Ахова межаў стала тэмай грунтоўнай размовы ў Прэзідэнта

4 февраля 2019

Гарантаванне нацыянальнай бяспекі - галоўнае ў пагранічнай палітыцы Беларусі. Ахова межаў сёння стала тэмай грунтоўнай размовы ў Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржмяжы. З гэтай працэдуры пачынаецца год для пагранічнай службы краіны. Прыярытэты для ведамства вызначаны. Асаблівая ўвага - бяспецы, развіццю інфраструктуры і выразная, суладная праца падчас II Еўрапейскіх гульняў. Сітуацыя на мяжы сярод найважнейшых пытанняў дзяржпалітыкі. Сёння ўжо ўсе разумеюць: бяспека - прыярытэтная задача для любой дзяржавы. Сітуацыя ў свеце нестабільная - узброеныя канфлікты, нелегальная міграцыя, наркатрафік і кантрабанда. Усё гэта абавязвае быць вельмі пільнымі. Пры гэтым, узводзячы надзейны заслон знешнім пагрозам, неабходна стварыць усе ўмовы для законапаслухмяных турыстаў і тых, хто транзітам накіроўваецца праз нашу краіну. Зрэшты, эфектыўнасць аховы мяжы павышаецца. Актыўна выкарыстоўваюцца і новыя тэхналогіі. Ідзе планавая мадэрнізацыя і ўзмацненне межаў. Чаго варты спакой на знешнім контуры - раскажа Наталля Брэвус.

"Вось такое ўсёвідушчае вока", - жартуюць пагранічнікі. Дзяжурны ведае, дзе знаходзяцца атрады, ды і парушальнік адразу як на далоні. А што рабіць – па-іншаму на кардоне сёння ніяк. Тым больш што застава "Ліпінкі" асаблівая - ахоўвае межы краіны адразу ў двух напрамках. 15 км з польскім бокам і 17 - з украінскім. Летась на заставе прайшла мадэрнізацыя. Наспела, бо апошні раз капітальны рамонт тут быў больш як 30 гадоў таму. Зараз і ўмовы службы лепшыя ды і мяжа пад яшчэ большым кантролем. Трэнд на абнаўленне ва ўсёй пагранічнай службы. Так, гэта каштуе грошай, але бяспека даражэйшая. Ідзе планавая мадэрнізацыя і ўзмацненне кардона. Узводзяцца новыя тэхнічныя сістэмы аховы на мяжы з Літвой, Латвіяй і Украінай. Тут, на беларуска-польскім участку, мадэрнізаваны сігналізацыйны комплекс. Аналагічныя работы зараз вядуцца і на ўчастку ўкраінскім. Калі што - адчувальная сістэма спрацоўвае імгненна. Часам парушальнікамі становяцца дзікія звяры, але часцей за ўсё нелегалы.

Новы год пагранічнікі пачынаюць з ужо традыцыйнага моманту - беларускі лідар зацвярджае рашэнне на ахову дзяржмяжы. Гэта не проста фармальнасць, а важны момант і магчымасць для глабальнага погляду на нацыянальныя межы. Час не стаіць на месцы, міжнародная сітуацыя пастаянна мяняецца, прымушаючы трымаць вуха востра. Таму сустрэча - магчымасць (калі гэта трэба) адкарэкціраваць стратэгію бяспекі на знешнім контуры.

Пагранічную службу Аляксандр Лукашэнка добра ведае знутры, але ў статусе Прэзідэнта і Галоўнакамандуючага кожны год вяртаецца да гэтай тэмы. Бо з мяжы не проста пачынаюцца першыя метры беларускай зямлі, калі глабальна - пачынаецца наш агульны дом. Ад таго, наколькі абаронены знешні контур, залежыць спакой кожнага ў гэтым доме.

Больш спакойна вакол не становіцца. Хапае праблем - ад незаконнай міграцыі да наркатрафіку. Літаральна на днях у пачатку лютага беларускія пагранічнікі затрымалі на чыгуначным вакзале арганізатара інтэрнэт-магазіна па продажы наркотыкаў. Ён стварыў лабараторыю па вытворчасці амфетаміну. Прэкурсары для вырабу псіхатропу прывозіў з Украіны. Больш за паўкілаграма парашку для вытворчасці наркотыку знайшлі ў рэчах. А ўжо ў доме ў падазронага выявілі яшчэ тры з паловай кілаграмы забароненых рэчываў. Але нават гэты выпадак - гэта кропля ў моры вялікай статыстыкі за 2018-ты. Нашымі пагранічнікамі затрымана звыш 450 кілаграмаў наркотыкаў, што практычна ў чатыры разы больш, чым раней. Плюс да гэтага спрацавалі і мытнікі: на іх рахунку яшчэ 225 кілаграмаў канфіскаваных забароненых рэчываў. Гэта пры тым што расійская мытня (з улікам вялізнай працягласці знешняга контуру суседняй краіны) выявіла і таго менш - 210 кілаграмаў.

 

Манеўраныя групы, якія зараз фарміруюцца, - гэта проста кажучы "магутны кулак". Здольны хутка і выразна даць адпор парушальнікам дзяржмяжы. Такія ўжо дзейнічалі і ў савецкія поры, і на заранку незалежнасці. І калі ўжо дзяржава ідзе на павелічэнне колькасці памежнай службы, то не бяздумна і толькі дзеля бяспекі і магчымасці вокамгненна рэагаваць на пагрозу. Асабліва на ўкраінскім кірунку. Такі павеў часу – дык чаму б не ўспомніць лепшы вопыт?

Не выпадкова пад асаблівай увагай менавіта паўднёвы кірунак. А што рабіць, прыходзіцца трымаць у галаве патэнцыяльную пагрозу. Бо калі генпракурор Украіны ў адным з інтэрв'ю агучвае звесткі, што па тэрыторыі іх краіны ходзіць да 5 мільёнаў нелегальных "ствалоў", то хочаш не хочаш задумаешся аб бяспецы.

А на гэтым відэа спроба вось так папросту прабрацца ў Еўрасаюз. Не атрымалася! На ўчастку адказнасці Смаргонскай пагрангрупы былі затрыманыя 5 грамадзян Ірака, якія спрабавалі трапіць для пачатку ў Літву, а потым і ў іншыя краіны ЕС. У спецаперацыі былі задзейнічаныя літоўскія вартавыя мяжы. Гора-мігранты змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Якім чынам нелегалы апынуліся ў нашай краіне, высвятляюць. Не выключана, што садзейнічанне ім аказвалі "правадыры", якім атрымалася схавацца. У 2018 годзе перарвана 40 каналаў перапраўкі транзітных мігрантаў. Нелегалы з Конга, Нігерыі, Пакістана і Туркменістана. Затрымана 57 іх арганізатараў і памочнікаў. Плынь нелегалаў істотна павялічылася сёлета (+57 %), асабліва гэта прачулі, пакуль ішоў футбольны чэмпіянат у Расіі. Усяго летась затрымана 457 чалавек, якія спрабавалі патрапіць у Еўрасаюз праз Беларусь. Але беларускі "памежны фільтр" працуе як гадзіннік. Здаецца, так і трэба. Можа таму і не спяшаюцца еўрапейскія партнёры з дапамогай.

Знаходзячыся паміж Захадам і Усходам, Беларусь - як паміж двух агнёў. Але атрымліваецца "трымаць марку" надзейнага прадказальнага партнёра. Даецца гэта няпроста. Аднак намаганні беларускага боку даюць свае вынікі, і эфектыўнасць аховы мяжы павышаецца.

Самалёт яшчэ не паспеў вылецець у Мінск, а пагранслужбе ўжо вядома ўсё пра пасажыраў, якія прылятаюць. Галоўная задача для ведамства - не толькі аператыўна аформіць дакументы і праверыць пашпарт, але важна пазбегнуць чэргаў. Чакаецца, што сёлета пасажыраплынь праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск" дасягне 5-ці мільёнаў. Традыцыйна пік загружанасці галоўнай паветранай гавані чакаецца ўлетку. Пакуль падарожнікі толькі ляцяць у самалёце, тут, на зямлі, разумная сістэма кіравання пасажыраплынню размяркоўвае чаргу так, каб яна была мінімальнай падчас праверкі пашпартоў.

Тэндэнцыя апошніх гадоў - лік людзей і паток транспарту праз беларускую мяжу толькі плюсуе. Адбіваецца і бязвіз, і тое, што перавозчыкі ацанілі зручны і надзейны транзітны маршрут праз Беларусь. Мадэрнізацыя пунктаў пропуску, работа над тым, каб яны не станавіліся "бутэленым рыльцам" для турыстаў - на гэта накіраваныя намаганні. Каб магчымасцяў для наведвання краіны было ўсё больш, а часу, праведзенага на мяжы, усё менш.

Па выніках грунтоўнай размовы Прэзідэнт зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржмяжы. Прыярытэты для памежнага ведамства зразумелыя: гэта і пільная ўвага да бяспекі кардона, асабліва на паўднёвым кірунку, і развіццё інфраструктуры, і выразная праца падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў.