Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Турэцкую Рэспубліку намечаны на сярэдзіну красавіка

18 марта 2019

Гэта стала вядома сёння падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і пасла Турцыі ў Палацы Незалежнасці. Беларускі лідар прапанаваў кіраўніку дыпламатычнай місіі абмеркаваць пытанні і тэмы перад сваёй паездкай. Мінск заўсёды надаваў асаблівую ўвагу адносінам з Анкарой: палітычныя і эканамічныя сувязі дзвюх краін прыкметна памацнелі за апошнія гады. Так, за 2018-ты тавараабарот дасягнуў амаль мільярда долараў. Пры гэтым прыкметна падрос беларускі экспарт - на 140 працэнтаў. Вядзецца работа і па стварэнні зборачных цэхаў прадпрыемстваў "Амкадор" і "Гомсельмаш" на тэрыторыі Турэцкай Рэспублікі. Акрамя таго, Беларусь - адзін з ключавых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў у гэтую ўсходнюю краіну. І ўсё ж спыніцца на дасягнутым - значыць страціць перспектывы ўзаемнага росту. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: неабходна размаўляць і вырашаць усе пытанні. 

Пасля сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы пасол Турцыі падзялілася c журналістамі і сваім бачаннем развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін. Па словах дыпламата, падчас афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі могуць быць рэалізаваныя тры новыя праекты. Плануецца правесці і вялікі бізнес-форум, на якім дзелавыя колы дзвюх краін змогуць заключыць новыя кантракты. 

Кезбан Нілвана Дарама, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турцыі ў Беларусі: "Мы з беларускім бокам супадаем у меркаванні па развіцці супрацоўніцтва. Яно ахоплівае такія пытанні, як павелічэнне авіярэйсаў, што ажыццяўляюць авіякампаніі дзвюх краін, развіццё гандлёва-эканамічных адносін у больш збалансаваным разуменні, рэалізацыя мер падтрымкі для таго, каб прыцягнуць большую колькасць турэцкіх інвестараў у эканоміку Беларусі, развіццё адносін у сферы турызму".

Дыпламатычным адносінам Беларусі і Турцыі ўжо больш чым 25 гадоў. Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган перыядычна абменьваюцца візітамі, апошні з якіх адбыўся тры гады таму. Прымалі ўдзел абодва лідары і ў форуме "Адзін пояс - адзін шлях" у Пекіне. А сёлета ў лютым палітыкі сустрэліся ў рамках нефармальных зносін у Сочы.