Маніторынгам цэн зоймецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі

19 мая 2017

Народны кантроль цэн з'явіцца ў Беларусі. Ідэю стварэння рабочай групы пры Федэрацыі прафсаюзаў сёння падтрымаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Эксперты будуць сачыць за коштам значных груп тавараў і параўноўваць звесткі афіцыйнай статыстыкі з практычнай рэалізацыяй цэнавай палітыкі на месцах. Пра вынікі такога аналізу Федэрацыя прафсаюзаў мае намер інфармаваць урад, каб пры выяўленні негатыўных момантаў своечасова прымаць меры.

У Беларусі колькасць членаў прафсаюзаў перавышае чатыры мільёны чалавек. Гэта каля 95 працэнтаў ад эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. Сёння на сустрэчы гаварылі таксама і пра спорт. Папулярызацыя здаровага ладу жыцця - адзін з прыярытэтаў дзейнасці арганізацыі. Сёлета Федэрацыя прафсаюзаў мае намер правесці каля 60 маштабных спартыўна-масавых мерапрыемстваў для працаўнікоў розных прадпрыемстваў. А 2018 прапанавана абвясціць Годам працы.