Пачаўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Судан

16 января 2017

Сёння з Каіра борт № 1 вылецеў у Судан і ўжо прызямліўся ў Хартуме. Пачаўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Судан. Ля трапа беларускага лідара сустрэў асабіста Прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр. У  вялікай палітыцы гэта  рэдкасць і знак асаблівай павагі да госця.

Два лідары ўжо знаёмыя: прэзідэнт Судана ў Беларусі бываў у 2004. Гэта  быў не толькі першы афіцыйны візіт у гісторыі дзяржаў, але і першы візіт Амара аль-Башыра ў Еўрапейскі рэгіён. 

Тавараабарот Беларусі і Судана пакуль не адпавядае магчымасцям дзвюх краін - за 2015 крыху больш за 41 мільён долараў. І гэта ў асноўным беларускі экспарт. Рэкордным быў 2013 - звыш 70 мільёнаў. Судан - на трэцім месцы сярод афрыканскіх дзяржаў па золатаздабычы. Але ўсё ж большую частку ВУП фарміруе сельская гаспадарка. Урадлівыя землі Ніла - важкая частка эканомікі Судана. Уласнай вытворчасці трактароў або камбайнаў тут няма, таму ў асобе Беларусі Судан бачыць  перспектыўнага партнёра.

Мухамед Абдэль Азім, дырэктар кампаніі па продажы сельгастэхнікі і абсталявання:  "Зараз мы прадаём цэлы шэраг мадэляў беларускіх трактароў і ўваходзім у тройку лепшых дыстрыбутараў у Судане. Дзякуючы якасці ваша тэхніка атрымала тут шырокую вядомасць. І зараз мы зацікаўлены ў найбліжэйшыя дні падпісаць пагадненне з МТЗ аб стварэнні зборачнай вытворчасці. Тэрытарыяльна пляцоўка размешчана за 15 км ад Хартума. Горад размешчаны ў цэнтры краіны, таму адсюль будзе лёгка арганізаваць пастаўкі ў іншыя часткі Судана. Мы таксама хочам прапанаваць вялікія трактары, якія працуюць на вытворчасцях цукру, магутнасцю 200-250 конскіх сіл. Гэтыя трактары ўжо даказалі сваю якасць, паказалі сябе з добрага боку ў цукровай індустрыі ў Паўднёвай Амерыцы. Акрамя таго, мы  зацікаўлены ў  закупцы калійных угнаенняў".

Асноўныя перамовы паміж лідарамі прызначаны на заўтра. Чакаецца, што па выніках будзе падпісаны пакет кантрактаў, агульная сума якога перавысіць гадавы тавараабарот. Дзелавыя кантакты Мінск і Хартум умацуюць на бізнес-форуме, які стартуе заўтра.