Кіраўнік дзяржавы сёння правёў пасяджэнне Савета бяспекі

19 августа 2020
Наконт нацыянальнай і харчовай бяспекі,  сітуацыі ў эканоміцы і  работы працоўных калектываў. Кіраўнік дзяржавы сёння правёў пасяджэнне Савета бяспекі.

Прэзідэнт сабраў Савет бяспекі: па селектары на сувязі губернатары


Па відэасувязі  да дыскусіі далучыліся  і кіраўнікі рэгіёнаў. Размова ішла ў тым ліку наконт  уборачнай кампаніі ў краіне. 

Ураджай сёлета можа скласці 10,5 млн тон збожжа

На гэта мабілізаваны ўсе сілы. Тэрміны, якасць, тэхналогіі і дысцыпліна - тое, што павінна выконвацца няўхільна, каб без страт сабраць усё да зярнятка. А сёлета па плане  ўраджай павінен скласці сумарна 10,5 мільёна  тон збожжа.

Прэзідэнт: наперадзе яшчэ шмат працы, каб убраць багаты ўраджай і быць упэўненымі ў будучыні


З усіх бакоў зараз мы бачым  наўмысна штучнае нагнятанне грамадска-палітычнай сітуацыі. Многія беларусы  сутыкнуліся з маральным прэсінгам. І, на жаль, гэта не адзіны націск. Паступаюць прамыя пагрозы ў адрас  сем'яў вайскоўцаў, міліцыі, спецслужбаў, дзяржслужачых, журналістаў. Паралельна атакуюць  рабочых прадпрыемстваў. На такім фоне, вядома, складана сканцэнтравацца  на выкананні службовых абавязкаў. 

Прэзідэнт падзякаваў рабочым на прадпрыемствах і заклікаў не хаваць вочы ў асфальт


Апошнім часам з'явілася шмат ахвотнікаў прааналізаваць сітуацыю ў Беларусі. Асабліва актыўны Захад. Усе нібы забылі аб праблемах унутры сваіх краін: як быццам  няма пратэстаў  у ЗША, у Германіі  супраць каранавіруснай ізаляцыі. Ужо мала хто памятае пра разгон "жоўтых камізэлек". Затое не супраць параіць, як жыць і  што рабіць Беларусі. 

Прэзідэнт кіраўніцтву на Захадзе: не трэба ківаць на Беларусь, каб адвесці ўвагу ад сваіх праблем


Зараз нават разважнаму чалавеку  часам вельмі цяжка разабрацца ў патоку інфармацыі: дзе праўда, а дзе хлусня. Час  фэйкаў. Так, на днях  у Сетцы з'явіліся паведамленні, якія суправаджаюцца фатаграфіямі і відэа, нібы Расія  сцягнула войскі да Беларусі - рыхтуецца ваенная аперацыя. Гэты ўкід аб замежнай ваеннай прысутнасці ў краіне сёння Прэзідэнт абверг публічна. Пакуль хтосьці стварае ілюзію ваеннай дапамогі ад Расіі,  іншыя, наадварот, лабіруюць антырасійскую рыторыку. Размова пра  створаны апазіцыяй  каардынацыйны штаб і яго праграму,  пункты якой  па ўсіх франтах  відавочна супраць саюзніцтва. Зрэшты, мяркуючы па актыўнасці, канкурэнцыя сярод ахвотнікаў  папоўніць шэрагі апазіцыйнага штаба,  сур'ёзная. 

Прэзідэнт аб штабе апазіцыі: у краіне няма такой колькасці партфеляў, колькі вас стаіць у чарзе


Дарэчы, літаральна напярэдадні прэзідэнт даручыў ураду і Адміністрацыі  прайсціся па кожным пункце апазіцыйнай праграмы і расказаць  грамадскасці, да якіх наступстваў для краіны гэта можа прывесці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любыя перамены павінны ажыццяўляцца  ў рамках заканадаўства і прававога поля. У адваротным выпадку  гэта прывядзе да цяжкіх наступстваў. Работа над новай Канстытуцыяй  працягваецца і будзе актывізавана. Наколькі абноўлены варыянт  падтрымае насельніцтва - ад гэтага будзе залежаць хуткасць яе прыняцця. І толькі потым  ужо па Канстытуцыі  можна весці дыскусіі  аб перавыбранні органаў улады. Гэта пазіцыя  беларускага лідара. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.

Прэзідэнт падвёў вынікі Савета бяспекі: вярнуць людзям спакойную краіну


Па выніках Савета бяспекі  прагучалі канкрэтныя даручэнні  па ўсіх кірунках. Яны датычацца пытанняў  стабілізацыі становішча ў краіне.

Дзяржпагранкамітэту: узмацніць ахову меж

Міністэрству абароны асаблівую ўвагу варта надаць перамяшчэнню войскаў НАТА

Даручэнне МУС: не дапускаць беспарадкаў у краіне

КДБ: спыняць дзеянні арганізатараў вулічных беспарадкаў і выкрываць каналы фінансавання

Задача МЗС: даводзіць да кіраўнікоў заходніх дзяржаў інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі

СМІ павінны актывізаваць працу

Урад забяспечыць рэалізацыю і кантроль даручэнняў па бесперабойнай працы прадпрыемстваў

Гэта значыць, Аляксандр Лукашэнка  арыентуе ўрад на тое, каб аказаць падтрымку кіраўнікам прадпрыемстваў  у арганізацыі вытворчага працэсу. Апроч іншага,  ніхто не адмяняў рашэнне паўсядзённых задач, ад якіх залежыць  жыццё людзей.