Пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан

12 сентября 2018

Днём борт нумар адзін прызямліўся ў сталіцы краіны Ташкенце. Асноўны перагаворны дзень заўтра. Як чакаецца, перамовы лідараў дзвюх краін пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Перагаворная праграма вельмі насычаная. Хоць за 25 гадоў дыпламатычных кантактаў былі і перыяды адноснага зацішша, і вельмі цесных і плённых зносін на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Усё гэта разам - добрая аснова да паглыблення ўзаемадзеяння. Аснова нашага экспарту - трактары, цягачы, камплектуючыя да розных машын. У зваротным кірунку ў асноўным пастаўляюцца садавіна, баваўняная пража, трыкатаж. Растуць і лічбы тавараабароту. За мінулы год ён павялічыўся ўдвая ў параўнанні з папярэднім і дасягнуў 130 мільёнаў долараў. Ужо сёння зразумела, што гэта далёка не мяжа. Мяркуючы па агульным партфелі кантрактаў, які плануецца падпісаць на форуме дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін, што адкрыўся сёння ў Ташкенце, яшчэ адна сотня мільёнаў долараў у скарбонку сумесных праектаў - гэта цалкам рэальная перспектыва. Але пра ўсё па парадку. У Ташкенце працуе наша здымачная група. У Ілоны Красуцкай усе падрабязнасці са сталіцы Узбекістана.

Узбекістан. І першыя асацыяцыі. Старажытная архітэктура, смачная ежа, неймаверная гасціннасць. І, вядома, спякота. Зараз у Ташкенце +32 і гэта яшчэ лічыцца бархатны сезон. Такі ж плюс асабліва апошнія гады Узбекістан паказвае ў шматлікіх сферах, наладжвае трывалыя сяброўскія сувязі не толькі з найбліжэйшымі суседзямі. Адсюль будуць разлятацца цытаты для інфармагенцтваў пад тэгамі Мінск і Ташкент. З афіцыйным візітам ва Узбекістан некалькі гадзін таму прыбыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Борт нумар адзін Прэзідэнта Беларусі ажыццявіў пасадку ў найбуйнейшым аэрапорце Цэнтральнай Азіі імя першага лідара Узбекістана Іслама Карымава. Гэта не толькі ў духу ўсходняй гасціннасці прама ля трапа такі сардэчны прыём, але і красамоўны факт, які ў перакладзе з мовы дыпламатыі не што іншае, як знак асаблівай павагі. Аляксандра Лукашэнку асабіста сустракае прэм'ер Узбекістана. Дарэчы, Абдула Арыпаў будзе суправаджаць беларускага лідара на працягу ўсяго візіту. Гэта вельмі прагматычна. Вырашыць любыя пытанні палітыкі змогуць аператыўна і напрамую. У вітальным пуле яшчэ некалькі знакавых фігур - міністр замежных спраў і адразу два паслы, акрэдытаваныя ў Беларусі і Узбекістане.

Адразу з аэрапорта картэж беларускага лідара накіраваўся на плошчу Мустакілік, што ў перакладзе азначае - плошча Незалежнасці. Яе адкрывае Арка добрых і высакародных памкненняў, вянчаюць каланаду буслы. Такі ж сімвал, як і ў Беларусі. Плошча Незалежнасці - абавязковае месца наведвання ўсіх афіцыйных дэлегацый. Зараз ля манумента - кветкі ад Прэзідэнта Беларусі.

Але развіваць абноўленыя адносіны немагчыма без удзячнасці да мінулага. Пару гадоў таму Кіраўнік беларускай дзяржавы прылятаў ва Узбекістан, праўда, падстава была журботнай - памёр першы прэзідэнт гэтай краіны Іслам Карымаў. У Ташкенце ў яго гонар адкрылі помнік. Ён усталяваны на тэрыторыі былой рабочай рэзідэнцыі Аксарой. Плануецца, што там жа з'явіцца і мемарыяльны комплекс.

Нягледзячы на чвэрцьвекавую дыпламатыю, да нядаўняга часу кантакты Беларусі і Узбекістана не вылучаліся асаблівай інтэнсіўнасцю. Часцей лідары бачыліся на палях розных самітаў СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Апошнія пару гадоў кіруе Узбекістанам экс-прэм'ер Шаўкат Мірзіёеў. Каб перазагрузіць адносіны, паглыбіць узаемадзеянне па ўсіх кірунках кіраўнікі дзяржаў дамовіліся грунтоўна пагаварыць асабіста. Мірзіёеў запрасіў свайго беларускага калегу ва Узбекістан. А гэта, мабыць, знакавая падзея па слядах дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні: у сакавіку гэтага года Узбекістан, нарэшце, адкрыў сваё пасольства ў Мінску.

У гэты ж час Леанід Марыніч змяняе пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і ляціць у Ташкент, каб узначаліць пасольства Беларусі. Абодвум дыпламатам давялося няпроста, адразу на старт іх дыпмісіі прыпаў адказны этап - падрыхтоўка візіту беларускага лідара ва Узбекістан.

І як самі неаднаразова прызнаваліся абодва прэзідэнты, за апошнія пару гадоў краіны зрабілі больш, чым за 20.

Удвая вырас тавараабарот. Летась перавысіў 130 мільёнаў долараў і ў гэтым лічба паказвае імклівы рост. У рэспубліцы працуюць тры зборачныя вытворчасці. Дарэчы, завесці рухавік кааперацыі з новай сілай было адным з першых рашэнняў прэзідэнтаў. Нетры Узбекістана багатыя золатам. Па іх запасах краіна на 4 месцы ў свеце, па здабычы прыроднага газу - 11. Развіваюць чорную і каляровую металургію, актыўна будуюць чыгункі. На ўсіх гэтых аб'ектах не абысціся без надзейнай тэхнікі. Стаўку зрабілі на беларускіх партнёраў. Калі яшчэ 5 гадоў таму дарожную, будаўнічую, камунальную тэхніку брэнда "Амкадор" тут проста прадавалі, паўтара года таму пачалі збіраць сумесна. Зараз выпускаюць пагрузчыкі і каткі. Акрамя "Амкадора", у Ташкенце збіраюць нашу сельгастэхніку брэнда Бабруйскаграмаш і трактары МТЗ. Забяспечвае неабходнай тэхнікай рэгіён і гандлёвы дом МАЗ.

Узмацнілася не толькі прамкааперацыя, але і ўзаемная цікавасць прадпрымальнікаў. Бо новыя ўлады Узбекістана ўзялі курс на маштабныя ператварэнні ў дзяржсектары, эканоміцы, сацыяльнай сферы. Вялікае значэнне надаецца прыцягненню інвестыцый, летась краіна атрымала на гэтым 3 мільярды долараў. У прамым сэнсе Узбекістан адкрыты свету, пачаў зарабляць на турызме. У 2017 краіну наведалі 2,5 мільёна іншаземцаў. Наперадзе ў Мінска і Ташкента не менш сур'ёзныя планы - сумесныя праекты ў лёгкай прамысловасці, сельгасмашынабудаванні, пастаўках прадукцыі. Іх дэталёва топ-менеджары дзвюх краін сёння абмеркавалі падчас бізнес-форуму. Прычым адразу канвертавалі намеры. Падпісаныя кантакты і пагадненні на суму амаль 100 мільёнаў долараў.

Краіны будуць актыўна развіваць і рэгіянальныя сувязі. Двухбаковае пагадненне з'явілася ў Мінскай і Ташкенцкай абласцей. Наогул Узбекістан для беларускага турыста, мабыць, нават больш экзатычная краіна, чым Тайланд або Марока, сапраўдная terra incognita ў цэнтры Еўразіі. І гэта нягледзячы на агульнае мінулае і адсутнасць моўнага бар'ера. Гэты недахоп выправіць сумеснае пагадненне па развіцці турызму да 2020 года. Яго таксама сёння падпісалі падчас бізнес-форуму.

Асвятляць сапраўды гістарычную сустрэчу палітыкаў заўтра будуць больш за паўсотні журналістаў. Палітычны аглядальнік Карымберды сярод іх. Дарэчы, не толькі як рэпарцёр, але і турыст у найбліжэйшы час плануе прыехаць у Беларусь. І, вдома, у перспектыве на II Еўрапейскія гульні. А пакуль галоўная інфападстава яго матэрыялаў - візіт беларускага лідара ва Узбекістан.

Заўтра лідараў Беларусі і Узбекістана чакае сапраўдны перагаворны марафон. Па сутнасці, гэта першы поўнафарматны дыялог двух прэзідэнтаў. Сустрэчы ў вузкім фармаце і з удзелам дэлегацый. Тым, што па большай частцы абмяркуюць ужо не ў прысутнасці камер, палітыкі плануюць падзяліцца з журналістамі, зробяць сумесную заяву для СМІ. Цэлы тыдзень у Ташкенце будзе працаваць маштабная выстава Made in Belarus, сваю прадукцыю і распрацоўкі пакажуць больш за 150 прадпрыемстваў. Экспазіцыю лідары таксама хочуць убачыць самі, як і пагутарыць з кіраўніцтвам і калектывамі прадпрыемстваў. Бакі падпішуць больш за 10 дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва ў розных сферах. І гэта далёка не ўсе падрабязнасці прэзідэнцкіх графікаў. З упэўненасцю можна сказаць: заўтра стане новым пунктам адліку ў адносінах Мінска і Ташкента.