Новы будынак Вярхоўнага суда адкрыўся сёння ў Мінску. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Кіраўнік дзяржавы. Палац правасуддзя пабудавалі за 2,5 года. Будынак размясціўся насупраць Палаца Незалежнасці. Ён атрымаўся адначасова сучасным і функцыянальным. Уваходзіны сумясцілі з размовай аб тым, як удасканальваць дзейнасць судоў агульнай практыкі. Прэзідэнт адзначыў важныя патрабаванні да працы судзейскага корпусу: гэта законнасць, справядлівасць і практыкаарыентаванасць. І галоўнае - у рабоце судоў павінна быць справядлівае стаўленне да людзей, толькі тады яны будуць давяраць правасуддзю і ведаць, што заўсёды змогуць знайсці абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. З месца падзей Ілона Красуцкая.
Новы будынак Вярхоўнага суда завяршае горадабудаўнічы ансамбль на праспекце Пераможцаў. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, плошча Дзяржаўнага флага і самы статусны будынак - Палац Незалежнасці. Фасады ўсіх гэтых будынкаў люстраныя, такі ж здабыла і новабудоўля. Зрэшты, тут таксама асаблівы сэнс. Галоўныя якасці судзейскай сістэмы - сумленнасць і справядлівасць - адлюстраванне суверэннай дзяржавы.
Абрысы аблічча, па задумцы архітэктараў, нагадваюць шалі Феміды - багіні правасуддзя. Такіх жа ўзважаных і справядлівых рашэнняў дзяржава чакае ад працы судовай улады. Пры будаўніцтве выкарыстоўваліся беларускія матэрыялы і абсталяванне, ліфты, мэбля, люстры. Кожны квадратны метр інтэр'ераў сімвалізуе аўтарытэт судовай улады.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з магчымасцямі новага будынка Вярхоўнага суда. Наведаў залы і кабінеты, дзе будуць працаваць суддзі. Уваходзіны - падзея знакавая і ў той жа час добрая падстава пагаварыць аб развіцці судовай сістэмы краіны. На сустрэчу запрасілі амаль чатыры сотні чалавек - кіраўніцтва судоў усіх узроўняў. Неабходнасць такой размовы наспела даўно, бо апошні раз такое мерапрыемства праводзілі 8 гадоў таму. А ўжо 5 гадоў як аб'яднаны агульныя і гаспадарчыя суды. Наколькі эфектыўная цяперашняя судзейская сістэма - прыярытэтнае пытанне.
Многія пытанні ў судзейскай сістэме ўжо вырашаны. Няма цякучкі кадраў, павысіўся прэстыж прафесіі суддзі. Але новы час дыктуе свае правілы. Працаваць па-старому ўжо не атрымаецца. Прэзідэнт арыентуе прадстаўнікоў Феміды пераасэнсаваць бачанне сваёй прафесіі, быць больш уважлівымі да людзей і часам ставіць сябе на іх месца. Бо ад таго, якім будзе падыход, такое і ў цэлым у людзей будзе складвацца ўражанне аб усёй судзейскай вертыкалі краіны. Падрыў іміджу проста недапушчальны.
Моцны кадравы склад і ўдасканаленне прафесійнага ўзроўню дзеючых кадраў. У краіне будзе кардынальна перабудавана работа Інстытута перападрыхтоўкі суддзяў. У штат возьмуць вопытных спецыялістаў-практыкаў і нават псіхолагаў. У цэлым вышэйшая судовая інстанцыя абавязана дзейнічаць стратэгічна і працаваць на апярэджанне. Прэзідэнт арыентуе Вярхоўны суд на аналітычную работу. Прававая работа пленума і прэзідыума павінна быць практыкаарыентаваной для ўсіх праваахоўных органаў. Сярод ініцыятыў і поўная лічбавізацыя. Да 1 верасня наступнага года ў першую чаргу Вярхоўны і абласныя суды адмовяцца ад папяровых пратаколаў. Словам, новы час дыктуе новыя падыходы ў працы, а ў такіх інтэр'ерах на недахоп натхнення скардзіцца ўжо сапраўды не прыйдзецца.
Новы будынак Вярхоўнага суда адкрыўся ў Мінску. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Кіраўнік дзяржавы
5 апреля 2019













