Абноўлены дэкрэт № 3, развіццё прамысловых прадпрыемстваў і навукі - тэмы вялікай нарады ў Прэзідэнта

21 декабря 2017

Абноўлены Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" пачне працаваць у поўным аб'ёме з 1 студзеня 2019 года.

Гэты дакумент, у тым ліку, сёння стаў прадметам абмеркавання ў Палацы Незалежнасці. Аналіз сітуацыі на рынку працы, садзейнічанне ў працаўладкаванні і фарміраванне спісаў грамадзян, не занятых у эканоміцы, стане задачай мясцовых улад. Адно з асноўных патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы - максімальна індывідуальны падыход да кожнага чалавека і яго сітуацыі. Не павінна быць блытаніны і памылак.

Па выніках нарады падрабязнасцямі з журналістамі падзяліўся віцэ-прэм'ер Васіль Жарко. За наступны год Міністэрства працы і сацабароны сфарміруе інфармацыйную базу. Перш чым прымаць рашэнне аб 100-працэнтным пакрыцці выдаткаў, камісія вывучыць усе акалічнасці, прапануе працаўладкаванне. У выпадку важкіх падстаў чалавек будзе выключаны са спісу плацельшчыкаў.

Васіль Жарко, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"У дачыненні да тых, хто можа і павінен працаваць, але не хоча, будзе запушчаны такі механізм - гэта прадугледжвае пакрыццё 100 % выдаткаў па тых паслугах, якія вызначыць урад. Ураду адведзены першы квартал для распрацоўкі пераліку такіх паслуг, каб непрацуючыя грамадзяне разумелі, за што яны будуць плаціць".

Абмяркоўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці і новыя падыходы па налічэнні заработнай платы навукоўцам. Гэта было адно з даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Адпаведны праект указа прадугледжвае павышэнне тарыфных акладаў (у сярэднім на 300 %) работнікам бюджэтных арганізацый. Напрыклад, зарплата галоўнага і вядучага навуковага супрацоўніка будзе павялічана практычна ўдвая і складзе каля паўтары тысячы рублёў.

Уладзімір Гусакоў, Старшыня прэзідыума НАН Беларусі:

"Бюджэтныя арганізацыі даволі абмежаваныя ў павышэнні заработнай платы, надбавак навукоўцам. Зараз мы будзем мець магчымасць да 300 %. Навуковыя саветы ў інстытутах, прэзідыум Акадэміі навук будуць разглядаць гэтыя пытанні і прымаць рашэнні па павышэнні зарплаты. Але абавязкова павінны быць вынікі працы, іх укараненне і продаж найноўшай інавацыйнай прадукцыі".

У навукоўцаў у перспектыве з'явіцца і новая альма-матар. У тэхнапарку "БелБіягорад" будуць праводзіцца фундаментальныя даследаванні, распрацоўкі і на іх аснове стварацца новыя вытворчасці. Сярод прапаноў ужо 30 праектаў. Іх ажыццяўленне праз 5-6 гадоў забяспечыць экспарт на суму 190 мільёнаў долараў і дазволіць стварыць больш за тысячу рабочых месцаў. У будучыні прапіску ў БелБіягорадзе атрымаюць 150 праектаў на суму каля мільярда долараў. Прэзідэнт гэтую ідэю падтрымаў і даручыў падаць яму канкрэтны праект, дзе будуць паказаны льготы для рэзідэнтаў, якія практычныя вынікі прынясе краіне технаполіс. Падрабязнасці ў "Панараме".