Новы праект аб ліцэнзаванні медыцынскіх паслуг абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

21 Мая 2020
Міністэрства аховы здароўя  прапаноўвае ўпарадкаваць ліцэнзаванне медыцынскіх паслуг у краіне. Прапанова ведамства сёння стала падставай для дакладу Кіраўніку дзяржавы міністра Уладзіміра Караніка і памочніка Прэзідэнта Аляксандра Косінца. Міністэрства тлумачыць ініцыятыву пашырэннем медыцынскіх паслуг у краіне. За апошнія гады колькасць новых методык  касметалагічнага, хірургічнага і іншых профіляў  стала значна шырэйшай. Пры гэтым дзяржустановы і медцэнтры аказваюць такія паслугі ў рамках ліцэнзій. У той жа час выпадкі прычынення шкоды здароўю пацыентам не адзінкавыя. Тым больш шэраг працэдур сёння не патрабуе ад спецыяліста, які іх аказвае, медыцынскай адукацыі. Размова галоўным чынам пра  масаж з выкарыстаннем медтэхнікі, лазерную эпіляцыю, паслугі салярыяў. У ведамстве прапаноўваюць вярнуцца да абмеркавання абавязковага ліцэнзавання такіх працэдур. Гэта запатрабуе ад спа- і медцэнтраў падмацавання адпаведнай медыцынскай кваліфікацыі спецыялістаў. Пры гэтым Прэзідэнт нагадвае: у краіне ўзяты курс на лібералізацыю бізнесу. За  апошнія гады для асобных відаў дзейнасці ліцэнзіі адмянілі, каб не ствараць лішніх бар'ераў у працы. І ўсе рашэнні павінны адпавядаць гэтай формуле.

Сёння медыцынскае ліцэнзаванне на шэраг працэдур добраахвотнае. І многія спа-цэнтры пры іх аказанні працуюць па спрошчанай схеме. Яны не патрабуюць ад сваіх работнікаў  дыплома  медыка і не абавязаны спецыяльна рэгістраваць абсталяванне. Ці варта прынцыпова мяняць гэтую схему - пытанне сёння ўзгодняць з Кіраўніком дзяржавы.

На сустрэчы таксама абмеркавалі бягучую эпідэміялагічную сітуацыю.