Афіцыйнае ўступленне на пасаду Кіраўніка дзяржавы ўпершыню пройдзе ў Палацы Незалежнасці

6 ноября 2015

Меней за тры гадзіны застаецца да найважнейшага грамадска-палітычнага рытуалу - цырымоніі інаўгурацыі зноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэты рытуал пачнецца роўна апоўдні, мы пакажам яго ў прамым эфіры. Дарэчы, сама цырымонія дэталёва прапісаная ў Канстытуцыі, гарантам якой выступае Прэзідэнт. Хоць некаторыя новаўвядзенні ў ёй усё ж прысутнічаюць. Якія менавіта, спытаем у нашага палітычнага аглядальніка Андрэя Крывашэева. Ён з намі на прамой сувязі з Палаца Незалежнасці, дзе і адбудзецца цырымонія інаўгурацыі (прамое ўключэнне).

Галоўнае новаўвядзенне вы ўжо назвалі: цырымонія інаўгурацыі, г.зн. афіцыйнае ўступленне на пасаду Кіраўніка дзяржавы, упершыню пройдзе тут, у Палацы Незалежнасці. Нагадаем, што перш яна праходзіла альбо ў Авальнай зале парламента, альбо ў Зале для ўрачыстых цырымоній Палаца Рэспублікі. Месца цяперашняй цырымоніі выбрана далёка не выпадкова. Палац Незалежнасці - гэта і новы сімвал беларускага суверэнітэту, і прызнаная і вядомая ў Еўропе і свеце палітычная і дыпламатычная пляцоўка. Менавіта тут упершыню прайшлі афіцыйныя перамовы па лініі Еўразійскі саюз - Еўрапейскі саюз. Можна лічыць гэта стартам прэзідэнцкай ідэі інтэграцыі інтэграцый. Тут жа быў устаноўлены мір ва Украіне пасля найцяжэйшых перамоў лідараў Расіі, Украіны, Германіі і Францыі. Тут апошнія два гады праходзяць усе значныя нацыянальныя цырымоніі, звязаныя з суверэнітэтам Беларусі, ад ушаноўвання алімпійцаў да выпускнога балю новай беларускай навуковай, ваеннай і творчай эліты. Г.зн. з аднаго боку Палац Незалежнасці ўжо замацаваў рэнамэ пляцоўкі згоды, але з іншага прымаць інаўгурацыю ён будзе ўпершыню, а значыць, гэта свайго роду прэм'ера.

Другая важная асаблівасць - гэта атмасфера цырымоніі. Мала сказаць, што ў Палацы Незалежнасці за тры гадзіны да старту ўжо ўсё гатова да інаўгурацыі, чакаем толькі гасцей і ўдзельнікаў. Прызнаюся, мне выпадала асвятляць інаўгурацыі ў суседніх краінах. І там гэтае палітычнае дзеянне суправаджалася некаторай нервовасцю ў грамадстве і палітычным класе. У Беларусі такога няма. Інаўгурацыя праходзіць у вельмі спакойнай атмасферы. Шокавых змен не чакае ні грамадства, ні бізнес. Урад у асноўным сфарміраваны за год да выбараў, новая эканамічная стратэгія, прапісаная ў перадвыбарных абяцаннях Аляксандра Лукашэнкі, падтрымліваецца абсалютнай большасцю выбаршчыкаў. Нагадаем, за дзеючага Прэзідэнта і яго праграму прагаласавала больш за 83% пры вялізнай яўцы.

І яшчэ некалькі слоў пра тое, што будзе адбывацца падчас цырымоніі. Ізноў абраны Прэзідэнт у прысутнасці шматлікіх гасцей: вышэйшых кіраванцаў, палітыкаў, замежных дыпламатаў, лідараў грамадскіх аб'яднанняў, духавенства і ветэранаў - прынясе прысягу на Канстытуцыі і падпіша адпаведны акт. Затым старшыня Цэнтрвыбаркама ўручыць Прэзідэнту пасведчанне. Беларускі лідар звернецца да прысутных і ўсіх беларусаў з кароткай прамовай. Далей цырымонія перамесціцца на плошчу Дзяржаўнага флага - яна тут побач. Там Аляксандр Лукашэнка як галоўнакамандуючы прыме клятву вернасці вайскоўцаў беларускаму народу і Прэзідэнту.

І яшчэ дадам, што цырымонія інаўгурацыі ў Беларусі заўсёды завяршае палітычны і эканамічны цыкл, але пры гэтым адкрывае новы. Наперадзе нас чакае канчатковае фарміраванне ўрада, новая стратэгія развіцця Беларусі на год і пяцігодку і падрыхтоўка да наступнага палітычнага выпрабавання - парламенцкіх выбараў. Так што цырымонія - гэта сапраўды важны пункт старту новай эпохі ў палітыцы, эканоміцы, грамадскім развіцці і ўмацаванні беларускага суверэнітэту і незалежнасці.

На гэтым у мяне пакуль усё. Чакаем прыбыцця гасцей і пачатак цырымоніі. Усе падрабязнасці - у прамой трансляцыі і найбліжэйшых выпусках навін.