Аб гатоўнасці навучальных устаноў і навацыях у сістэме адукацыі Прэзідэнту далажыў профільны міністр

26 августа 2019

Удасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі  абмяркоўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці. Літаральна тыдзень застаецца да пачатку новага навучальнага года. 2 верасня ў краіне прагучаць школьныя званкі.

Аб гатоўнасці навучальных устаноў, змяненнях у сярэдняй і вышэйшай адукацыі, а таксама іншых навацыях у сістэме  Кіраўніку дзяржавы  сёння далажыў профільны міністр Ігар Карпенка. У гэтым навучальным годзе ў краіне адкрыюць 8 школ-новабудоўляў: па дзве ў Мінску і Брэсце, па адной  у Грoдне, Астраўцы, Барысаве і Магілёве. Адну з іх наведае Кіраўнік дзяржавы. Па традыцыі ў Дзень ведаў  Прэзідэнт  віншуе школьнікаў і настаўнікаў. Таксама Аляксандр Лукашэнка сёння праанансаваў да канца года вялікую нараду па пытаннях беларускай адукацыі. Трэба абмеркаваць адно з сур'ёзных пытанняў,  у прыватнасці,  магчымыя змяненні пры паступленні ў ВНУ.  Ніхто не збіраецца прымаць паспешлівых рашэнняў, менавіта таму патрэбен  сапраўдны мазгавы штурм, вялікая дыскусія з удзелам профільных спецыялістаў. 

Змяненні адчуюць школьнікі: для іх абнавілі ўсе навучальныя праграмы з 1 па 11 клас. Галоўнае - зніжана навучальная нагрузка, зроблена стаўка на даступнасць выкладання. Частка складанага матэрыялу выключана на базавым узроўні і перанесена для вывучэння на павышаным. У партфелях школьнікаў з 1 па 9 клас з'явяцца і новыя падручнікі. Аддрукаваныя паўсотні выданняў. Унутры мноства ілюстрацый, табліц і графікаў. Усе іх можна аблічбаваць пры дапамозе смартфона. Тым не менш, унутраныя правілы навучальных устаноў  выключаюць магчымасць карыстання гаджэтамі ў асабістых мэтах. У школу дзеці павінны ісці  ў першую чаргу па веды. І, вядома, з настроем і жаданнем,  галоўнае -  адчуваць сябе  камфортна. Менавіта таму Прэзідэнт патрабуе забяспечыць падрыхтоўку да школы ўсіх без выключэння дзяцей і дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу.

Так, грунтоўная  размова  аб беларускай сістэме адукацыі  павінна адбыцца да канца года,  расказаў журналістам Ігар Карпенка. Акрамя прадстаўнікоў Мінадукацыі, плануецца ў рабоце задзейнічаць педагогаў і экспертаў. Па словах кіраўніка профільнага ведамства, неабходна ўдасканальваць выніковую атэстацыю ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі

Практычна ўсе школы Беларусі ўжо гатовыя сустракаць школьнікаў. Дзень ведаў стане асаблівым для 115 тысяч першакласнікаў. Усяго за парты сядуць  мільён 30 тысяч вучняў. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.