Афіцыйны візіт Абдэля Фатаха аль-Сісі ў нашу краіну без перабольшання гістарычны

18 Чэрвеня 2019

Раўнапраўе, узаемная павага і давер - якасці, якія заўсёды адрозніваюць добрых сяброў ад проста знаёмых. На гэтым базісе прадоўжаць будаваць свае ўжо эканамічныя адносіны Беларусь і Егіпет. Афіцыйны візіт Абдэля Фатаха аль-Сісі ў нашу краіну  без перабольшання гістарычны. Упершыню за 27 гадоў суверэннай Беларусі лідар паўночнаафрыканскай  дзяржавы прыехаў у Мінск. Сустрэчы спрыяла і па-егіпецку камфортнае для гасцей надвор'е. У нас у краіне зараз вельмі напружаныя дні - тысячы турыстаў і спартсменаў  з усяго кантынента едуць у сталіцу і іншыя гарады. Але візіт лідара Егіпта  асаблівай важнасці. Таму перамовы доўжыліся больш за 4 гадзіны, і (што яшчэ больш важна) атрымаліся вельмі прадукцыйнымі. Сапраўдная не адліга, а нават спякота настала ў адносінах Мінска і Каіра пасля афіцыйнай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў краіну Ніла і пірамід у студзені 2017-га. З тых часоў лідары ў асабістых зносінах выкарыстоўваюць слова "сябар", а эканомікі дзяржаў прыняліся актыўна нарошчваць кантракты, сумесныя праекты і планы. Наш палітычны аглядальнік Наталля Брэвус пра тое, як будзе развівацца беларускай вектар на афрыканскіх прасторах. 

Калі б лідар Егіпта  прыехаў літаральна на некалькі дзён раней, ён бы заспеў у Мінску сапраўдную каірскую спёку. Але на гэтым тыдні прыкметна пасвяжэла. І градус ужо не такі гарачы, як на радзіме высокага госця. Зрэшты, нягледзячы на гэта, адчуць сябе, як дома,  можна было з першых хвілін цёплай і сардэчнай сустрэчы на беларускай зямлі.

Крыху пазней госці прызнаюцца: у Беларусі ім вельмі камфортна. Аляксандр Лукашэнка двойчы быў у Егіпце,   мінулы раз у пачатку 2017-га. Тады і заклалі трывалы падмурак для дыялогу,  намецілі план дзеянняў. Гэты візіт прэзідэнта Егіпта ў адказ. Трэба сказаць, што менавіта такія сустрэчы на вышэйшым узроўні становяцца драйверам двухбаковага супрацоўніцтва. Мяркуйце самі: па слядах прэзідэнцкіх перамоў  больш за  сто візітаў афіцыйных і дзелавых дэлегацый. Цяперашняя сустрэча кіраўнікоў краін дае адназначны сігнал ураду і бізнесу - тэмп не змяншаць!

Візіт праходзіць якраз  перад пачаткам вялікай спартыўнай падзеі. Знаходзячыся ў Мінску,  госці ўжо  адчулі атмасферу будучых Еўрапейскіх гульняў,  вельмі цікавіліся, як ідзе падрыхтоўка. Падчас зносін лідараў журналісты  адзначаюць цікавы момант: прэзідэнты выкарыстоўваюць выключна зварот "сябар"! Менавіта такой сяброўскай былі і атмасфера афіцыйных перамоў, і невялікая экскурсія для госця. Наш Прэзідэнт паказаў калегу савецкія сцягі - даніну нашай гісторыі ў Палацы Незалежнасці. Не менш зацікавіла і фотавыстава "Планета Беларусь", якая тут адкрылася на днях. Яе аўтар Сяргей Плыткевіч як ніхто перадаў каларыт беларускіх ландшафтаў. "Такая чыстая прырода і такая чыстая вада! Што яшчэ трэба для жыцця?" - усклікалі госці. "Бярэ за душу!" - гаварылі і прэзідэнт Егіпта, і члены яго дэлегацыі,  уражаныя  прыгажосцю нашай мірнай і спакойнай краіны.

Егіпецкі народ абраў Абдэля Фатаха аль-Сісі кіраўніком дзяржавы ў 2014-м. Краіна прайшла перыяд рэвалюцый і ўзрушэнняў - патрэбная была моцная рука. Прэзідэнт - выпускнік Ваеннай акадэміі. Зрабіў кар'еру ва Узброеных сілах, быў міністрам абароны. Трэба сказаць, што егіпецкая армія ўвесь час адыгрывала  ролю рэгулятара ва ўсіх палітычных крызісах краіны. Пачынаючы  з 2011, хваля "арабскай вясны" некалькі разоў накатвала на Егіпет. На плошчу Тахрыр не проста выходзілі сотні тысяч грамадзян - пралілася кроў.

Ваенная загартоўка паўплывала на будучага прэзідэнта. Характар, як і лінія кіраўніцтва, сёння адрозніваецца цвёрдасцю. Егіпет імкнецца нагнаць упушчанае за час ваенных канфліктаў, эканамічнага і палітычнага крызісу. І таму абапіраецца на правераных надзейных сяброў. Сярод  такіх і Беларусь. Сёння арабская дзяржава для нас не толькі найважнейшы палітычны і эканамічны партнёр на Блізкім Усходзе, але і апорны пункт на кантыненце. У цэлым  адносіны з краінамі афрыканскага рэгіёна зараз лепшыя, чым калі б то ні было.

На пасадзе прэзідэнта перад Абдэлем Фатахам аль-Сісі паўстала галоўнае пытанне - як палепшыць эканамічнае становішча 100-мільённага Егіпта.

Ён узяўся за рэформы - скарачэнне дзяржрасходаў, вырашэнне энергетычных праблем, барацьбу з беспрацоўем і невысокім узроўнем жыцця. Дарэчы, сам адмовіўся ад паловы зарплаты. Сітуацыя ў эканоміцы паляпшаецца. Менавіта Егіпет абраны старшынёй уплывовага на кантыненце Афрыканскага саюза. 

Узрушэнні выпрабоўваюць на трываласць грамадзян і палохаюць. Асабліва  турыстаў. Пасля "арабскай вясны" адчулі на берагах Чырвонага мора скарачэнне  патоку адпачывальнікаў. А менавіта турызм  залатая жыла егіпецкай эканомікі. Але не толькі ён. Ільвіная доля  ў бюджэце краіны - гэта пошліны за перасячэнне караблямі Суэцкага канала, а таксама прыбытак ад нафтагазавага сектара. Таму зараз і ўзяліся за амбіцыйныя праекты - такія, як новы Суэцкі канал (дублёр асноўнага суднаходнага шляху) і нават другі Каір (адбудоўваюць новую сталіцу). Таму тэхналогіі, вопыт, тэхніка з Беларусі  вельмі дарэчы. 

Уздоўж Ніла знайшлося месца беларускім фінансавым уліванням: летась запушчаны сумесны праект па стварэнні мазаўскай тэхнікі. Больш за паўсотні машын - толькі пачатак. Працуюць над партфелем заказаў. Дзейнічае вытворчасць камбайнаў і трактароў у Александрыі. У Каіры  працуе зборачная лінія пагрузчыкаў і сельгасабсталявання. Мінскі маторны плануе выйсці на егіпецкі рынак. 

Паводле слоў Уладзіміра Калтовіча,  Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, сустаршыні беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі, у гэтай сувязі праводзяцца перамовы на ўзроўні кіраўніцтва розных міністэрстваў і ведамстваў з мэтай вызначэння дакладных правіл гульні і ўмоў прысутнасці Беларусі на егіпецкім рынку. Рынак Егіпта вельмі канкурэнтны, і мы разумеем, што наша задача перш за ўсё заключаецца ў тым, каб мы рабілі добры прадукт па якасці і зручны па цане, адзначыў міністр.

Што тычыцца агульнага гандлю, Мінск і Каір  апошнія гады бачылі і яго ўзлёт, і падзенне. Прычыны былі розныя, але радуе тое, што ў 2018 тавараабарот дэманстраваў пазітыў. Станоўча ўплывае кааперацыя.

Усяго  паўтара дзясяткаў праектаў у прамысловасці. Гэта ўсё добра, але трэба хутчэй разгортвацца, выкарыстоўваючы моцныя бакі адзін аднаго. У нас  гэта тэхналогіі, кадры, вопыт. Усё гэта можа працаваць на індустрыялізацыю поўначы Афрыкі.

Егіпет размешчаны на тэрыторыі, 90 % якой займаюць пустыні. Пры гэтым краіна з амаль 100-мільённым насельніцтвам. Лагічна, што наш Мінсельгасхарч разлічвае на паступовае павелічэнне паставак харчавання. 

Усё, што мы захавалі, усё, што мы можам у прамысловасці або аграсектары, у сферы высокіх тэхналогій, зараз вельмі дарэчы для паўночнаафрыканскай краіны. 

Падчас перамоў у вузкім складзе дамовіліся ліквідаваць бар'еры ў гандлі. "Мы прыкладзём з нашага боку і з боку Егіпта намаганні для таго, каб зняць усялякія бар'еры ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Мы б хацелі, каб беларусы як надзейныя вашы сябры і партнёры мелі дакладную структуру і сістэму, працэдуру рэгістрацыі пастаўшчыкоў прадукцыі ў Егіпет", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Для павелічэння аб'ёмаў прадукцыі сумеснай вытворчасці, адзначыў Прэзідэнт, патрэбна стварэнне ўрадам Егіпта роўных умоў па ўдзеле ў тэндарах, размяшчэнні дзяржаўных заказаў на тавары, вырабленыя ў рамках сумесных праектаў, аказанні фінансавага садзейнічання прадпрыемствам. "Тое ж самае, мы дамовіліся з прэзідэнтам, зробім і мы са свайго боку", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі бок разлічвае разам з Егіптам ствараць прадукт і сумесна забяспечваць яго рэалізацыю, у тым ліку на знешніх рынках. "Гэта дазволіць вашай краіне павялічыць экспарт. Такі падыход выгадны як Мінску, так і Каіру", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што Беларусь выступае за свабоднае перамяшчэнне тавараў і падтрымлівае прапанову егіпецкага боку аб заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Егіптам.

Тое, што сітуацыя ў Егіпце наладжваецца, зразумела і па патоку адпачывальнікаў. Колькасць  беларускіх аматараў Чырвонага мора і пірамід вырасла ў 4 разы за апошнія два гады, напрыклад. Але Мінск прапануе, каб гэта была дарога з двухбаковым рухам - і ў нас ёсць што паглядзець. Дарэчы, сёлета ў Беларусь запрасілі на аздараўленне егіпецкіх падлеткаў, іх чакаюць у жніўні. Глядзіш, спадабаецца і ўжо пазней прыедуць студэнтамі. Больш за палову насельніцтва Егіпта - моладзь, якая хоча мець працу, а значыць, трэба вучыцца.

Што па выніках перамоў у агульнай скарбонцы Беларусі і Егіпта? Дамовіліся аб стварэнні савета дзелавога супрацоўніцтва. Бо ўрады зрабілі ўсё, справа за бізнесам - рэалізуйце праекты. Асабліва гэта выгадна рабіць у прамысловых зонах Суэцкага канала. У гэтым выпадку льготны падатковы рэжым - немалаважны бонус для прадпрымальнікаў. Падпісаны пакет з некалькіх важных дакументаў - ад пагадненняў у сферы стандартызацыі і моладзевай палітыкі да дарожнай карты супрацоўніцтва на найбліжэйшыя два гады і сумеснай заявы лідараў. 

Пра глабальнае - Мінск і Каір маюць намер прыкласці намаганні для міжнароднага міру і стабільнасці. І пра двухбаковыя інтарэсы - настроены толькі пашыраць супрацоўніцтва пад патранажам лідараў. Аляксандр Лукашэнка так і сказаў, што гэта будзе новы этап для беларуска-егіпецкіх адносін. 

Лішняе пацвярджэнне сказанаму - урачыстая цырымонія адразу пасля афіцыйных перамоў. За ўклад у развіццё дыялогу паміж краінамі Аляксандр Лукашэнка ўручыў калегу ордэн Дружбы народаў. Працаваць прыходзілася з рознымі кіраўнікамі Егіпта, але менавіта пры прэзідэнце аль-Сісі відавочны прагрэс у двухбаковых адносінах. 

Беларускія людзі вельмі талерантныя, спакойныя, працавітыя. Яны з найвялікшай павагай ставяцца да егіпецкага народа. Наша сяброўства калі і не адносіцца да тых глыбокіх часоў, калі цывілізацыя пачыналася з Егіпта, тым не менш яно мае добрыя карані,  адзначыў Аляксандр Лукашэнка.  "У Савецкага Саюза і Егіпта былі заўсёды добрыя адносіны, і мы з вамі спадчыннікі гэтых добрых традыцый", - дадаў Прэзідэнт.

Добрая традыцыя склалася ў Беларусі ў нашы дні - кожны сусветны лідар, які ўпершыню прыязджае ў краіну, высаджвае тут дрэва.  Каля Палаца Незалежнасці ўжо з’явілася міжнародная алея. Зрабіў гэта і кіраўнік Егіпта. Наш Прэзідэнт запрасіў калегу прыехаць у Беларусь зімой, убачыць краіну ва ўсёй снежнай прыгажосці. Аль-Сісі запрашэнне прыняў, зусім нечакана адзначыўшы, што  вельмі любіць зіму. Тады можна будзе пракантраляваць, як рухаецца супрацоўніцтва краін, а заадно паглядзець,  як прыжылося дрэўца. 

Наўрад ці наша  спякота параўнаецца з егіпецкай. Ды і дождж прайшоў напярэдадні, глеба вільготная. Так што прыжывецца "паўночнаафрыканка" на гэтай міжнароднай алеі без праблем. Урадлівая глеба - аснова ўсяго. Глеба, а больш дакладна, добрая аснова для эфектыўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам ёсць з падачы прэзідэнтаў.