Каля 10 мільёнаў тон зерневых разлічвае сабраць Беларусь у гэтае жніво

10 августа 2017

Сёння аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.

Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ "Квасевічы" ў Івацэвіцкім раёне. За гаспадаркай замацавана 4 тысячы гектараў сельгасугоддзяў. Яна таксама спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса буйной рагатай жывёлы і збожжа. Ключавая тэма - уборачная кампанія ў цяперашніх пагодных умовах і прыманыя меры па паніжэнні страт ураджаю. Брэсцкая вобласць ужо намалаціла першы мільён тон збожжа. З гэтай нагоды Кіраўніку дзяржавы прапанавалі паспытаць каравай новага ўраджаю. Аб ходзе ўборачнай кампаніі далажыў міністр сельскай гаспадаркі. Нагадаем, па даручэнні Прэзідэнта масавы збор павінен завяршыцца 20 жніўня. Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, дзяржзаказ па збожжы будзе выкананы ў поўным аб'ёме.

У пачатку тыдня Кіраўнік дзяржавы анансаваў свой графік. Наперадзе маніторынг развіцця рэгіёнаў, шэраг рабочых паездак. Акрамя Брэсцкай, Прэзідэнт плануе наведаць Магілёўскую і Віцебскую вобласці. Праблемныя гаспадаркі ў кожным рэгіёне - адно з прыярытэтных пытанняў. Сёння не абышлося без экспромтаў. Прэзідэнт раптам змяніў маршрут і наведаў гаспадарку "Косава", якую прылічаюць да няпростых. Там Аляксандр Лукашэнка пабываў на полі і пагутарыў з камбайнерскім экіпажам. Ірына і Мікалай Харужыя - з дынастыі хлебаробаў.

Праца ў полі для іх сямейная традыцыя! Сын трактарыст, бацька Мікалая больш як паўстагоддзя прапрацаваў механізатарам. Пагутарыўшы з Кіраўніком дзяржавы, хлебаробы, імкнучыся не губляць ні хвіліны каштоўнага ў гарачую пару часу, адправіліся працягваць уборку ўраджаю. А вось стыль і тактыка рабочых паездак Прэзідэнта нязменныя. У поле зроку Аляксандра Лукашэнкі трапляюць не толькі запланаваныя праграмай аб'екты. Мэта зразумелая - дасканала вывучыць сітуацыю на месцах і прааналізаваць, як выконваюцца прынятыя рашэнні. Такі падыход падганяе мясцовыя ўлады працаваць больш эфектыўна. З незапланаванага ў праграме апынулася і наведванне малочна-таварнай фермы "Старажоўшчына". Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду адшукаць сродкі, каб прывесці яе ў ідэальны стан. У цэлым, размова аб выкананні плана будаўніцтва малочна-таварных комплексаў у Беларусі ішла і на ферме "Квасевічы". Прэзідэнт даручыў завяршыць іх узвядзенне за гэты і наступны год. Пры гэтым пабудаваныя фермы павінны быць эфектыўнымі і па аб'ёме выпусканага малака. Яшчэ адно важнае пытанне - захаванасць кармоў. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў вярнуцца ў ААТ "Косава" ў лістападзе і праверыць выкананне дадзеных ім даручэнняў. Усе падрабязнасці - увечары ў "Панараме".