Шматлікія віншаванні з Днём Незалежнасці прыйшлі на адрас Аляксандра Лукашэнкі

3 июля 2018

Гэтымі днямі цёплыя словы беларусам ад сяброў і партнёраў паступаюць з розных куткоў планеты. Шматлікія віншаванні з Днём Незалежнасці прыйшлі на адрас Прэзідэнта нашай краіны. Аляксандра Лукашэнку павіншаваў расійскі лідар Уладзімір Пуцін. Ён пацвердзіў настрой на працяг сумеснай працы.

"Трэцяга ліпеня - знамянальная дата ў гісторыі Беларусі. Вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала адной з найважнейшых перамог, якія атрымалі нашы бацькі і дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Завешчаныя імі братэрскае сяброўства і ўзаемадапамога і сёння служаць надзейнай асновай развіцця расійска-беларускіх сувязяў", - гаворыцца ў віншаванні.

Віншавальнае пасланне ў адрас Аляксандра Лукашэнкі накіраваў і прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у віншаванні адзначыў рост міжнароднага становішча і ўплыў Беларусі, эканамічнае развіццё краіны.

"Беларуская мара аб паспяховым і шчаслівым жыцці народа, мірнай і стабільнай дзяржаве ператвараецца ў рэальнасць. Як добры сябар кітайскі бок адчувае сардэчную радасць. Кіраўнік КНР надае вялікае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін, шануе ўсталяваныя з Беларуссю добрыя рабочыя адносіны і асабістае моцнае сяброўства. Сі Цзіньпін гатовы прыкладаць намаганні на карысць дзвюх краін і народаў, бесперапынна дасягаць новых вынікаў у прасоўванні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў сумесным будаўніцтве ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях".

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што "за мінулыя гады Беларусь заняла годнае месца сярод краін рэгіёна і дэманструе адданасць міру і рэгіянальнай стабільнасці, упэўненае ўмацаванне нацыянальнай эканомікі. Развіццё добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь заўсёды было сярод знешніх прыярытэтаў Украіны".

Таксама Кіраўніка дзяржавы і беларускі народ павіншавалі прэзідэнты краін-партнёраў у рамках ЕАЭС, СНД, а таксама кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў, Афрыканскага кантынента і Азіяцкага рэгіёна. Сярод тых, хто накіраваў віншаванні, - Папа Рымскі Францыск і каралева Вялікабрытаніі.