Работа са зваротамі грамадзян, падрыхтоўка да Паслання i выбараў. Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком Адміністрацыі

14 марта 2019

Выкананне даручэнняў Прэзідэнта  і работа са зваротамі грамадзян, падрыхтоўка да Паслання і да важных палітычных кампаній.  Гэтыя тэмы сёння сталі ключавымі падчас сустрэчы  Аляксандра Лукашэнкі  з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта  Наталляй Качанавай. Асноўная ўвага -  разгляду пытанняў і зваротаў, у прыватнасці, тых, што паступілі напярэдадні "Вялікай размовы з Прэзідэнтам". Ні адзін запыт не павінен застацца без увагі. Зрэшты, шырокая грамадская ўвага ў найбліжэйшыя гады будзе прыкавана і да палітычных кампаній. Наперадзе сур'ёзны перыяд падрыхтоўкі да выбараў. 

Вольга Макей прадоўжыць.

Сустрэчы з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта ў графіку Кіраўніка дзяржавы часта. Важна, як кажуць, трымаць руку на пульсе. Адміністрацыя - гэта своеасаблівая лакмусовая паперка не толькі працы дзяржорганаў і выканання даручэнняў, але (што больш важна)  і зваротная сувязь з грамадствам. Бо туды паступае вялізная колькасць зваротаў, кожны з якіх важна трымаць на кантролі і вырашаць.

Менавіта работа са зваротамі грамадзян - першае, на чым Аляксандр Лукашэнка робіць акцэнт падчас сустрэчы. Узяць толькі "Вялікую размову  з Прэзідэнтам". Гэты дыялог выклікаў шырокі рэзананс,  а таксама дапамог выявіць праблемы, якія хвалююць беларускае грамадства, і пачуць меркаванні экспертаў з самых розных сфер. Як раз зараз усе вынікі гэтай сустрэчы дэталёва аналізуюць у Адміністрацыі Прэзідэнта.

Напярэдадні маштабнага мерапрыемства на адрас інфармагенцтва БелТА, якое праводзіла акцыю "Ваша пытанне Прэзідэнту", паступіла каля 3 000 паведамленняў. 

Такая зваротная сувязь з людзьмі - важная частка падрыхтоўкі і да Паслання Прэзідэнта народу і парламенту. Гэта традыцыйны зварот Кіраўніка дзяржавы. Беларусы чакаюць, таму Аляксандр Лукашэнка патрабуе работу над дакументам не адкладаць на доўгі час. Зрэшты, у яго аснову лягуць і вынікі "Вялікай размовы". А ўсе звароты,  якія паступілі ў адрас Прэзідэнта, ужо сістэматызавалі і перадаюць у дзяржорганы і рэгіёны.

А вось наступныя два гады, як не раз гаварыў Прэзідэнт, стануць іспытам для ўсёй вертыкалі. Наперадзе сур'ёзная падрыхтоўка да электаральных кампаній.

Падчас размовы з журналістамі Наталля Качанава скажа: адрозненняў паміж электаральнымі гадамі і звычайнымі  няма. Усе задачы і пытанні будуць вырашацца, нягледзячы на назвы. І гэта, бадай, самае галоўнае. Бо прыярытэтная задача нязменная: бачыць кожнага чалавека, яго праблемы і інтарэсы. Абмеркавалі сёння і пытанні кадравай палітыкі. Гэтая сфера ў распараджэнні Адміністрацыі Прэзідэнта. Гаварылі і пра медыяполе краіны ў разрэзе Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Дакумент прымуць у найбліжэйшы час.