Новыя падыходы да развіцця аховы здароўя Беларусі абмяркоўваюць у Палацы Незалежнасці

12 августа 2019

Адпаведны даклад Кіраўніку дзяржавы прадставіў профільны міністр.
Уладзімір Каранік быў прызначаны на пасаду некалькі месяцаў таму. Тады Аляксандр Лукашэнка паставіў перад новым кіраўніком Міністэрства аховы здароўя прынцыповую задачу - навесці парадак у медыцыне! Асабліва гэта датычыцца спынення фактаў карупцыі - выкаранення шэрых схем пры закупках медабсталявання. Ёсць і іншыя праблемныя бакі галіны - у частцы імпартазамяшчэння лекаў. Сярод прапаноў - удасканаленне працэдуры закупкі, а таксама павелічэнне абароту на рынку айчынных прэпаратаў.

Беларуская медыцына за апошні час зрабіла вялізны крок наперад. Пра гэта сведчаць і сусветныя рэйтынгі. У краіне правялі мадэрнізацыю ўсіх звёнаў аховы здароўя: ад ФАПаў у аграгарадках да магчымасці высокатэхналагічных аперацый у транспланталогіі. Штогод з'яўляюцца новыя віды дыягностыкі. І ўсё гэта тысячы выратаваных жыццяў. Прынцыповае меркаванне Кіраўніка дзяржавы: беларуская ахова здароўя мае патрэбу ва ўдасканаленні, новая стратэгія развіцця неабходная ўсім галінам. Далейшых прапаноў чакаюць ад новага міністра. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.