Пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет

15 января 2017

Сёння пачаўся афіцыйны візіт нашага Прэзідэнта ў Егіпет. Ключавая дзяржава Афрыканскага кантынента. Праз 2 тыдні, дарэчы, будзе роўна 25 гадоў, як паміж нашымі краінамі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны. Мінск і Каір традыцыйна падтрымліваюць адносіны сяброўства і ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне. Ва ўзаемным гандлі апошні дзясятак гадоў назіраўся  ўстойлівы рост, што ў гэты складаны час ужо добры вынік. У дэльце Ніла збіраюць нашы трактары і грузавікі,  нашы вытворцы збіраюцца пашыраць сваю прысутнасць на егіпецкім рынку. Для аматараў адпачынку з Беларусі  Егіпет  - адзін з любімых турыстычных маршрутаў.

У каірскім аэрапорце нашага Прэзідэнта асабіста сустракаў егіпецкі калега Абдэль Фатах аль-Сісі, што на мове дыпламатычнага пратакола з'яўляецца сведчаннем высокай павагі да госця. Затым былі перамовы сам-насам і ў пашыраным складзе. У цэнтры ўвагі бакоў - тэмы развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў, вытворчай кааперацыі, а таксама навука, адукацыя, ахова здароўя, турызм. За візітам сочыць здымачная група "Галоўнага эфіру". З Каіра наш рэпартаж.

Самы вялікі і густанаселены горад арабскага свету - 20-мільённы Каір -  жыве сваім шумным жыццём. Зараз у Егіпце вясна. Але пасля снегападаў і суровых беларускіх мінус 20 ідэнтычная лічба толькі з плюсам успрымаецца як манна нябесная. Егіпет зараз ушчыльную заняты аднаўленнем эканомікі, якая жорстка пацярпела ў выніку некалькіх гадоў беспарадкаў і палітычнага хаосу. Усе гэтыя падзеі прывялі да рэзкага скарачэння патоку турыстаў і напалохалі патэнцыяльных інвестараў. Неспакойная сітуацыя ў Егіпце, а таксама закрыццё гэтага кірунку ў Расіі адбілася і на рашэнні беларускіх турыстаў адпачыць у гэтай краіне. Летась зафіксавана зніжэнне продажаў. Авіякампаніям давялося скараціць колькасць рэйсаў. Паўплываць на сітуацыю спрабуюць і самі перавозчыкі, і гатэльеры, прапануючы часам істотныя скідкі.

 Егіпецкія ўлады і зусім  пайшлі на беспрэцэдэнтны крок -  дазволілі праводзіць турыстам прыватныя вечарынкі ля пірамід Гізы. Тым, хто захоча наладзіць тут начныя гулянні, прыйдзецца раскашэліцца на 7 тысяч долараў.

Нягледзячы на тое, што продаж пуцёвак у Егіпет летась скараціўся практычна ўдвая, краіна фараонаў па-ранейшаму ўзначальвае топ самых папулярных для беларусаў кірункаў.  У гэты панядзелак Кіраўнік беларускай дзяржавы падпісаў указ, які стаў самай папулярнай інфападставай у СМІ.

Бязвізавы ўезд у Беларусь зараз даступны для грамадзян з 80 дзяржаў свету, сярод іх  і Егіпет. Наша краіна перш за ўсё адчыняе дзверы стратэгічным партнёрам і спрыяльным у міграцыйным плане дзяржавам.  Такую тактыку, асабліва ў знешняй палітыцы, выбірае  Егіпет. Справіцца з наступствамі палітычнага хаосу і рэвалюцый краіна мае намер, абапіраючыся толькі на сваіх правераных часам партнёраў.

 Гэты тыдзень Каір у нязвыклых тут колерах беларускага флага. Партрэты Аляксандра Лукашэнкі па ўсім горадзе - знак асаблівай павагі. Пра візіт беларускага лідара ў Каір напісалі ўсе цэнтральныя выданні. На ўсходзе гэта знак асаблівага стаўлення да госця. Відавочна, тут настроены на тое, каб вывесці адносіны з Беларуссю на якасна новы ўзровень.

У аэрапорт Каіра Аляксандр Лукашэнка прыляцеў пасля апоўдня па мінскім часе. Ля трапа самалёта Кіраўніка беларускай дзяржавы  прывітаў міністр па справах турызму. На першы погляд можа здацца, што ўсё ў адпаведнасці з пасадай прымаючага боку - гутарка адразу пачынаецца пра надвор'е. Але справа ва ўсходнім каларыце. Арабскі стыль вядзення перамоў характарызуе няспешнасць. Нават калі гутарка вельмі важная і тэрміновая, ёй абавязкова  папярэднічаюць доўгія прывітанні, гутаркі на іншыя тэмы.

Адразу з аэрапорта Аляксандр Лукашэнка адпраўляецца на перамовы са сваім калегам - прэзідэнтам Егіпта. Прайшло амаль паўтара года з моманту іх першай асабістай сустрэчы на палях саміту ААН у Нью-Ёрку.

Вось ужо два з паловай гады краінай кіруе Абдэль Фатах аль-Сісі - былы міністр абароны Егіпта. Заступіўшы на пасаду, сваёй першачарговай задачай ён назваў скарачэнне дзяржвыдаткаў і вырашэнне энергетычных праблем краіны. Новаму прэзідэнту Егіпта нават давялося пайсці на радыкальныя меры. Ён адмовіўся ад паловы зарплаты і маёмасці на карысць дзяржбюджэту. Прагматычныя журналісты палічылі: зараз прэзідэнт краіны двух мацерыкоў атрымлівае за месяц 3 тысячы долараў. Акрамя таго, для аптымізацыі бюджэтных выдаткаў лідар Егіпта скараціў прэзідэнцкі картэж з 34 да 5 аўто. А каб быць бліжэй да народа, нават завёў электронную пошту. На прэзідэнцкі email егіпцяне паведамляюць аб праблемах, шлюць скаргі, просьбы і самыя розныя прапановы.

Картэж беларускага Прэзідэнта накіроўваецца ў раён Геліаполіс.Тут знаходзіцца Палац Ітыхадыя. Гэта адна з трох рабочых рэзідэнцый егіпецкага лідара. Яна была пабудавана яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў якасці гасцініцы. А падчас дзвюх сусветных войнаў  стала шпіталем для брытанскіх салдат. У 1958 годзе будынак набыла дзяржава. Менавіта гэты палац сёння месца сустрэч першых асоб дзяржаў.

Візіт афіцыйны, а значыць і тэмы для перамоў дзелавыя. Кіраўнікам дзяржаў ёсць што абмеркаваць. Ужо з першых слоў беларускага лідара стала зразумела: Беларусь разглядае Егіпет як найважнейшага эканамічнага і палітычнага партнёра ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

Погляды кіраўнікоў дзяржаў супадаюць па многіх пытаннях. Зрэшты, ёсць аб чым палітыкам пагутарыць і ў нефармальнай абстаноўцы. СМІ адшукалі асабістыя падабенствы. У беларускага прэзідэнта гістарычная адукацыя, захапленне ж егіпецкага лідара - чытанне кніг па гісторыі і праве. Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах аль-Сісі  да таго ж узначальваюць рэйтынгі самых спартыўных палітыкаў свету. Калі кіраўнік беларускай дзяржавы часцей выбірае канькі і лыжы, то прыхільнасць егіпецкага лідара - язда на веласіпедзе. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў ён прыняў удзел у веламарафоне, дзе пераадолеў 20 км.