Аб развіцці СЭЗ у рамках ЕАЭС гаварылі сёння на нарадзе ў Прэзідэнта

27 декабря 2016

Канец года - час не толькі падводзіць вынікі, але і час, каб расставіць прыярытэты і сфармуляваць пэўныя задачы на перспектыву. Аб развіцці свабодных эканамічных зон у рамках ЕАЭС гаварылі сёння на нарадзе ў Прэзідэнта. З новага года ўводзяцца новыя правілы, па якіх будуць функцыянаваць свабодныя эканамічныя зоны, што пацягне адмену некаторых ільгот і прэферэнцый. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што важна захаваць канкурэнтаздольнасць, заставацца прывабнымі для інвестараў і забяспечваць развіццё нацыянальнай эканомікі. Пры гэтым на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза ўмовы для беларускіх свабодных эканамічных зон павінны быць як мінімум раўнацэннымі. Цяперашнюю аддачу ад працы СЭЗ у Беларусі Прэзідэнт назваў недастатковай.  Няма чаканага выніку і ў плане прытоку інвестыцый.  Як будуць павышаць актыўнасць рэзідэнтаў  - падрабязнасці ў Андрэя Крывашэева.

Новы 2017 беларускія рэзідэнты СЭЗ чакалі не з навагоднім настроем, а з трывогай. У рамках Еўразійскага саюза партнёры дамовіліся зняць тарыфныя прэферэнцыі для ўнутранага рынку. Гэта адной рукой. Другой жа і Расія, і Казахстан напроста падтрымалі свае свабодныя эканамічныя зоны праз падаткі, кампенсацыі і нетарыфныя бар'еры для канкурэнтаў. У спорце гэта завецца допінгам, прычым доўгатэрміновым, на 25 гадоў наперад.

Каб не адстаць у марафоне, Беларусь была змушаная адказваць сіметрычна. Допінг, вядома, прапісаць не прапаноўвалі - у бюджэце лішніх грошай няма. Але сваім спартсменам-экспарцёрам рэкамендавалі дапамагчы. Праз палягчэнне ПДВ - гэта як трэніроўкі ў баракамеры, дыхаць вальней. Праз паніжэнне інвестпарогу на ўваходзе - больш пачаткоўцаў, больш чэмпіёнаў. І праз пашырэнне меж саміх свабодных зон - гэта ўсё роўна што павялічыць залу для трэніровак.

Усе меры сёння вынеслі на суд Прэзідэнта і для адкрытага калектыўнага абмеркавання.

Калі прытрымлівацца метафары, свабодныя эканамічныя зоны - гэта тыя ж алімпійцы, якія прэтэндуюць на медалі. Таму для іх асаблівыя ўмовы выступленняў, г.з. бізнесу. Іх першапачаткова наладжваюць на высокія вынікі. Нашы 6 ільготных зон ствараліся з 1996 па 2002 для трох ключавых мэт.

Першае: хутка стварыць рабочыя месцы і ўвесці ў краіну найноўшыя тэхналогіі - гэта значыць стварыць новыя спартыўныя секцыі і падабраць моладзь з вуліцы. У 90-я сапраўды шматлікія сноўдаліся без працы, пуставалі гіганцкія цэхі і прампляцоўкі.

Мэта нумар 2 - зацягнуць у краіну замежных інвестараў (спартсменаў-легіянераў) і спярша іх майстэрствам заваяваць першыя медалі - заняць новыя рынкі, скараціць імпарт і зарабіць валюту на экспарце.

Трэці стратэгічны разлік - каб чэмпіёны бізнесу паднялі ўсе спартыўныя школы да свайго ўзроўню. Г.з. далі строгія па якасці заказы мясцоваму бізнесу на сыравіну і камплектуючыя, падцягнулі адукацыю, кваліфікацыю і менеджмент персаналу, тэхналогіі і інвестклімат у краіне ў цэлым.

Наўзамен першапраходцам даваліся шырокія льготы ў падатках, тарыфах, пошлінах, зямлі і больш ліберальныя ўмовы ў цэнах і занятасці.

Дарэчы, менавіта так ставілі на ногі бізнес у большасці краін - пачаткоўцаў капіталістычнага свету. Ад Кітая і Паўднёвай Карэі да СНД. Але СЭЗ - гэта доўгі і знясільваючы для няльготнай эканомікі марафон.

Таму на пачатку нарады сёння Прэзідэнт перш за ўсё цікавіцца, які медальны вынік за 20 гадоў? Што атрымала краіна? Або гэта зусім не наш від спорту?

Прэзідэнта запэўнілі: гэта наш від спорту-бізнесу. У хвасце марафона не пляцемся. Наадварот, прамыя датацыі - або допінг - у Расіі і Казахстане, шмат у чым каб дагнаць нашых вытворцаў.

Напрыклад, "Санта Брэмар" - рыба і морапрадукты. Дзейнічае ў СЭЗ "Брэст" і нават у адсутнасці свайго мора значна больш эфектыўнае за калінінградцаў.

Або "Контэ-Спа" з СЭЗ "Гроднаінвест" - лёгпрам і трыкатаж, абыходзіць на віражах казахстанскіх калег. А ў тых і сыравіна, і Кітай у суседзях, і асноўныя падаткі і адлічэнні ў 2-3 разы ніжэйшыя за беларускія.  Значыць, можам змагацца за золата праз СЭЗы нават у няродных дысцыплінах. Нават калі ставяць падножкі ў выглядзе блытаных тэхрэгламентаў і непразрыстых санстанцый.

Пераканаўчасці словам Аляксандра Машэнскага дадае свежая статыстыка працы СЭЗ за 9 месяцаў. А гэта плюс 20 новых прадпрыемстваў, якія прынеслі ў краіну каля паўмільярда долараў інвестыцый. Так, ільготных, так, буйных - на тое ён і інкубатар для чэмпіёнаў.

Плюс, гэта  не столькі станкі і сцены, галоўнае - гэта 2 тысячы 400 новых рабочых месцаў і толькі за 9 месяцаў. У СЭЗ "Гроднаінвест" ужо падводзяць гадавыя вынікі, і яны нават лепшыя, чым  заяўлена статыстыкай.

Усяго на шасці  асаблівых пляцоўках працуе каля 125 тысяч чалавек. Гэта толькі кожны 25-ты працаўнік у краіне. Але менавіта гэтыя калектывы вырабляюць  да 13% прамысловай  прадукцыі, да 16% экспарту і прыцягваюць кожны сёмы  долар інвестыцый у Беларусі. Выдатны вынік, хоць і з абмоўкамі.

У крызіс выкінулі частку прадукцыі на ўнутраны рынак, падарваўшы здароўе не льготнікаў. Не ўсе змаглі ўтрымацца ў Расіі і прабіцца на рынкі далёкай дугі. І самае непрымальнае для Прэзідэнта: сэканомілі не толькі на падатках у бюджэт, але і на бюджэтах уласных працаўнікоў.

Сярэдняя зарплата ўразіла - 350 долараў. Падстроіліся  пад сярэднюю па краіне і добра сябе адчуваюць. Малыя адлічэнні ў бюджэт і зарплата малая.  

Даручэнне Прэзідэнта: "эканоміць на ўсім, акрамя людзей" прадпрымальнікі  пачулі. Льготы  па патрабаванні лідара павінны дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы, працоўных калектываў і бізнесу. Бо без сацыяльнай адказнасці свабодныя зоны грамадству не патрэбныя,  і падтрымліваць іх, няхай і ў няроўнай сутычцы з канкурэнтамі ў ЕАЭС, занадта накладна.

Пакуль жа, па стане на 1 кастрычніка аддача ад рэзідэнтаў СЭЗ такая: па вытворчасці - выраслі на чвэрць, прытым што працавалі не на склад - доля экспарту 64% з прыбыткам у 865 мільёнаў рублёў. Рост добры, але ён лічыцца ад нізкай базы мінулага года, калі знешнія рынкі дэманстравалі "дно" плацежаздольнага попыту.

Па падатках і адлічэннях  у казну, як і адзначыў Прэзідэнт, сапраўды не густа - але і тут рост на 13%. Па геаграфіі складаней - пад 80% прыпадае  ўсяго на тры краіны нашага рэгіёна Расію, Украіну і Казахстан. Гэта значыць,  любы новы крызіс або "гандлёвая вайна" ў суседзяў і зноў лічыць страты?

Раўнапраўя, якое закладвалі ў падмурак Еўразійскага саюза, пакуль, на жаль, не атрымліваецца.  З 1-га студзеня саюзнікі разам знялі ўнутраныя мытныя льготы, але Масква і Астана тут жа кампенсавалі сваім усе страты. Афіцыйны Мінск вымушаны рэагаваць, інакш страты рэзідэнтам СЭЗ могуць перавысіць  800 мільёнаў долараў, і нашы свабодныя  зоны можна будзе зачыняць.

Дарэчы, самі прапановы Кабінета міністраў Прэзідэнт ужо аднойчы адпраўляў на дапрацоўку, бо ў іх падрыхтоўцы не ўдзельнічаў бізнес. Гэта наогул жорсткае даручэнне лідара - кожная навацыя ў эканоміцы павінна праходзіць рэвізію рэальнага сектара, а лепш і ўвогуле зыходзіць ад практыкаў. Для гэтага пры Прэзідэнце дзейнічае Савет па развіцці прадпрымальніцтва. Менавіта ён павінен быць першым "фільтрам" для ключавых рашэнняў улады. Адгэтуль даручэнне - абнавіць склад Савета, генерыраваць навацыі, не баяцца спрачацца з урадам на этапе законапраектаў. Інакш гэта бутафорыя, а не апора дзяржавы. Патрэбна ж менавіта апора.

Паказальны склад нарады сёння: увесь эканамічны блок урада, адміністратары свабодных  зон і паспяховыя бізнесмены - яны ж самыя актыўныя члены Савета. Адгэтуль узгодненыя і падтрыманыя Прэзідэнтам рашэнні па выніку.

Акрамя дадатковых ільгот  па падатках, лідар падтрымаў і паніжэнне бар'ераў пры ўваходзе новага інвестара ў СЭЗ. Перш для старту патрэбен быў мінімум мільён еўра інвестыцый. Пасля змен - паўмільёна адразу, яшчэ столькі ж на працягу трох  гадоў. Пры гэтым самім СЭЗ падоўжылі тэрмін жыцця  на чвэрць стагоддзя, як у Казахстане, пацвердзіўшы льготы  па арэндзе і адлічэннях. Гэта стабільныя правілы гульні, гульні ў доўгую - тое,  на чым выйграваюць СЭЗ Беларусі ў параўнанні ў саюзнікамі.

З невялікімі дапрацоўкамі  праект указа Прэзідэнта будзе гатовы да падпісання ў найбліжэйшыя дні. Але, важна адзначыць: усе беларускія меры, гэта толькі 60% ад бонусаў у СЭЗ Расіі і Казахстана. А значыць, нашым рэзідэнтам-чэмпіёнам прыйдзецца быць мінімум на 40% хутчэйшымі, мацнейшымі і вышэйшымі,  чым канкурэнты на знешніх рынках. Такія суровыя правілы сучаснага марафону ў бізнесе.