Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Арменію адбыўся напярэдадні 20-годдзя дыпламатычных адносінаў паміж краінамі

13 мая 2013

Наш спецыяльны карэспандэнт у Арменіі Сяргей Гусачэнка  - аб партнёрскіх адносінах і падрабязнасцях работы беларускай дэлегацыі. 


Пасля пахмурнага і дажджлівага тыдня -  у Ерэване ясна і сонечна. Армяне жартуюць, што беларусы прывезлі ў сталіцу надвор'е. Праліць святло на эканамічнае ўзаемадзеянне павінна была сустрэча лідараў, якія не раз адзначалі, што ўзаемных праектаў можа быць значна больш. Тавараабарот і сапраўды пакуль вызначаецца  сціплымі лічбамі: летась не нагандлявалі і на 100 млн  долараў. Так што пагаварыць прэзідэнтам было пра што.


Сяржук Саргсян сустракае Аляксандра Лукашэнку  ля Прэзідэнцкага палаца. Лідары нядрэнна знаёмыя і ў рамках толькі афіцыйных візітаў сустракаліся некалькі разоў. Дывановая дарожка, рота ганаровай варты і, вядома, гімны дзвюх краін - традыцыйныя атрыбуты цырыманіялу.


Пасля прадстаўлення дэлегацый прэзідэнты адпраўляюцца ў залатую залу для перамоваў у фармаце адзін на адзін. Серж Саргсян падкрэслівае асаблівы  сяброўскі характар двухбаковых адносін. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка адзначае, што Беларусь гатова аказаць падтрымку Арменіі па асноўных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.


Крыху  пазней да лідараў далучаюцца дэлегацыі. Спектр тэм,  якія абмяркоўваюцца,  шырокі: пытанні эканомікі, геапалітыкі, гуманітарных сувязяў. Прадметна разглядаецца дзейнасць міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, чарговае пасяджэнне якой адбудзецца селетнім летам. У цэнтры ўвагі - пошук новых форм узаемадзеяння: развіццё эканамічных кантактаў, у тым ліку за кошт  рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў.