Насычаны хакейны тыдзень быў у Кіраўніка дзяржавы

5 января 2014

Аб яркіх спартыўных стартах новага года. У першыя дні студзеня іх сапраўды было шмат. Мяркуйце самі… Азаранка, Домрачава, Калядны турнір па хакеі, а яшчэ вось гэтая незвычайная сустрэча на лёдзе ў Сочы. Насычаны хакейны тыдзень быў, у тым ліку, і ў Кіраўніка дзяржавы. За тры дні тры гульні! Гэта графік прафесіянала. Напярэдадні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні расійскага калегі наведаў сталіцу зімовай Алімпіяды. Уладзімір Пуцін папрасіў беларускага лідара, вядомага сваім захапленнем хакеем і ведамі ў гэтай галіне, агледзець і выпрабаваць галоўную алімпійскую хакейную арэну Сочы. Ну, а далей быў той самы таварыскі матч. Лукашэнка і Пуцін у адной камандзе, а разам з імі такія зоркі сусветнага хакея, як, напрыклад, Вячаслаў Фяцісаў і Павел Бурэ.



Усе падрабязнасці ў Івана Міхайлава.


Каманду Прэзідэнта на Калядным турніры нязменна сустракаюць перапоўненыя трыбуны. Гледачы прывыклі да відовішчнай гульні і закінутых на любы густ шайбаў. Прывыклі яны і да таго, што каманда гаспадароў у поўнай меры апраўдвае сваю назву: не здраджваючы шматгадовай традыцыі, у яе складзе на пляцоўку выходзіць і Кіраўнік дзяржавы.


У стартавым для сябе матчы турніру з камандай Францыі каманда Прэзідэнта адразу паказвае хто на лёдзе гаспадар. Сур'ёзная тэрытарыяльная перавага ўвасабляецца ў вялікую колькасць закінутых шайбаў ужо ў першым перыядзе.


Аляксандр Лукашэнка на лёдзе фігура прыкметная. І справа не толькі ў нумары адзін на світары. Кіраўнік дзяржавы які раз здзіўляе балельшчыкаў добрым катаннем і нядрэнным бачаннем пляцоўкі. У першым матчы Прэзідэнт шайбаў не закінуў, затое ювелірна аддаваў галявыя перадачы, зарабіўшы адразу чатыры асістэнцкія балы.


Дружына Кіраўніка дзяржавы перайграла французаў 16:2, а ўжо на наступны дзень, што завецца, без адпачынку Прэзідэнт ляціць у Сочы - калега Уладзімір Пуцін запрасіў агледзець і выпрабаваць алімпійскі лёд. Улічваючы даўняе захапленне хакеем беларускага лідара, веды ў дадзенай галіне, а таксама вопыт падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату свету 2014 года, які ўжо вясной прымаць Мінску.


Сочы сталіцай сусветнага хакея стане ледзь раней. Ужо ў лютым тут запаліцца алімпійскі агонь, а паядынак за першае месца пройдзе менавіта ў Вялікім лядовым палацы. Кіраўнік дзяржавы аглядае галоўную хакейную арэну, знаёміцца з умовамі, у якіх будзе праходзіць алімпійскі хакейны турнір, а пасля адпраўляецца ў раздзявалку пагутарыць з легендамі сусветнага хакея, разам з якімі зусім хутка выйдзе на лёд.


Матч таварыскі. Каманды сфарміраваныя з зорак сусветнага хакея і прадстаўнікоў расійскай аматарскай Начной хакейнай лігі. Прэзідэнты Беларусі і Расіі гуляюць у адной камандзе і ў адной пяцёрцы.


У тройцы форвардаў з кіраўнікамі дзяржаў таксама Павел Бурэ. З капітанскай павязкай прэзідэнцкую дружыну на лёд вывеў двухразовы алімпійскі чэмпіён Вячаслаў Фяцісаў.


На світары Аляксандра Лукашэнкі звыклы нумар 1, ва Уладзіміра Пуціна - 11. Прэзідэнты выходзяць на лёд у стартавай пяцёрцы, і з першых хвілін каманда прыціскае саперніка да варот.


У абедзвюх камандах цэлы россып зорак. Валерый Каменскі, Аляксандр Кажэўнікаў дапаўняюць склад дружыны прэзідэнтаў. Таксама ў ёй гуляе міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і гульцы каманды Прэзідэнта Беларусі Андрэй Асташэвіч і Міхаіл Захараў. Месца ў варотах даручылі Дзмітрыю Баскаву - дырэктару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дынама. У каманду сапернікаў увайшлі Аляксей Жамноў, Аляксандр Магільны, браты Голікавы, Аляксандр Якушаў, Сяргей Макараў і іншыя легенды сусветнага хакея.


Мяркуючы па гульні Кіраўніка дзяржавы, учарашняга матча ў Мінску нібы і не было. Прэзідэнт актыўна перамяшчаецца па пляцоўцы, удзельнічае ў камбінацыях і ўжо ў самым пачатку матча магутным кідком закідвае, бадай, самую эфектную шайбу матча.


Каманда сустракае Аляксандра Лукашэнку заслужанымі апладысментамі. Выдатнае выкананне, якое ўпрыгожыла б нават матч прафесійнай лігі. На фоне знакамітых сапернікаў і партнёраў Прэзідэнт, што завецца, не выпадае з гульні. Больш за тое, праводзіць на пляцоўцы нямала часу. Пры гэтым актыўна абвастрае гульню ля борта. Часта кідае па варотах і аддае вострыя перадачы. Вось чарговая галявая - на Уладзіміра Пуціна.


Гульня выйшла двухбаковавострай, з вялікай колькасцю кідкоў і небяспечных момантаў. Паведучы ў ліку, чырвоныя не пакінулі саперніку шанцаў. На першы перапынак каманды пайшлі з лікам 4:0, а да пачатку трэцяга перыяду вялі ўжо 8:2. Скончылася гульня пераканаўчай перамогай прэзідэнцкай каманды з лікам 12:3.


На наступны дзень пасля сочынскага матча Кіраўніку дзяржавы зноў апранаць хакейную амуніцыю. Чарговы матч Каляднага турніру - гэтым разам з камандай Германіі. Тры гульні за тры дні - такі графік нават для прафесіяналаў выпрабаванне не з лёгкіх. І толькі, знаходзячыся ў добрай форме, можна падтрымаць гэткі няпросты гульнявы рытм.