Аб ролі парламентарыяў і беларуска-азербайджанскім супрацоўніцтве гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці

13 октября 2017

Аб ролі парламентарыяў і беларуска-азербайджанскім супрацоўніцтве гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці. Там прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спікерам меджліса Азербайджана. Парламенцкая дэлегацыя гэтай краіны ў Беларусі з аўторка. За гэты час прайшлі перамовы з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу і ва ўрадзе. Госці наведалі прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку Мінскі трактарны завод. Дарэчы, яшчэ ў пачатку тыдня адбыўся візіт міністра абароны гэтай краіны.

Беларусь і Азербайджан - даўнія партнёры. Рэгулярныя сустрэчы лідараў спрыяюць прасоўванню эканамічнага супрацоўніцтва. Сёлета пераадоленая негатыўная тэндэнцыя паніжэння ўзаемнага тавараабароту. Па выніках 8 месяцаў у агульнай скарбонцы ўжо амаль 100 мільёнаў долараў. Аснова беларускага экспарту ў Азербайджан - тавары машынпрама, дрэваапрацоўкі, шыны, прадукты харчавання, лекі. Беларусь імпартуе з Азербайджана вырабы з алюмінію, прадукцыю нафтахіміі, машынабудавання і сельскай гаспадаркі. Добры прыклад прамысловай кааперацыі - Гянджынскі аўтамабільны завод. Тут выпусцілі амаль 10 000 трактароў і амаль 4 000 грузавікоў. Зараз у нас працуюць 58 кампаній-рэзідэнтаў з азербайджанскім капіталам. Беларусь у сваю чаргу мае ў гэтай краіне каля 70 прадстаўніцтваў.