Афіцыйны візіт беларускага лідара ў Судан

16 января 2017

Наступным пунктам у маршруце борта № 1 стала афрыканская дзяржава - Судан. Падзея знакавая  - гэта першы афіцыйны візіт беларускага лідара ў гэтую краіну.  Найбліжэйшыя дні  тут будуць палітычна   насычаныя. Ужо сёння Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з прэзідэнтам Судана  Амарам аль-Башырам. Асноўныя ж  перамовы  пройдуць  заўтра. У Хартуме адбудзецца і беларуска-суданскі дзелавы форум. Акцэнт, перш за ўсё, на эканамічны складальнік. Бакі вызначаць і новыя кірункі ў развіцці адносін дзвюх  краін, і пэўныя крокі па іх рэалізацыі. Па выніку плануецца падпісаць вялікі  пакет кантрактаў. Чым Беларусь цікавая Судану? З Хартума -  рэпартаж  Вольгі Макей.

Вялікі Ніл, вядомы шматлікім еўрапейцам толькі з падручнікаў геаграфіі - адна з самых доўгіх рэк у свеце, апярэджвае толькі Амазонка. Ён цячэ па тэрыторыі дзесяці краін. Але тут, менавіта ў сталіцы Судана,  два прытокі  - Белы і Блакітны Ніл зліваюцца разам. Менавіта дзве ракі і далі назву галоўнаму гораду гэтай краіны.  Гавораць,  на карце  гэтае зліццё нагадвае "хобат слана", што на арабскай гучыць як Хартум.  

Ніл цячэ павольна, чаго не скажаш пра рух у Хартуме. І хоць папулярныя тут маленькія мотарыкшы, заторы  бываюць не радзей чым у сусветных мегаполісах.

Хартум лічыцца адным з самых гарачых гарадоў свету. Днём на тэрмометры -  плюс 36. У краіне, дзе большая  частка - гэта пустыня, ведаюць цану вадзе. У горадзе нярэдка можна сустрэць такія гліняныя гарлачы для пітва, гэта традыцыя яшчэ са старажытных пор.

Урадлівыя землі Ніла - важкая частка эканомікі Судана. Тут вырошчваюць  бавоўну, арахіс, цукровы трыснёг і шматлікае іншае. Вядома, сельскай  гаспадарцы патрэбна  тэхніка. Уласнай вытворчасці трактароў або камбайнаў тут пакуль няма, таму ў Беларусі Судан бачыць перспектыўнага партнёра.

Трактары мінскага завода тут ужо называюць  "лакаматывам" развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. У планах - наладзіць у афрыканскай краіне сумесную зборку тэхнікі. Ну а пакуль беларускія машыны прадаюць у самым цэнтры Хартума, насупраць салона з іншамаркамі.

Махамед Абдэль Азім,  дырэктар кампаніі па продажы сельгастэхнікі і абсталявання:

"Зараз мы прадаём цэлы шэраг мадэляў беларускіх трактароў і ўваходзім у тройку лепшых дыстрыб’ютараў у Судане. Дзякуючы якасці ваша тэхніка атрымала тут шырокую вядомасць. І зараз мы зацікаўленыя  падпісаць пагадненне з МТЗ аб стварэнні зборачнай вытворчасці. Тэрытарыяльна пляцоўка размешчана за  15 км ад Хартума. Горад знаходзіцца ў цэнтры краіны, таму адгэтуль будзе лёгка арганізаваць пастаўкі ў іншыя часткі Судана. Мы таксама жадаем прадставіць вялікія трактары, якія працуюць вытворчасцях цукру, магутнасцю 200-250 конскіх сіл. Гэтыя трактары ўжо даказалі сваю якасць, паказалі сябе з добрага боку ў цукровай індустрыі ў Паўднёвай Амерыцы. Акрамя таго, мы  зацікаўленыя ў супрацоўніцтве закупу калійных угнаенняў".

Вядома, Мінск і Хартум зацікаўленыя ў павелічэнні абмену таварамі, але важны не толькі гандаль. Дзве краіны плануюць развіваць кааперацыю ў самых розных сферах.

Судан - на трэцім месцы сярод афрыканскіх дзяржаў па золатаздабычы. У нетрах - і адзін з самых каштоўных тавараў на планеце - нафта. Гэтай галіне патрэбны не толькі  інвестыцыі, але і  тэхналогіі. У Судане больш за  20  участкаў з даказанымі запасамі нафты, гатовым  для правядзення работ. Менавіта вопыт беларускіх геолагаразведчыкаў  сёння цікавы афрыканскай дзяржаве.

Сяргей Рачкоў,  Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце і Судане па сумяшчальніцтве:

"Судан зацікаўлены,  каб мы прыйшлі  са сваімі тэхналогіямі ў галіне  геолагаразведкі і нафтаздабычы. Наша прадпрыемства, якое займаецца разведвальнымі працамі,  плануе наведаць Судан і прыступіць да выканання шэрагу прац. Мы  жадалі б прасунуць нашу кар'ерную тэхніку. Спадзяёмся,  наша тэхніка будзе далучана  да распрацоўкі радовішчаў,  у тым ліку і золата".

Сярод перспектыўных сфер для супрацоўніцтва - лёгкая прамысловасць і фармацэўтыка. Судан зацікаўлены  набываць   беларускія лекі, медабсталяванне,  павышаць кваліфікацыю сваіх урачоў у Беларусі. 

Зрэшты, для таго, каб рэалізаваць задуманае,  і сустракаюцца лідары краін. Прэзідэнт Судана ў Беларусі быў у 2004  годзе. Гэта  быў не толькі першы афіцыйны візіт у гісторыі дзяржаў, але і першы візіт Амара аль-Башыра ў гэты рэгіён.  Тады на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Судана распавёў аб планах: яго краіне патрэбныя  найноўшыя тэхналогіі  і будаўніцтва новых аб'ектаў эканомікі.

Апошнія тры гады    сталі самым актыўным этапам супрацоўніцтва. Мінск і Хартум увялі ў практыку штогадовыя палітычныя кансультацыі, наладзілі сувязь паміж міністэрствамі.  Зараз, калі паміж дзвюма  краінамі знойдзены пункты судакранання,  прэзідэнт Судана запрашае ў Хартум беларускага лідара. Амар аль-Башыр асабіста сустракае Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце. У вялікай палітыцы - гэта вялікая рэдкасць і знак асаблівай павагі госцю.

У гэтай краіне Аляксандр Лукашэнка з першым афіцыйным візітам. Палітыкаў вітаюць суданскія дзеці. Сімвалічна, бо менавіта іх пакаленню трэба будзе  развіваць адносіны Мінска і Хартума. Пра тое, наколькі важнага партнёра тут бачаць у Беларусі,  гавораць дыпламатычныя фішкі, якія чалавек неазнаёмлены  наўрад ці  заўважыць. Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнай цырымоніі - справа ад Амара аль-Башыра. У арабскіх краінах - гэта таксама знак асаблівай павагі. Да сустрэчы сур'ёзна рыхтаваўся і прэзідэнцкі аркестр. Гімн Беларусі суданскія музыканты выконваюць упершыню.

Ужо пасля афіцыйнай цырымоніі палітыкі правядуць кароткую гутарку. Асноўныя перамовы  адбудуцца  заўтра. Не выключана, што па выніку будзе падпісаны вялікі пакет кантрактаў, агульная сума якога перавысіць гадавы тавараабарот. Але важныя не толькі подпісы пад дакументамі, але і трывалыя кантакты, не толькі палітычныя, але і дзелавыя. А іх Мінск і Хартум умацуюць на бізнес-форуме, які стартуе заўтра.