Аб першых выніках уборачнай кампаніі сёння гаварылі ў Палацы Незалежнасці

31 августа 2017

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца і віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага.

Па краіне засталося ўбраць 4% плошчаў - гэта 91 тысяча гектараў збожжавых і зернебабовых. З-за ўмоў надвор’я гэтым летам у паўночных раёнах яшчэ ёсць асобныя палі, дзе паспяванне культур зацягнулася. Іх уборку пачнуць у найбліжэйшыя дні. Усяго намалочана 7 мільёнаў 361 тысяча тон збожжа. Плануецца, што каравай новага ўраджаю будзе важыць 10 мільёнаў тон (гэта з кукурузай і рапсам). У нашай краіны ёсць магчымасць прадаваць за мяжу да мільёна тон збожжа. Аднак гэта не самамэта. Асноўная задача - гарантаваць харчовую бяспеку, вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, якую пасля можна экспартаваць. Як далажыў Леанід Заяц, за пяцігодку дзяржава ўклала ў АПК больш за 8 мільярдаў долараў, выручка ж за гэты час склала амаль у 3 разы больш - 27 мільярдаў. Прэзідэнт пацікавіўся прагнозамі і сітуацыяй на ўборцы бульбы і кукурузы на збожжа. Сёлета ў Беларусі добры ўраджай другога хлеба - 317 цэнтнераў з гектара. Ужо пачалася першая копка, 300 тысяч тон адправяць на экспарт.