Новыя асобы ў міністэрствах, у Савеце бяспекі і Дзяржкантролі, у кіраўніцтве МТЗ. Прэзідэнт прыняў шэраг кадравых рашэнняў

11 июня 2019

Адразу два новыя міністры, замена ў кіраўніцтве МТЗ і новыя асобы ў Савеце бяспекі, Камітэце дзяржкантролю і ў мясцовай вертыкалі ўлады. Кадравы аўторак сёння ў Палацы Незалежнасці: 12 чалавек змянілі пасады, а некаторыя з іх - і месца жыхарства.

У прыярытэце - жорсткасць прыняцця рашэнняў, але з павагай да простых людзей. Гэта датычыцца ўсіх прызначэнцаў без выключэння. Не аддаляцца ад беларусаў, не баяцца іх праблем і прыкласці максімум высілкаў для іх рашэння - гэта галоўнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы. Так, Юрыю Караеву - з сённяшняга дня міністру ўнутраных спраў - трэба па-новаму зірнуць на працу міліцыі. Галоўнае - справядлівасць рашэнняў. Вакантнай міністэрская пасада заставалася нядоўга: нагадаем, папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч сышоў у адстаўку ўчора. Абнавіўся Савет бяспекі: намеснікам дзяржсакратара стаў Аляксандр Рахманаў. Зноў пераедзе ў сталіцу памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці. Зараз Віталю Воўку адказваць за развіццё Мінскага трактарнага завода. Галоўныя мэты - сучасная прадукцыя, рэнтабельнасць вытворчасці і пашырэнне экспарту. У Беларусі зараз і новы міністр аховы здароўя. Валерыя Малашку з гэтага дня змяніў галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага онкадыспансера Уладзімір Каранік. У першую чаргу кіраўнік ведамства зоймецца выкараненнем карупцыйных праяў.

Па выніках кадравага дня абнавілася мясцовая вертыкаль улады. Адразу некалькі змен у Магілёўскім раёне: старшынёй райвыканкама ўзгоднены Алег Чыкіда, адказваць за развіццё Ленінскага раёна абласнога горада зараз будзе Аляксей Багайчук. Дэпутат Сяргей Зямчонак (у парламенце ён адказваў за эканоміку) узначаліць Лёзненскі раён. Ім трэба акцэнтаваць сваю ўвагу на развіцці новых кірункаў у сельскай гаспадарцы і вырабляць запатрабаваную на рынку прадукцыю. Уважліва варта прыгледзецца да авечкагадоўлі - раней на гэтым спецыялізаваліся шматлікія беларускія прадпрыемствы, і сёння гэтае пытанне не страціла актуальнасці. А ўсяго ў краіне каля чвэрці гаспадарак дагэтуль не могуць выйсці на рэнтабельную працу.

Таксама сёння два новыя прызначэнцы ў Камітэце дзяржкантролю. Абнавіўся склад Магілёўскага і Брэсцкага абласных камітэтаў. Падоўжаны тэрмін паўнамоцтваў Ілоны Лядніцкай - члена праўлення Нацыянальнага банка.