Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў КНР завяршыўся

17 июля 2013
Другі дзень перагавораў атрымаўся не менш насычаным і плённым, чым папярэдні. Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета Лі Кэцянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Юй Чжэншэнам. Размова ў першую чаргу ішла аб эканоміцы. Менавіта яна, на думку беларускага лідара, павінна стаць фундаментам супрацоўніцтва.

Імкненні бакоў аднолькавыя - развіваць адносіны больш інтэнсіўна, надаючы новыя імпульсы і пашыраючы сферы супрацоўніцтва. Зрэшты, тое, што Мінск і Пекін глядзяць у адзін бок - бок стратэгічнага партнёрства - стала зразумела напярэдадні, у асноўны дзень перагавораў.

Беларускі лідар сустракаўся са Старшынёй КНР Сі Цзыньпінам. Зусім хутка сваю ацэнку ўсім дасягнутым дамоўленасцям дадуць эксперты, але ўжо сёння ёсць лічбы, якія гавораць самі за сябе - 36 дакументаў на агульную суму амаль 1,5 мільярда долараў. З такім прыемным багажом беларуская дэлегацыя вяртаецца з Пекіна.

Больш падрабязна аб сустрэчах і кантрактах - Іван Міхайлаў.

Другі і заключны дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай апынуўся больш чым насычаным. Зададзены ўчора, падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са сваім кітайскім калегам тон, калі лідары дзвюх краін абвясцілі аб вывядзенні адносін паміж імі на новую прыступку, сёння атрымаў свой працяг. Першая сустрэча Кіраўніка беларускай дзяржавы была прысвечана эканоміцы. Аляксандр Лукашэнка праводзіць перагаворы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам.


На палітычнай арэне паміж Беларуссю і Кітаем праблем не было ніколі. Заўсёды і ва ўсіх міжнародных арганізацыях краіны дзейнічаюць у адным звязку, не раз дэманструючы супольнасць пазіцый па самых складаных міжнародных праблемах. А вось у эканоміцы развівацца ёсць куды, і, на думку Аляксандра Лукашэнкі, менавіта гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляецца асновай у развіцці адносін Беларусі з Кітаем.

Паводле слоў Прэзідэнта, Кітай павінен ісці ў Еўропу. Беларусь можа стаць яго правадыром, першым чынам, эканамічным. Рэспубліка асабліва зацікаўленая ў прыцягненні інвестараў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі атрымаецца паспяхова ўвасобіць у жыццё гэты маштабны праект, які не мае аналагаў у Еўропе.


Пазней Кіраўнік дзяржавы адправіўся на яшчэ адны перагаворы. Гэтым разам са старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Юй Чжэншэнам. Мабыць, гэта самая аўтарытэтная грамадская арганізацыя краіны. Гэтакі савет старэйшын, дарадчы орган, пры кіраўніцтве КНР, у які ўваходзяць прадстаўнікі партый, грамадскіх арганізацый, дзелавых колаў, вядомыя грамадскія дзеячы. Зразумела, што ад пазіцыі камітэта залежаць многія рашэнні ў краіне, і Прэзідэнт Беларусі заяўляе пра тое, што разлічвае на яго падтрымку ў развіцці адносін Беларусі з Кітаем.


Плённыя перамовы ў Пекіне правялі і члены беларускай дэлегацыі. Па іх выніках падпісана больш як 30 двухбаковых дакументаў коштам каля 1,5 мільярда долараў. Напрыклад, Беларусь і Кітай дамовіліся стварыць інтэлектуальную сістэму маніторынгу лагістычных патокаў.

Нядрэнныя перспектывы на кітайскім рынку і ў БелАЗа. Горназдабыўная прамысловасць КНР патрабуе кар'ерных самазвалаў вялікай грузападымальнасці - ад 130 да 320 тон. Беларускія машыны адказваюць усім сучасным патрабаванням. Як вынік - падпісаны кантракт на пастаўку 10 машын і запасных частак на $3 млн.

Вялізныя планы ў краін і ў галіне будаўніцтва. Бакі дамовіліся пра тое, што ў найбліжэйшыя гады маюць намер рэалізаваць праекты ў будаўніцтве на $1 млрд. Больш за тое, бакі плануюць стварыць фотагальванічную электрастанцыю, якая будзе пастаўляць электраэнергію для прадпрыемства Гомельшкло. Кошт праекта ацэньваецца $70 млн.


На пляцоўцы Беларускага цэментавага завода плануецца арганізаваць вытворчасць дэкаратыўных пліт і штучнага каменя. Сума інвестыцый $60 млн. Прадоўжаць разам краіны будаваць і жыллё ў Беларусі. У тым ліку і энергазахавальнае.


Фундамент усіх гэтых пагадненняў быў закладзены ўчора, калі Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзыньпін дамовіліся распрацаваць дарожную карту па развіцці ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і падпісалі адпаведную дэкларацыю. Як чакаецца, яна стане дарожнай картай і асноўным дакументам у двухбаковых адносінах на найбліжэйшыя гады.


Сёння тавараабарот паміж краінамі складае 3 млрд долараў. Але эксперты ўпэўненыя - у найбліжэйшыя гады гэтую лічбу можна падвоіць. Прынамсі, і палітычная воля кіраўніцтва абедзвюх краін, і настрой бізнесу гавораць пра гэта.