На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалi пытаннi эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва

22 декабря 2017

Праекты прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва сталі прадметам абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі.

Яшчэ раз былі разгледжаныя прапановы па развіцці лічбавай эканомікі і тыя магчымасці, якія гэта нясе не толькі для IT-сектара, але і для іншых галін. Падрабязна абмеркаваныя меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва. На гэта накіраваны абноўлены Дэкрэт № 3. Ён выкладзены ў новай рэдакцыі і запрацуе ў поўным аб'ёме з 1 студзеня 2019 года. Каардынаваць рэалізацыю нормаў дакумента на месцах будуць старшыні раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў і кіраўнікі адміністрацый раёнаў. Сярод паўнамоцтваў: аналіз сітуацыі на рынку працы, садзейнічанне ў працаўладкаванні і фарміраванне спісаў грамадзян, не занятых у эканоміцы. Работа ў рамках новай рэдакцыі павінна прадугледжваць максімальна індывідуальны падыход.

Абмяркоўвалі і новыя падыходы па налічэнні зарплаты навукоўцам. Гэта было адно з даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Адпаведны праект указа прадугледжвае павышэнне тарыфных акладаў у сярэднім на 300 % работнікам бюджэтных арганізацый.

У навукоўцаў у перспектыве з'явіцца і новая альма-матар. У тэхнапарку "БелБіягорад" будуць выконвацца фундаментальныя даследаванні, на іх аснове стварацца новыя вытворчасці. Сярод прапаноў ужо 30 праектаў. Іх увасабленне праз 5-6 гадоў забяспечыць экспарт на 190 мільёнаў долараў і дазволіць стварыць больш за тысячу рабочых месцаў. Прэзідэнт гэтую ідэю падтрымаў і даручыў падаць яму канкрэтны праект, дзе будзе паказана, якія льготы і практычныя вынікі прынясе краіне тэхнаполіс.