На тыдні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў важныя кадравыя рашэнні

29 декабря 2019
У Палацы Незалежнасці зноў гучалі і новыя прозвішчы, і важныя пасады, увогуле, курс на абнаўленне вертыкалі кіраванцаў працягваецца. 

У новы год з новай працай уваходзяць адразу два дзясяткі кіраўнікоў. Ратацыя ў рэгіёнах закранула 4 вобласці - новыя кіраўнікі райвыканкамаў у Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай. Узгадняючы прызначэнні, Аляксандр Лукашэнка так і сказаў: разлічваю на ваш прафесіяналізм! Усе гэтыя людзі паспелі папрацаваць на месцах, ведаюць рэгіянальную спецыфіку. І з паразуменнем паставіцца да кожнага пытання жыхароў просіць Прэзідэнт. Не наракаць на праблемы, а працаваць так, каб іх станавілася менш. Прыкладна так можна пазначыць меседж Прэзідэнта для вертыкалі. Людзі не просяць звышнатуральнага - усяго толькі разабрацца з бытавымі праблемамі, часцей за ўсё ў ЖКГ. Ніхто не здымае і задач у эканамічным развіцці - прасоўвацца трэба і ў прамысловым сектары, і ў АПК.

Адразу скажам: кадравы чацвер прайшоў без гучных сенсацый. Сярод прыкметных фігур - новы кіраўнік Белдзяржхарчпрама Анатоль Бубен. Некалькі месяцаў таму на прадпрыемстве "Мінск-Крышталь", якое ўваходзіць у канцэрн, адбыліся гучныя адстаўкі. Сваю пасаду праз карупцыю на гэтым заводзе пакінуў і тагачасны кіраўнік ведамства Аляксандр Забела. Прынцыповая пазіцыя Прэзідэнта ўсім вядомая: даравання за карупцыю не будзе ні начальнікам, ні падначаленым! Новаму кіраўніку трэба засяродзіцца на стратэгіі для харчпрама, падумаць, як палепшыць эканоміку прадпрыемстваў канцэрна, павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, знайсці і замацавацца на новых экспартных рынках.