Пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Катар

30 октября 2016

Борт нумар адзін прызямліўся ў сталіцы гэтай блізкаўсходняй дзяржавы - Досе. Кіраўнік дзяржавы наведвае гэту краіну ўжо трэці раз. Аляксандра Лукашэнку віталі як самага ганаровага госця па ўсіх канонах блізкаўсходняй гасціннасці.

Ля трапа Прэзідэнта Беларусі сустрэў міністр фінансаў Катара. Адразу пасля прылёту Кіраўнік дзяржавы правёў з ім кароткія перамовы. Сёння, як плануецца, Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з эмірам краіны - шэйхам Тамімам бен Хамадам аль-Тані. Чакаецца падпісанне шэрагу пагадненняў у розных сферах аховы здароўя, адукацыі, фінансаў.

Са сталіцы Катара Кіраўнік дзяржавы накіруецца з рабочым візітам у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са спадчынным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Эміратаў шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам, а таксама з віцэ-прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам абароны - кіраўніком эмірата Дубай - шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам. На сустрэчах абмяркуюць перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, рэалізацыю сумесных праектаў.