Пра выплату пенсій, зарплат і занятасць людзей сёння гаварылі ў Кіраўніка дзяржавы

2 августа 2016

З вялікім дакладам па сацыяльных пытаннях Прэзідэнт прыняў міністра працы і сацабароны Мар'яну Шчоткіну.

Зараз ідзе фарміраванне праекта бюджэту і фонду сацыяльнай абароны на наступны год. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што памер пенсій не павінен быць ніжэйшым за 40% ад сярэдняй зарплаты па краіне. Гаворка ішла і аб праекце ўказу, які датычыцца пытанняў удасканалення пенсіённага забеспячэння некаторых катэгорый вайскоўцаў. Прапісаная ў дакуменце норма кране 2 000 чалавек, якія былі звольненыя з Узброеных Сіл у пачатку 90-х. Сёння яны не могуць перайсці з невысокай ваеннай пенсіі на працоўную. Для такіх вайскоўцаў прапаноўваецца ўстанавіць павелічэнне ваеннай пенсіі за кожны год працы пасля яе прызначэння на адзін працэнт грашовага забеспячэння.

Праект указу Прэзідэнт адобрыў. Размова таксама ішла пра выплату пенсій, дапамог і зарплат. Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што ўсе выплаты ажыццяўляюцца своечасова. Асобна разглядаліся пытанні занятасці.

Абмяркоўваўся сёння і яшчэ адзін дакумент. Праект пастановы, які распрацаваны ў Мінпрацы, дапаможа ўрэгуляваць пытанні вылічэння стажу дзяржслужбы. Гэтыя меры падтрымаў Кіраўнік дзяржавы.