Пачаўся дзяржаўны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў нашу краіну

10 мая 2015

Пачнем з галоўнай навіны дня. Сёння па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі пачаўся дзяржаўны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў нашу краіну. Некалькі гадзін таму без спазнення ў нацыянальным аэрапорце прызямліўся самалёт кітайскага лідара. Насычаная трохдзённая праграма візіту распісаная па хвілінах.

Высокага кітайскага госця ў знак павагі Прэзідэнт Беларусі асабіста сустракаў ля трапа.

Традыцыйныя хлеб-соль. Цёплае прывітанне. Кітайскага лідара сустракалі і студэнты беларускіх ВНУ, якія вывучаюць кітайскую мову. Сі Цзіньпін асабіста паціснуў руку кожнаму з іх, а беларускі Прэзідэнт адзначыў, што менавіта гэтыя кадры ў будучыні будуць развіваць двухбаковыя адносіны нашых краін. У групе быў таксама міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей і паслы абедзвюх краін. У пакеце толькі эканамічнага блока каля 30 пагадненняў і кантрактаў. Праграмай візіту кітайскага лідара прадугледжаныя афіцыйныя перамовы паміж кіраўнікамі дзяржаў.