Насычаны перагаворны дзень беларускай дэлегацыі ў В'етнаме

9 декабря 2015

Увесь спектр двухбаковых адносін дэталёва абмеркавалі на сустрэчы двух прэзідэнтаў - Аляксандра Лукашэнкі і Чыонг Тан Шанга ў Ханоі. У выніку курс на ўмацаванне партнёрства Беларусі і В'етнама здабыў форму дакументаў. Была падпісаная праграма ўзаемадзеяння ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах. Акрамя таго, лідары дзвюх краін дамовіліся давесці ўзровень тавараабароту да адзнакі ў паўмільярда долараў. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, усе перадумовы для гэтага ёсць. Пазіцыі дзвюх краін супадаюць па шматлікіх аспектах - гэта датычыцца і сацыяльна-арыентаванай палітыкі, і поглядаў на міжнародны парадак дня. В'етнам для нашай краіны не толькі надзейны сябар, але і стратэгічны партнёр у паўднёва-азіяцкім кірунку.

Аб чым яшчэ дамовіліся на вышэйшым узроўні - падрабязнасці з Ханоя ў рэпартажы Аляксея Адашкіна. В'етнамскі тыгр, новы азіяцкі дракон. Такія эпітэты выкарыстоўваюць эксперты, калі апісваюць скок у развіцці, які зрабіў В'етнам за апошнія гады. За 10 гадоў В'етнам перамясціўся на 32 месца сярод усіх эканомік свету. Па ацэнках аналітыкаў, да 2050 года гэтая краіна будзе ўжо 22-й, гэта значыць максімальна наблізіцца да "Вялікай дваццаткі". Унутраны валавы прадукт краіны ў пачатку 21-га стагоддзя паказаў вялікі чатырохразовы рост. Прычым, адначасова з мадэрнізацыяй сельскай гаспадаркі гэтая краіна змагла ператварыцца ў аднаго з вядучых сусветных вытворцаў і прадаўцоў мікраэлектронікі. В'етнам, як і Беларусь, - краіна экспартаарыентаваная. 70% усяго зробленага тут пастаўляецца за мяжу. Імклівы рост эканомікі прыцягвае ў краіну замежныя кампаніі. У 2015-м аб'ём замежных інвестыцый склаў 20 мільярдаў долараў.

В'етнам трапятліва ставіцца да захавання памяці аб сваёй гісторыі і аб гераічных подзвігах народа. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння да афіцыйных перамоў наведаў самыя сакральныя для кожнага жыхара гэтай краіны месцы. Кіраўнік дзяржавы спачатку ўсклаў вянок да манумента Загінуўшым героям. Гэты помнік узвялі ў 1995 годзе, і ён з'яўляецца нацыянальным мемарыялам у гонар воінаў, якія аддалі свае жыцці за незалежнасць краіны. Усярэдзіне манумента знаходзіцца бронзавая рытуальная чара, у якую ставяцца араматычныя палачкі.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да маўзалея Хо Шы Міна - першага прэзідэнта гэтай краіны. Мемарыяльны комплекс знаходзіцца на плошчы Ба Дзінь - самай вялікай у В'етнаме. Менавіта тут у 1945 годзе Хо Шы Мін зачытаў Дэкларацыю незалежнасці гэтай азіяцкай дзяржавы. Першая афіцыйная асоба, з якой сустрэўся Аляксандр Лукашэнка, - прэзідэнт В'етнама. Беларускага лідара прывіталі з усімі ўшанаваннямі, якія загадвае пратакол для дзяржаўнага візіту.

Прэзідэнт Беларусі ўжо трэці раз наведвае В'етнам. Першая паездка адбылася ў 1997 годзе, і Аляксандр Лукашэнка адзначае на сустрэчы з в'етнамскім калегам, як моцна - да непазнавальнасці - за гэтыя гады змяніўся В'етнам. Беларусь разглядае гэтую краіну як аднаго з найважнейшых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Лідары дзвюх краін разам з прадстаўнічымі дэлегацыямі міністраў і кіраўнікоў ведамстваў сёння за агульным сталом дэталёва абмеркавалі двухбаковыя адносіны.

Беларуская дэлегацыя прыехала на перамовы з пакетам канкрэтных прапаноў, як гаворыцца ў палітыцы, з дэталёвай дарожнай картай супрацоўніцтва. Лідары дзвюх краін даюць зялёнае святло ўзаемадзеянню ў мностве сфер, а прамыслоўцы і бізнес-супольнасць ужо гатовыя рэалізоўваць праекты - прычым, самыя смелыя.

Вынік перамоў прэзідэнтаў сёння замацавалі на паперы. Беларусь і В'етнам падпісалі пакет міждзяржаўных дакументаў. Сярод іх праграма супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах, а таксама сумесная заява двух лідараў аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі. Акрамя таго, былі заключаны пагадненні ў сферах турызму, навукі і адукацыі. Апошняе асабліва важнае. Бо менавіта в'етнамскія выпускнікі беларускіх ВНУ сёння з'яўляюцца аднымі з самых актыўных ініцыятараў супрацоўніцтва з нашай краінай.

Сёння падпісана і дарожная карта супрацоўніцтва акадэмій навук дзвюх краін. В'етнам робіць стаўку на развіццё навукаёмістых сфер прамысловасці, таму ноу-хау беларускіх навукоўцаў тут запатрабаваны. Дарэчы, прэзідэнт в'етнамскай Акадэміі навук летась быў выбраны ў замежныя члены Акадэміі навук Беларусі.

Нацыянальны сход В'етнама - гэта вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў краіне. У яго складзе 500 дэпутатаў, з ліку якіх, дарэчы, сам парламент і выбірае прэзідэнта краіны. У кампетэнцыі Нацыянальнага сходу як эканоміка, сацыяльная сфера, так і знешняя палітыка краіны. Таму заканамерна, што Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з лідарам парламента В'етнама.

У афіцыйнай назве В'етнама дагэтуль захавалася спалучэнне "сацыялістычная рэспубліка". Тым не менш ужо зараз аўтарытэтныя заходнія дзелавыя выданні апісваюць эканоміку гэтай краіны як "чырвоны капіталізм". Тым не менш канстытуцыяй В'етнама замацавана кіруючая роля менавіта Камуністычнай партыі. Гэта самая ўплывовая сіла ў краіне. Генеральны сакратар ЦК Кампартыі В'етнама летась, дарэчы, наведваў нашу краіну. Аляксандр Лукашэнка адзначае, што ў будаўніцтве дзяржавы, у ідэалогіі В'етнам і Беларусь прытрымліваюцца падобных прынцыпаў. І такое супадзенне поглядаў можа адыграць сваю станоўчую ролю ў двухбаковых адносінах.

Апошняй сустрэчай у шчыльным графіку Прэзідэнта сёння сталі перамовы з прэм'ер-міністрам В'етнама. Менавіта ўрады дзвюх краін зоймуцца рэалізацыяй усіх тых праектаў, пра якія сёння дамовіліся на самым высокім узроўні. Бакі дамовіліся павысіць статус сустаршыняў міжурадавай камісіі, якая і будзе курыраваць найважнейшыя аспекты двухбаковых адносін. Чарговае пасяджэнне камісіі пройдзе ў Мінску ў пачатку наступнага года.

На ўсіх сустрэчах сёння падкрэслівалася, што эканоміка стане фундаментам двухбаковых адносін. Па выніках гэтага візіту падпісаны пакет дакументаў на агульную суму, якая перавышае цяперашні гадавы тавараабарот паміж нашымі краінамі.

Пастаўкі тэхнікі МТЗ і БелАЗ, сумесная зборка грузавікоў МАЗ і зусім новы праект - выпуск беларускіх аўтобусаў у Хошыміне, прамысловым і бізнес-цэнтры В'етнама. Гэта тыя стрыжні, якія зблізяць эканомікі нашых краін, хай і аддаленыя геаграфічна. Ужо практычна перад выездам у аэрапорт Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з беларуска-в'етнамскім аўтобусам, які ў хуткім часе можа замяніць тысячы скутараў у гарадах гэтай краіны.

У маі гэтага года В'етнам падпісаў дагавор аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Гэта азначае, што істотна спросцяцца ўмовы супрацоўніцтва паміж беларускімі і в'етнамскімі кампаніямі і прадпрыемствамі. А значыць, яшчэ больш беларускіх тавараў могуць стаць у гэтай краіне легендарнымі, як, напрыклад, матацыкл "Мінск" і трактар МТЗ.

Дзяржаўны візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў В'етнам адкрыў новую эпоху ў адносінах паміж дзвюма дзяржавамі. Як паказалі сённяшнія перамовы на вышэйшым узроўні, бакі добра разумеюць і падтрымліваюць адзін аднаго. Ёсць воля лідараў на тое, каб вывесці адносіны, у першую чаргу эканамічныя, на новую прыступку ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Бо ў палітычнай сферы Мінск і Ханой ужо зблізіліся максімальна.