Аб'ектыўна ацаніць абстаноўку і вызначыць стратэгію далейшых дзеянняў. Даклад Прэзідэнту па эпідсітуацыі ў краіне

13 апреля 2020
Прэзідэнт запрасіў палітычнае кіраўніцтва краіны абмеркаваць найбольш актуальныя тэмы на нарадзе ў Палацы Незалежнасці. Вядома, пачалі з эпідэміялагічнай сітуацыі,  якой прысутныя валодаюць у самых драбнюткіх падрабязнасцях.

Па даручэнні Прэзідэнта працуюць і з урачамі, і з мясцовымі ўладамі, і прама на месцах у бальніцах

Зрэшты, далёка не толькі пра медыцыну ішла сёння размова. Цікавіўся Прэзідэнт і ходам пасяўной кампаніі. Узняў на сустрэчы Кіраўнік дзяржавы і пытанні маючых адбыцца мерапрыемстваў, у прыватнасці, палітычных і ваенных. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў:  ключавое - гэта людзі, змагаемся за кожнага. Нельга забываць і пра пацыентаў з іншымі дыягназамі, яны таксама патрабуюць пільнай увагі. Незалежна, ёсць каранавірус ці не, лячыць трэба ўсіх. Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў падыходзіць да ўсяго ўзважана, у тым ліку да выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны. І нават станоўчы тэст на COVID-19  не прысуд, бо ад самога віруса ў краіне не памёр ні адзін чалавек, важна клапаціцца аб сваім здароўі не толькі падчас пандэміі.

Прэзідэнт наведае вытворчасці ахоўных сродкаў

На асаблівым кантролі  абарона медперсаналу: пытанне забяспечанасці ўсім неабходным не павінна стаяць. Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка ўжо патрабаваў наладзіць вытворчасць сваіх ахоўных касцюмаў і рэспіратараў, а таксама вырашыць пытанне з наяўнасцю ў аптэках масак і антысептыкаў. Канкрэтныя задачы пастаўлены перад беларускімі прадпрыемствамі. Аб'ёмы неабходна штодня нарошчваць, каб задавальняць патрэбнасці як медустаноў, так і аптэчнай сферы. Прэзідэнт анансаваў: у найбліжэйшы час зробіць рэйд па айчынных вытворчасцях ахоўных сродкаў.

Не пакінулі без увагі пытанні тэрмінаў амбулаторнага лячэння і самаізаляцыі 

На нарадзе былі пастаўлены канкрэтныя задачы па развіцці ў цэлым сістэмы аховы здароўя. Яшчэ раз зверылі і тактыку дзеянняў па пытаннях стрымлівання распаўсюджвання каранавіруса. У цэлым па краіне, паведаміў профільны міністр, адбываецца зніжэнне захворвання рэспіраторна-віруснымі інфекцыямі.
Не пакінулі без увагі пытанні тэрмінаў амбулаторнага лячэння і самаізаляцыі. Тут важна не замяняць гэтыя паняцці. Лячыць трэба столькі, колькі неабходна, але без патрэбы накіроўваць на працяглае лячэнне ў хатніх умовах толькі з-за нейкай перастрахоўкі не трэба. 

Не абышлі бокам і велікодныя святы. У Беларусі забараняць наведванне храмаў  не будуць. Аднак Аляксандр Лукашэнка лічыць, што з улікам эпідсітуацыі  варта прыняць пэўныя меры засцярогі.