходу.

Стайкі - сучасная база для падрыхтоўкі

Вяртаемся ў Стайкі. Аб тым, што нашым спартсменам няма на што скардзіцца, гавораць не толькі залы і сучасны інвентар. Ідэальныя ўмовы - гэта і аднаўленчы комплекс. Масаж і лазневыя працэдуры дазваляюць выгнаць малочную кіслату з арганізма і быць гатовым да яшчэ больш сур'ёзных нагрузак.
Аб нагрузках могуць шмат  расказаць  штангісты. Стайкі  для іх наогул дом родны. Шкада толькі, што маючы баяздольны калектыў, на Алімпіяду паедуць толькі два чалавекі. Старыя допінгавыя грахі не пускаюць. Сярод тых, хто жадае ў Токіа,  і Вадзім Стральцоў - сярэбраны прызёр Рыа.  Выберуць таго,  хто рэальна прэтэндуе на медаль. 
Для таго, каб праца давала максімальны эфект, Стайкі  пераўтварылі ў Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі - ён стаў домам для шматлікіх нацыянальных каманд, цэнтрам упраўлення. Нават кухары тут працуюць на спартыўны вынік: лічаць калорыі. 
Заходзім у засекі. І сапраўды,  тут прысутнічае ікра. Малочная прадукцыя ўся з нізкім утрыманнем тлушчу. Садавіна - куды ж без яе. А вось гранат, пазначаны  ў меню. 
Спартсмены выконваюць пякельныя нагрузкі, і сутачны калараж у іх куды больш, чым у звычайных людзей або нават фізкультурнікаў. Таму не здзіўляйцеся, усё,  што пазначана ў меню, з'ядаецца. Нікога ўпрошваць не прыходзіцца. 

Перспектывы каралевы спорту

Менавіта лёгкай атлетыцы і плаванню Прэзідэнт сёння надаў павышаную ўвагу: а як інакш, бо два самыя багатыя на медалі    віды  спорту на мінулых планетарных форумах не парадавалі. 
І,  звяртаючыся да лёгкаатлетаў,  Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае: пра апраўданні, звязаныя з высокай тэмпературай у Досе, і чуць не жадае: Прэзідэнт, знаходзячыся з рабочым візітам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, на сабе асабіста прачуў - у такіх умовах спаборнічаць можна.
Са справаздачай аб праробленай працы ў плыўцоў выступіла старшыня профільнай федэрацыі Эла Сіліцкая: надзея на Токіа - Ілья Шымановіч і Анастасія Шкурдай.

Легендарныя спартсменкі Аляксандра Герасіменя і Кацярына Крастэн са спорту не сыходзяць

Дарэчы, Аляксандра Герасіменя і Кацярына Крастэн  былі ўзнагароджаныя сёння ганаровымі знакамі Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Легенды са спорту не сыходзяць:  Аляксандра перадае веды юным атлетам у сваім клубе, Кацярына  Карстэн 3 студзеня вяртаецца ў Беларусь і пачынае працаваць у трэнерскім штабе зборнай. Дарэчы, у акадэмічным веславанні сёння таксама ёсць над чым працаваць.
У гістарычна нашай дысцыпліне,  мастацкай гімнастыцы, пасля ўводу ў эксплуатацыю палаца гэтага віду спорту Прэзідэнт чакае яшчэ больш аддачы
Дзяржава робіць усё,  каб атлеты паказвалі свой максімум на міжнародных стартах. Справа за самімі спартсменамі. Важна,  перш за ўсё,  навучыцца перамагаць сябе.

А. Лукашэнка: Калі ў Токіа не будзе выніку, ніхто ў спорце з функцыянераў не затрымаецца

Да старту Алімпіяды ў Токіа 247 дзён: да найважнейшага іспыту яшчэ ёсць час падвесці сябе, і алімпійскі сход - чарговая прычына  нагадаць беларускім атлетам, што з гэтай задачай толькі яны і іх трэнеры здольныя і павінны справіцца. Мы ж,  балельшчыкі,  будзем верыць у кожнага беларуса і чакаць навіны ў  ліпені з далёкай Японіі,  што ў нас добра, слухаючы гімн краіны і любуючыся сваім флагам.