Аб эфектыўнасці сістэмы фінансаў у Беларусі гаварылі сёння ў Прэзідэнта

29 февраля 2016

Урад і Нацбанк прадставілі Кіраўніку дзяржавы праекты ўказаў па развіцці фінансавага рынку. У прыватнасці, прапануецца перадача Нацыянальнаму банку паўнамоцтваў па рэгуляванні страхавой дзейнасці і рынку каштоўных папер. Гэта значыць, у такім разе ведамства становіцца мегарэгулятарам. Плануецца таксама прадоўжыць ільготны рэжым падаткаабкладання даходаў ад аперацый з карпаратыўнымі аблігацыямі. І трэці дакумент тычыцца рынку каштоўных папер. Урад прапануе стварыць прававое поле для эмісіі акцый з выкарыстаннем замежных дэпазітарных распісак. Па даручэнні Прэзідэнта, былі запрошаны распрацоўшчыкі дакументаў. Падчас абмеркаванняў Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг пытанняў.

Пасля абмеркавання прынята рашэнне, што рэгуляванне страхавой дзейнасці і рынку каштоўных папер застанецца за Мінфінам. Нацбанк будзе ажыццяўляць дадатковы кантроль. Такі рэжым усталяваны на найбліжэйшы год. Астатнія праекты дакументаў былі падтрыманы Кіраўніком дзяржавы. Прапанаваныя крокі дазволяць прадпрыемствам прыцягваць дадатковыя рэсурсы для развіцця.