Аб першых выніках уборачнай кампаніі гаварылі ў Палацы Незалежнасці

31 августа 2017

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады Міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца і віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага. Пра каравай новага ўраджаю, другі хлеб і экспарт.

Расказвае Ілона Красуцкая.

Колькасць мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка дзяржавы відавочна перавышае 31 каляндарны дзень жніўня. Нават часам насуперак лічбе на тэрмометры, такі ён, гарачы графік Прэзідэнта - часцей у палях, чым рабочай рэзідэнцыі. Паездкі на Брэстчыну, стык Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Раптоўнасць кантролю, візіты на праблемныя і ўзорныя прадпрыемствы. А следам, вядома, журналісты. Нават змянялі прафесію - даведваліся, якая яна, праца селяніна. Разам з Кіраўніком дзяржавы жалі жыта, церабілі лён, праводзілі тэст-драйв новым камбайнам. Аграрная краіна, а, значыць справа агульная. Уключыцца ў працу аператыўна павінны былі абсалютна ўсе.

У апошні дзень лета заканамерна ў Прэзідэнта шмат пытанняў: ці выканалі ўсе даручэнні, колькі ўжо важыць каравай новага ўраджаю. Аб першых выніках уборачнай кампаніі дакладваюць Міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц і віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, які ва ўрадзе курыруе аграрную тэму. Лічбы такія.

Па краіне засталося ўбраць усяго 4 % плошчаў збожжавых і зернебабовых - гэта 91 тысяча гектараў. Ужо намалочана 7 млн 361 тысяча тон збожжа. Ураджайнасць на 2 цэнтнеры перавысіла леташнюю - 35,7. Плануецца, каравай новага ўраджаю будзе важыць 10 мільёнаў тон, гэта з кукурузай і рапсам.

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі:

"Асноўнае збожжа сёння засталося ў Віцебскай вобласці - 73 тысячы гектараў. З кожным днём тэмпы павялічваюцца. Сёння ўсе камбайны ў працы ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці. Чакаем добры ўзровень малацьбы збожжа. З-за ўмоў надвор’я гэтым летам у паўночных раёнах яшчэ ёсць асобныя палі, дзе працэс паспявання культур зацягнуўся. Іх уборку пачнуць у найбліжэйшыя дні".

Гэта зараз пытанне "а ці будзем з хлебам?" выклікае здзіўленне. Проста няма ніякіх сумненняў. Ужо нават цяжка ўявіць, але ў 90-х у засеках звычайна ляжала менш за паўмільёна тон пшаніцы. Для нагляднага параўнання сёлета - 3.

Кожная бетонная калона засыпаная даверху. Тут больш за 95 тысяч тон новага ўраджаю. Дзяржзаказ ўжо выкананы, і з гаспадаркамі на Навабеліцкім камбінаце хлебапрадуктаў зрабілі ўсе разлікі. Зараз задача захаваць кожнае зярнятка. Пэўная вільготнасць, вентыляцыя і абмежаванасць доступу - сюды нельга ні чалавеку, ні нашай камеры.

Эдуард Башак, дырэктар філіяла "Навабеліцкі камбінат хлебапрадуктаў" ААТ "Гомельхлебапрадукт":

"Харчовае збожжа ідзе для вытворчасці крупяной прадукцыі - шматкі аўсяныя, 3 злакі, там у нас 36 найменняў, пярловая каша ідзе з ячменю. Мы рэалізуем прадукцыю крупяную па Рэспубліцы Беларусь, загрузка магутнасцяў складае 100 %. Рэшткі, якія ёсць і не запатрабаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, рэалізуем у РФ па перадаплаце".

Ураджай збожжавых сёлета эксперты ўжо ацэньваюць як адзін з лепшых за апошнія 20 гадоў. У некаторых гаспадарках аграрыі дабіліся рэкордных паказчыкаў. Больш за 100 цэнтнераў з гектара ўбіралі на палях Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Відавочна, інтэрв'ю журналістам міністр сельскай гаспадаркі дае ў прыўзнятым настроі. Праўда, прызнаецца, першапачаткова былі сумненні. У сакавіку плюс 20, у маі мінус 11, снег. Потым дажджы, раптам плюс 30. Надвор'е казытала нервы аграрыям ва ўсім свеце. Збожжа згарэла ў Аўстраліі. Урон ад засухі - 600 млн еўра - падлічылі і ў Сербіі.

Толькі за апошнюю пяцігодку дзяржава ўклала ў АПК больш за 8 мільярдаў долараў, выручка ж за гэты час склала амаль у 3 разы больш - 27 мільярдаў. З кожнай тоны сыра і масла Беларусь атрымлівае тысячу долараў прыбытку. Смак нашай малочнай прадукцыі ведаюць не толькі найбліжэйшыя суседзі, але і жыхары краін далёкай дугі. Зараз у Беларусі ёсць магчымасць прадаваць за мяжу да мільёна тон збожжа. Аднак гэта не самамэта. Асноўная задача - гарантаваць харчовую бяспеку, накарміць сваіх людзей. Таму ў прыярытэце такі сцэнарый: экспартуем уласную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю.

Будзе хлеб, а значыць яшчэ і мяса, малако, бо менавіта зямля дае кармы жывёлагадоўлі. З гэтага года па рэкамендацыі профільнага міністэрства асвойваюць тэхналогію нарыхтоўкі з высокім утрыманнем пратэіну. Прама ў полі. Абгортваюць у спецыяльную стрэйч-плёнку. У ёй травы спеюць прыкладна тры месяцы. Яшчэ адно ноу-хау аграрыяў - кулісная сяўба. Змяшаныя пасадкі шматгадовай травы і азімага жыта. Такі кармавы мікс - неабходная біядабаўка ў рацыёне жывёлін.

Аграрыі Віцебскай вобласці пачалі выбарачную сяўбу азімых. У рэгіёне вядзецца цэлы комплекс сельгасработ. Паралельна ўбіраюць лён. Наша краіна ў пяцёрцы сусветных лідараў па вытворчасці валакна з гэтай культуры. Таму ад галіны чакаюць максімальнага эфекту. Чаканні апраўдаліся. Паўночны шоўк ільнозаводы атрымаюць у патрэбнай колькасці.

Сёлета ў Беларусі і выдатны ўраджай другога хлеба - 317 цэнтнераў з гектара. У планах адправіць на экспарт 300 тысяч тон бульбы.

Але не хлебам адзіным будуць сытыя беларусы. Добры ўраджай капусты, морквы, цукровага бурака. Яго валавы збор чакаецца на ўзроўні 5 мільёнаў тон.

Якія на смак агародніна і садавіна новага ўраджаю зусім хутка даведаюцца і далёкія ад дачнай тэматыкі гараджане. Першыя сельгаскірмашы пройдуць ужо праз два тыдні. Багаты асартымент, прыемныя цэны. Бясплатная дастаўка людзям шаноўнага ўзросту, дапамагчы абяцаюць і дамам на высокіх шпільках.

Беларусь застаецца адным з лідараў у вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце. Гэта вынік маштабнай мадэрнізацыі сяла. Сёння наша краіна вырабляе сельгаспрадукцыі ў разы больш, чым у часы Саюза, забяспечваючы пры гэтым патрэбнасці не толькі краіны, але і далёка за яе межамі. З брэндам "Зроблена ў Беларусі" знаёмыя пакупнікі ад Кітая да ЗША. Усё гэта вынік карпатлівай працы. І не толькі падстава для гонару. Стымул і надалей працаваць актыўна і эфектыўна, бо ад якасці залежыць імідж краіны.