Цяперашні візіт кубінскага лідара стаў добрай магчымасцю для дзвюх краін вызначыцца з арыенцірамі супрацоўніцтва

23 октября 2019

Беларусь і Куба выпрацавалі сумесныя рашэнні для развіцця гандлёвых адносін. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка  па выніках перамоў з прэзідэнтам гэтай краіны. Лідары адзначылі сур'ёзны патэнцыял супрацоўніцтва. Да таго ёсць трывалы падмурак. Бо яшчэ з часоў Савецкага Саюза  ў нашых краін захаваліся добрыя вытворчыя школы, а гэта  якасныя тавары. Ёсць дзе разгарнуцца і ў галіне машынабудавання. Можна і трэба працаваць у сферы турызму, аховы здароўя і нават навукова-тэхнічнай сферы. Галоўнае,  што сур'ёзных перашкод да росту ўзаемнага гандлю няма, як і палітычных рознагалоссяў. І Мінск, і Гавана прытрымліваюцца падобных пазіцый па міжнародным парадку дня. Цяперашні візіт кубінскага лідара стаў добрай магчымасцю для дзвюх краін вызначыцца з арыенцірамі супрацоўніцтва. План сумеснай працы прэзідэнты даручылі ўрадам падрыхтаваць ужо да лістапада. І ўсё, аб чым дамовіліся,  абавязкова для выканання. Аб выніках беларуска-кубінскіх перамоў на вышэйшым узроўні  - Наталля Брэвус

Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс - менавіта так завуць новага кубінскага прэзідэнта. Гэта даніна іспанскай традыцыі - прадстаўляцца, называючы і прозвішча маці, і прозвішча бацькі. Зручна: увесь радавод як на далоні, адразу зразумела,  што за чалавек.

Зрэшты, што за чалавек новы кубінскі прэзідэнт, Аляксандр Лукашэнка нядрэнна ведае - з высокім госцем знаёміцца не трэба. Дыяс-Канель быў у Беларусі  тры гады таму. Але ў якасці кіраўніка дзяржавы ўпершыню. Той выпадак, калі пра цяперашні прыезд смела можна гаварыць "гістарычны", бо ў гісторыі сучасных двухбаковых адносін гэта і першы візіт кіраўніка кубінскай дзяржавы. Аркестру ганаровай варты давялося рыхтавацца асабліва дэталёва. 

Здаецца, яшчэ не астыў перадвыбарны запал - не прайшло і двух тыдняў, як Дыяс-Канель быў абраны на пасаду прэзідэнта - а ён ужо адправіўся ў еўрапейскае турнэ. У ім Беларусь - абавязковы пункт прыпынку. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка назаве цалкам лагічным,  бо Мінск надзейны партнёр і правераны сябар.

"Сыходзіць пакаленне рэвалюцыянераў", "Канец эпохі Кастра" - менавіта такімі загалоўкамі стракацела міжнародная прэса.  

Для Вострава свабоды сапраўды пачаўся асаблівы этап -  апошнія года паўтара адбыліся знакавыя рэчы ў палітычным жыцці кубінцаў. Пасля братоў Кастра да ўлады прыйшоў 59-гадовы Дыяс-Канель. Атрымліваецца, ён сам нарадзіўся ўжо пасля кубінскай рэвалюцыі. Інжынер па адукацыі, адкрыў для сябе дарогу ў вялікую палітыку, зарэкамендаваўшы добрым кіраўніком. Калі ў красавіку 2018 паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы Рауль Кастра перадаў свайму намесніку і правай руцэ, ніхто не здзівіўся. Фактычна ён і так адыгрываў важную ролю ў кіраванні Кубай. Апошнія паўтара года працаваў старшынёй Дзяржсавета, але па выніках канстытуцыйнай рэформы ўсё сур'ёзна змянілася: вырашана было вярнуць пасаду прэзідэнта, ім і стаў Дыяс-Канель. 
Сам Рауль застаецца ля руля Кампартыі краіны. 

Гавораць, што новы лідар верны ідэям рэвалюцыі, але ўсё ж настроены мадэрнізаваць і палітыку, і эканоміку пад зоркім вокам Кампартыі, вядома. Так, асцярожныя, але рэформы (а што рабіць)  як 60 гадоў таму, так і сёння эканамічная блакада Злучаных Штатаў цяжкім грузам ляжыць на Кубе. 

Нягледзячы на аднаўленне дыпадносін пры Абаме, дыялог Гаваны і Вашынгтона пры Трампе пакідае жадаць лепшага. Таму зараз кубінцы глядзяць у розныя бакі, абапіраючыся на партнёрства з Кітаем, Венесуэлай, Расіяй. Сяброўскі падмурак адносін, які Беларусь будавала яшчэ з Фідэлем, затым і з Раулем Кастра, маюць намер умацоўваць і зараз.

Чаго толькі не прадказвалі Кубе  апошнія 20 гадоў (ад ваеннага перавароту да народнага паўстання),  але трымаюцца, захоўваюць стабільнасць. Вядома, для вострава ў Карыбскім моры турызм - асноўны прыбытак. Нягледзячы на палітычныя складанасці, па экзотыку на Востраў свабоды штогод прыязджае 4,5 мільёна турыстаў. І тут у беларусаў і кубінцаў,  як гаворыцца,  мора магчымасцяў. Пашанцавала мясцовым жыхарам і з нетрамі. Куба - першая ў свеце па запасах нікелю. У экспарце  гэта нумар адзін. Зарабляюць, вырошчваючы цукровы трыснёг і прадаючы цукар. У сельскагаспадарчай сферы Беларусь гатовая дзяліцца вопытам і тэхналогіямі. Мінулым летам кубінцы прыязджалі і  глядзелі, так сказаць,  палітыку беларускага АПК. Многае можа быць дарэчы. Нашы трактары, грузавікі  яшчэ з савецкіх часоў зарэкамендавалі сябе надзейнымі памочнікамі кубінскіх аграрыяў. 

Пакуль важны артыкул нашага экспарту - гэта рухавікі. Іх кубінцы актыўна выкарыстоўваюць  для мадэрнізацыі свайго парку сельгастэхнікі і для таго ўдыхнуць другое жыццё ў машыны. Траціна паставак Мінскага маторнага прыпадае   на Кубу - у рабоце чарговы кантракт. Перспектыва на будучыню - сумесныя прадпрыемствы. 

Не выключана, што апрабуюць механізм узаемных паставак. Калі мы ім машыны, яны нам - лекі. Кубінская медыцына моцная ў лячэнні анкалогіі - гэта не столькі цуды хіміі, колькі сіла раслінных кампанентаў. Між іншым,  сярэдняя працягласць жыцця на Востраве свабоды параўнальная з паказчыкамі еўрапейскіх краін. 

Напярэдадні кубінскі лідар не выключыў, што менавіта пляцоўка "Вялікага каменя" з яго спрыяльным рэжымам можа стаць выдатным месцам для фармпрадпрыемстваў Кубы. Для іх гэта выхад не толькі на рынак Беларусі і Еўразійскага саюза, але і на рынак саюза Еўрапейскага. Задзейнічаць жадаюць і кубінскіх урачоў – размова  ішла аб магчымым адкрыцці міжнароднай клінікі. Ды і наогул,  разам стаўку будуць рабіць менавіта на праекты навуковага плана. 

Разам з кубінскім Прэзідэнтам прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя, каб знайсці больш кропак судакранання і агульных праектаў. Вядома, цікавіць эканоміка. Бо  апошні час двухбаковы тавараабарот зусім невялікі – у  лепшыя гады вагаўся ў раёне 100 мільёнаў долараў. 

За перамовамі прэзідэнтаў сёння з асаблівай увагай сачыў зараз ужо беларускі кубінец - Спадар Эрнандэс. Прыехаў з Вострава свабоды  ў далёкіх 90-х, каб застацца ў нашай краіне. Сёння займаецца рэстаранным бізнесам. Сваімі вачамі бачыў, які шлях за гэты час прайшла Беларусь - прайшла без рэвалюцый. Як ніхто разумее - гэта дарагога каштуе. 

Беларусь і Куба могуць быць вельмі карысныя адна адной. Ёсць база - захавалі добрыя вытворчыя школы яшчэ з савецкіх пор - як не выкарыстаць гэта сёння? Плюс перадавы вопыт, тэхналогіі, а таксама палітычная свабода, узаемаразуменне  і падтрымка кіраўнікоў дзяржаў. 

Даручэнне прэзідэнтаў - аператыўна стварыць беларуска-кубінскую міжурадавую камісію, якая стане рухавіком агульнага гандлю. Будзе працаваць над развязкай праблемных вузлоў. Яшчэ адно даручэнне: не адкладваючы ў доўгую скрыню, да лістапада, міністэрствы замежных спраў і ўрады краін павінны прадставіць план дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва. Каб ужо да візіту нашага Прэзідэнта на Кубу быў прыкметны вынік. На фоне адсутнасці палітычных рознагалоссяў паміж Мінскам і Гаванай, гэта цалкам пасільная задача. 

Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс, Прэзідэнт Рэспублікі Куба: "Ёсць воля працягваць паглыбляць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, сферы транспарту, адукацыі, медыцыны, навукі. Нам важны вопыт беларускіх калегаў, мы шмат у чым падобныя. Дзякуй за падтрымку і пазіцыю Беларусі, агучаную на Генасамблеі ААН, аб недапушчальнасці выкарыстання абмежавальных мер у эканоміцы". 

Па выніках перамоў падпісаны пакет міжнародных дакументаў

Па выніках некалькіх раўндаў перамоў сёння ў Мінску падпісаны пакет дакументаў - дамовіліся супрацоўнічаць у сферы юстыцыі і адукацыі. На найбліжэйшыя тры гады краіны вызначыліся і з праграмай навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Абменьвацца інфармацыяй дамовіліся інфармагенцтвы - наша "БелТА" і іх "Пернса Лаціна". Ну а лідары па выніках сустрэчы ў сумеснай заяве пацвердзілі - пазіцыі краін па глабальным парадку дня  супадаюць - трэба развіваць рэальнае супрацоўніцтва.

На дадзеным этапе наша супрацоўніцтва ў камерцыйным кірунку абмяжоўваюць вызначаныя часовыя фактары, якія мы дамовіліся пераадолець у кароткі прамежак часу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі таксама сумесныя рашэнні, якія дазволяць у найбліжэйшай будучыні вывесці аб'ёмы двухбаковага гандлю на ўзровень, належны стратэгічным партнёрам". "І мы гэта можам зрабіць. Толькі не трэба спасылацца на аб'ектыўныя і суб'ектыўныя цяжкасці. Яны былі, ёсць і будуць заўсёды і на Кубе, і ў Беларусі, і ў іншых дзяржавах. Мы для таго і існуем, каб пераадольваць гэтыя складанасці. Аб гэтым мы, перш за ўсё, дамовіліся з Прэзідэнтам Кубы.

Ужо ў лістападзе беларускія кампаніі чакаюць у Гаване - там пройдзе штогадовая міжнародная выстаўка.

Дзе можна распавесці аб сабе і сваіх таварах усёй Лацінскай Амерыцы. Завязаць кантакты. Кубінцы, напрыклад, вельмі зацікавіліся беларускімі электробусамі. Так,  іх як раз можна прэзентаваць.  50 краін пацвердзілі ўжо свой удзел на форуме. За апошнія гады не менш  сур'ёзнае прадстаўніцтва можна назіраць ля сцен Палаца Незалежнасці - "міжнародная алея" то і справа папаўняецца новымі дрэўцамі. Высаджваць ялінку на памяць стала добрай беларускай традыцыяй. Свой след на нашай зямлі пакінуў і кубінскі лідар. Той унікальны выпадак, калі па суседстве не ЗША або Мексіка. А Грузія і ААЭ. 

А вось на памяць з Мінска Мігель Дыяз Канель павязе падарункі ад нашага Прэзідэнта. Карціна пэндзля беларускай мастачкі, на якой намаляваны кубінскі паэт Хасэ Марці і, вядома, эксклюзіўны шакалад. Зрэшты, вынік перамоў куды больш важкі. Зрабілі ўсё, каб,  нягледзячы на цяжкасці і адлегласць,  супрацоўніцтва паміж краінамі не спынялася, а развівалася, выходзіла на новы этап. Як гаварыў Фідэль Кастра: "Перамога – гэта ўпартасць". Лепш (у тым ліку пра Беларусь і Кубу)  не скажаш.