Неабходна не дапусціць эскалацыі канфлікту ва Украіне і прадухіліць гуманітарную катастрофу. Такую пазіцыю падтрымалі прэзідэнты краін Мытнай тройкі і Украіны, а таксама высокія прадстаўнікі Еўрасаюза напярэдадні на сустрэчы ў Мінску.
Беларуская сталіца ўпершыню ў гісторыі стала пляцоўкай для дыялогу двух найбуйных інтэграцыйных аб'яднанняў на такім высокім узроўні. Галоўныя тэмы - урэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны і эканамічнае ўзаемадзеянне з Мытным саюзам у святле падпісання Кіевам пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Перамовы, як канстатавалі ўдзельнікі, і стануць першым крокам на шляху ў адзіна правільным кірунку - да мірнага вырашэння канфлікту.
Расказвае Андрэй Крывашэеў.
Гэтых перамоў чакалі. Чакалі ў Беларусі, дзе востра, як сваю, адчуваюць трагедыю ўкраінскага народа. Чакалі саюзнікі па еўразійскім праекце і, вядома, сама Украіна, сутыкнуўшыся з вайной, гуманітарнай катастрофай, хваляй бежанцаў, разрывам многіх палітычных сувязяў, пагрозай гандлёвай і энергетычнай блакады, санкцыямі - ударам па самых адчувальных сектарах эканомікі. На прамы дыялог і разрадку разлічвалі і нашы еўрапейскія партнёры, выдатна ўсведамляючы, што новыя бар'еры ў Еўропе правакуюць рэцэсію, а супрацьстаянне ўжо балансуе на мяжы халоднай вайны.
Аналітыкі на Захадзе і Усходзе да апошняга сумняваліся, ці адбудуцца сустрэчы, ці зможа афіцыйны Мінск пасадзіць за круглы стол тых, у чыіх руках ключы да міру. Дзень 26 жніўня стаў пераломным, адпраўным пунктам новай еўрапейскай палітыкі.
Мінск валодае ўнікальнай атмасферай для канструктыўных палітычных і эканамічных перамоў. Такое рэнамэ ў міжнародных адносінах практычна неацэннае. Тым больш што яго пацвердзілі ўсе бакі ўнікальнай мінскай сустрэчы: прэзідэнты Пуцін і Назарбаеў ад Расіі, Казахстана і Мытнага саюза, баранеса Эштан ад імя Еўракамісіі і Пётр Парашэнка - кіраўнік Украіны. Ён жа даў перамовам і самы гучны эпітэт, заявіўшы: ад вынікаў сустрэчы залежыць ні многа ні мала лёс Еўропы і свету.
Канструктыў перамоў растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. На першай у гісторыі сустрэчы Мытнай тройкі, тройкі ключавых еўракамісараў і Украіны беларускі лідар заявіў: за гэтым сталом няма пасрэднікаў, лабістаў і авантурыстаў - толькі бакі, прама зацікаўленыя ў міры і стабільнасці на кантыненце. Гэта і ёсць формула паспяховага першага кроку да міру.
Яшчэ да шырокага фармату бакі правялі тытанічную работу па выбудоўванні перагаворнай базы - з гэтага пачынаецца любы мір. Украіна праз беларускага лідара заявіла аб гатоўнасці да прамога дыялогу, Мінск паспяхова правёў раўт тэлефоннай дыпламатыі і пасяджэнне кантактнай групы. Масква, Астана і Брусель падрыхтавалі аргументы і канкрэтныя прапановы да сустрэчы. 26 жніўня, не марнуючы часу, палітыкі пачалі з двухбаковых перамоў.
Прэзідэнт Украіны на сустрэчы з беларускім лідарам не страчваў аптымізму. Так, сустрэча першая, а гордзіеў вузел супярэчнасцяў выглядае жудасна. Але рассячы яго па сілах, асабліва краінам са шматвяковай гісторыяй адносін. Беларусь гатовая стварыць для гэтага ўсе ўмовы. Менавіта за гэта Аляксандру Лукашэнку асобна дзякавала кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Кэтрын Эштан.
Сустрэча лідараў Еўразійскай тройкі з прэзідэнтам Украіны пры ўдзеле высокіх прадстаўнікоў Еўрасаюза сімвалічна пачалася з поціскаў рукі. Сотні журналістаў адзначылі - гэта не проста этыкет, гэта першы валявы жэст для выйсця з крызісу.
Адразу пасля цырымоніі фатаграфавання перамовы ва ўнікальным мінскім фармаце пяцёркі - Беларусь, Расія, Казахстан, Украіна і ЕС. Адкрытая для прэсы частка. Гледзячы адзін аднаму ў вочы, палітыкі заяўляюць стартавыя пазіцыі. Гэта важна.
Галоўныя тэзісы: Аляксандр Лукашэнка - адкінуць амбіцыі, разарваць спіраль узаемнага ўрону, што вядзе да катастрофы, усё дзеля міру; Кэтрын Эштан - падтрымка міру, суверэнітэту Украіны і добрых адносін з суседзямі; лідар Казахстана - неадкладная і агульная рэакцыя на гуманітарную катастрофу ў Данбасе, адмена санкцый; Уладзімір Пуцін - комплекснае вырашэнне праблем эканомікі і энергетыкі, прамыя перамовы па ўмовах свабоднага гандлю і асацыяцыі; Пётр Парашэнка - заклік падтрымаць мірны план, гатоўнасць да кампрамісу, акцэнт на перамовах.
Амаль чатыры гадзіны - менавіта столькі працягвалася закрытая для прэсы частка сустрэчы. Першыя вынікі па просьбе калег агучвае гаспадар саміту Аляксандр Лукашэнка. Дзясяткі тэлекамер і мікрафонаў фіксуюць тры першыя сумесныя рашэнні па выніках вельмі цяжкага, але канструктыўнага дыялогу.
На гадзінах 9 вечара, але ў шматфарматным мінскім дыялогу рана ставіць кропку. Следам дзве прынцыповыя сустрэчы: адкрытая гутарка тэт-а-тэт Пуцін - Парашэнка. Яшчэ дзень таму многія аналітыкі пераконвалі: такое немагчымае. У Мінску гэта стала рэальнасцю.
Другая сустрэча ў фармаце Еўразійскай тройкі - Беларусь, Расія, Казахстан. Саюзнікі больш як дзве гадзіны выпрацоўваюць агульныя падыходы ў эканоміцы, энергетыцы, гуманітарнай місіі на Данбасе, узаемадзеянні з Еўракамісіяй і АБСЕ. Толькі каля паўночы да прэсы спускаюцца Уладзімір Пуцін і Нурсултан Назарбаеў.
Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі: Мы гаварылі наконт неабходнасці хутчэйшага спынення кровапраліцця, наконт неабходнасці пераходу да палітычнага ўрэгулявання ўсяго комплексу праблем, з якімі Украіна сутыкнулася на паўднёвым усходзе краіны. Расія са свайго боку будзе рабіць усё для гэтага мірнага працэсу, калі ён пачнецца. А на наш погляд, гэты працэс трэба пачаць як мага хутчэй.
Мы лічым - і я, і прэзідэнт Парашэнка, што трэба аднавіць наш дыялог па пытаннях энергетыкі і па газавай праблематыцы. Шчыра кажучы, гэта складанае пытанне. Яно знаходзіцца ў тупіку, але гаварыць пра гэта ўсё роўна трэба. Мы дамовіліся, што гэтыя кансультацыі адновім.
Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Казахстана: Я прапанаваў, каб было аб'яўлена перамір'е на час дастаўкі гуманітарных грузаў і забяспечаны такі калідор і каб у гэтым удзельнічалі і іншыя краіны, не толькі Расія. Мы сур'ёзна гаварылі на гэтую тэму.
Другая тэма - гэта асацыяцыя Украіны з ЕС. Мы вырашылі стварыць рабочую групу, якая будзе ў гэтым разбірацца і калі трэба - уносіць нейкія змяненні ў гэтыя дамоўленасці Украіны з ЕС. Любыя войны, нават сусветныя заканчваліся перамовамі, таму бакі павінны прыходзіць да кампрамісу, а кампраміс прадугледжвае ўзаемныя ўступкі. Гэтыя вынікі вельмі важныя, і мы дамовіліся, што такія сустрэчы будуць прадоўжаныя. Крок за крокам мы будзем вырашаць пытанні ад простага да складанага. Гэта галоўнае.
Лепш благі мір, як добрая сварка, і дыялог, што стаў прарыўным па адкрытасці, але незавершаным па сутнасці патрабуе працягу і будзе прадоўжаны. Іншага кірунку ў новай шчырай і мудрай палітыкі быць не можа, упэўнены Прэзідэнт Беларусі.














