Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка

6 августа 2019

Важнасць доўгатэрміновых укладанняў пад невысокую стаўку для стабільнага развіцця не толькі Беларусі, а ўсяго еўрапейскага рэгіёна. Фінансаванне развіцця малога і сярэдняга бізнесу і адкрыццё прадстаўніцтва ў Беларусі.

Гэтыя тэмы сталі ключавымі напярэдадні на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы і віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Усяго за паўтара года партфель інвестпраектаў  перавысіў 300 мільёнаў еўра. Такой дынамікі  няма ні з адным іншым стратэгічным крэдыторам у свеце. Ключавыя для Беларусі і Еўропы праекты з удзелам банка - транспартны калідор Мінск – Ашмяны -  Літва. А таксама  ачыстка вады ў мінскай агламерацыі, цеплавая ренавацыя жылля і перавод  кацельняў на мясцовыя віды паліва. Усе праекты нацэленыя на ўстойлівае развіццё і якасць жыцця ў Беларусі і Цэнтральнай Еўропе. 

Да паўмільярда еўра  вырастуць агульныя ўкладанні Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў Беларусь сёлета. Партфель папоўніцца недарагой крэдытнай лініяй на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Улічваючы штогадовы прырост інвестпартфеля, банк сур'ёзна разважае над адкрыццём свайго прадстаўніцтва ў ключавой для Еўрасаюза краіне рэгіёна.