Пачаўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў Індыю

12 сентября 2017

Пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Індыю. Урачыстая цырымонія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў прэзідэнцкім палацы "Раштрапаці-Бхаван" у Нью-Дэлі.

Індыя славіцца багатай культурай, шматлікімі традыцыямі і асабліва гасціннасцю. Беларускага лідара ў Нью-Дэлі сустракалі пышнай цырымоніяй, што гаворыць аб асаблівых адносінах паміж краінамі. На шляху ў рэзідэнцыю індыйскага лідара беларускі картэж суправаджала конніца. Аляксандра Лукашэнку прывітаў калега Рам Натх Кавінд і прэм'ер-міністр Нарэндра Модзі. Усё па правілах вышэйшага цырыманіялу - рота ганаровай варты, гімны дзвюх краін. Падчас працэсіі быў дадзены ўрачысты салют у гонар Прэзідэнта Беларусі. Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі запланаваныя перамовы з прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Індыі. Бакі абмяркуюць поўнамаштабнае супрацоўніцтва. Размова пойдзе і аб узаемадзеянні Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, а таксама аб новых магчымасцях для інвестыцыйнага партнёрства. Па выніках перамоў, як чакаецца, бакі абмяняюцца падпісанымі дакументамі.