На тыдні адбыліся перамовы Прэзідэнта Беларусі з федэральным канцлерам Аўстрыі

31 марта 2019

У Палацы Незалежнасці адбыліся перамовы Прэзідэнта Беларусі з федэральным канцлерам Аўстрыі. Мінск і Вена пацвердзілі высокі ўзровень і пазітыўную дынаміку развіцця двухбаковых адносін - ад цеснага палітычнага дыялогу да гуманітарных кантактаў. 

Палітыкі знаёмыя даўно і даволі добра. Для Себасцьяна Курца цяперашні візіт у Мінск ужо трэці за 4 гады. У якасці канцлера ён прыязджае ўпершыню. Але ў 2015 і  2017 высокі госць ужо быў у Беларусі як старшыня АБСЕ і кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Аўстрыі. І тады таксама двойчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. 

Цяперашнія перамовы - гэта яшчэ адзін крок для вызначэння далейшых перспектыў беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва і партнёрства па лініі ЕС. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў канцлеру за асабісты ўнёсак у гэта збліжэнне. Погляды Беларусі на развіццё еўрапейскага рэгіёна і цэлым па міжнародным парадку дня падобныя з аўстрыйскімі. Мы гатовыя супрацоўнічаць з ЕС, але толькі з улікам нацыянальных інтарэсаў. 

Галоўная тэма размовы - эканоміка. Калі супрацоўніцтва перавесці ў лічбы, атрымаем 300 мільёнаў долараў інвестыцый летась. Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвестараў у нашу эканоміку. Усяго ў Беларусі зарэгістравана больш за 80 прадпрыемстваў з аўстрыйскім капіталам. А тавараабарот паміж краінамі ўсяго крыху больш за 170 мільёнаў долараў. Неапраўдана мала. Мінску і Вене неабходна дадаваць,  заявіў Аляксандр Лукашэнка. Не абышлі бокам і тэму бяспекі ў рэгіёне. Канцлер асобна падкрэсліў ролю нашай краіны ў гэтым пытанні.

На памяць пра гэту сустрэчу палітыкі абмяняліся падарункамі. Ведаючы пра захапленне беларускага лідара лыжным спортам, Себасцьян паднёс Аляксандру Лукашэнку горныя лыжы. 

Высокі госць павёз у Вену абраз святой Сафіі Слуцкай і той самы знакаміты шакалад "Прэзідэнт". Канцлер выказаў надзею, што ў найбліжэйшы час у Кіраўніка беларускай дзяржавы атрымаецца прыляцець у Вену.