Пра супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве гаварылі ў Палацы Незалежнасці

9 июля 2019

Ад глабальнага саюзнага будаўніцтва да пэўных праблемных пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Пра гэта ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. У выніку дыскусій аб паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй створаная сумесная міжурадавая група. Яна працуе над тым, каб знайсці развязкі ў адчувальных для краін пытаннях і выйсці на праграму дзеянняў для рэалізацыі саюзнага будаўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пакуль ёсць пытанні наконт працы сумеснай групы, ідзе "незразумелае тармажэнне". А ўсе акцэнты ў Саюзнай дзяржаве сёння зрушыліся наверх, і чарговы раз многія пытанні плануецца вывесці на ўзровень прэзідэнтаў. Ужо на наступным тыдні запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, дзе пройдзе шосты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Падчас размовы з журналістамі Рыгор Рапота распавёў, што пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы гатовы абмяркоўваць пытанні інтэграцыі разам з рабочай групай.

Рыгор Рапота, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы: "Пасткам не стаіць убаку ад развіцця двухбаковых адносін. Гэта наш прамы абавязак і адказнасць - развіццё расійска-беларускіх адносін. Мы гэтым займаемся ў штодзённым рэжыме. Як толькі пачалася праца сумеснай групы, мы, натуральна, прапанавалі сваё бачанне сітуацыі. Упэўнены, што гэта будзе скарыстана. Калі запатрабуецца наш больш актыўны ўдзел, мы да гэтага гатовыя".

Па выніках сустрэчы Аляксандр Лукашэнка як Старшыня Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы даручыў знешнепалітычнаму ведамству распрацаваць пытанне ўдзелу прадстаўнікоў пастаяннага камітэта ў дзейнасці сумеснай міжурадавай групы Беларусі і Расіі.