Аб ролі Беларусі ва ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе ішла размова на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Леанідам Кучмам

5 июня 2019

Аб ролі нашай краіны па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе і ў цэлым аб дыялогу афіцыйных Мінска і Кіева сёння ішла размова на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Леанідам Кучмам. Прэзідэнт Беларусі не ўтойваў - экс-прэзідэнт Украіны заўсёды жаданы госць у нашай краіне.

Альтэрнатывы Мінску як мірнай перагаворнай пляцоўцы, дзе бакі імкнуцца пачуць адзін аднаго, пакуль няма, і шукаць яе не плануюць. Пазіцыя афіцыйнага Кіева - роля і месца беларускай сталіцы ў працы трохбаковай кантактнай групы па-ранейшаму мае каласальнае значэнне. Вырашэнне крызісу ў Данбасе стала адной з тэм сустрэчы з беларускім Прэзідэнтам. Бакі абмеркавалі таксама эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Тавараабарот па выніках мінулага года паміж Беларуссю і Украінай дабавіў амаль 20%. Вялікая частка прыпадае на наш экспарт - прадаём суседзям больш як 700 розных відаў тавараў. Задача на гэты год - аб'ём гандлю павялічыць да 8 мільярдаў долараў. 

Леанід Кучма стаў кіраўніком прадстаўніцтва Украіны ў трохбаковай кантактнай групе літаральна на днях. Але гэта яго другое прызначэнне. Да гэтага палітык на працягу 4 з паловай гадоў прадстаўляў інтарэсы сваёй краіны на мірных перамовах у Мінску. Пры ім у 2014 годзе была дасягнута першая дамоўленасць аб спыненні агню. Аднак восенню мінулага года Леанід Кучма, нагадаем, адмовіўся ад гэтых функцый. 

І вось на днях новы Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папрасіў экс-прадстаўніка зноў вярнуцца да ўдзелу ў перагаворным працэсе па Данбасе. Леанід Кучма прапанову прыняў і ўжо актыўна ўключыўся ў працу. 

Беларусі і Украіне ўдалося не проста наладзіць, але і захоўваць усе гэтыя гады давер адно да аднаго. Умацаванне сяброўства, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і паглыбленне ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне – фундамент нашага партнёрства. Беларусь па-суседску падставіла плячо дзясяткам тысяч украінскіх бежанцаў, прыкладае максімум намаганняў для захавання міру ў рэгіёне. Сёння сустрэча пацвердзіла - дыялог паміж афіцыйнымі Мінскам і Кіевам застанецца шчырым і на карысць нацыянальным інтарэсам дзвюх краін.