Пра нармалізацыю і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС гаварылі на нарадзе ў Прэзідэнта

5 апреля 2016

Беларусь працягне курс на поўную нармалізацыю адносін з Еўрапейскім саюзам з улікам нацыянальных інтарэсаў. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін. Апошні час назіраецца пазітыўная дынаміка ў развіцці адносін паміж Мінскам і Бруселем, узровень і інтэнсіўнасць кантактаў узраслі. Палепшылася і агульная атмасфера. На думку Кіраўніка дзяржавы, адмена большасці санкцый у лютым гэтага года ў дачыненні да Беларусі адкрывае якасна новыя магчымасці для развіцця нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам.

Еўрапейскі саюз - найбуйнейшы рынак для беларускіх тавараў. Летась узаемны тавараабарот з краінамі Еўрасаюза склаў 13 з лішнім мільярдаў долараў. У пяцёрку гандлёвых партнёраў Беларусі ў Еўропе ўваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Польшча, Нідэрланды і Літва. На думку Аляксандра Лукашэнкі, для развіцця адносін Беларусі з ЕС на аснове прагматызму ёсць шмат магчымасцяў.

Апошнія гады Беларусь вядзе перамовы з Еўрапейскім саюзам аб падпісанні некалькіх пагадненняў. На нарадзе Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, на якой стадыі знаходзіцца перагаворны працэс па праектах аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі.