Мінск стаў пляцоўкай для перамоў на вышэйшым узроўні

26 августа 2014
Сёння Мінск стаў цэнтрам сусветнай палітыкі і на адзін дзень ператварыўся ў вялікую перагаворную пляцоўку. Узаемаадносіны Мытнай тройкі з Украінай, якая падпісала Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім cаюзам, сітуацыя ўнутры краіны і самае галоўнае - нармалізацыя становішча на паўднёвым усходзе.


Важнасць праблемы сабрала ў Мінску вышэйшы істэблішмент. У Беларусь прыбылі прэзідэнты Казахстана - Нурсултан Назарбаеў, Расіі - Уладзімір Пуцін, Украіны - Пётр Парашэнка і высокае прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза - вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан, камісар ЕС па гандлі Карэл дэ Гюхт і камісар ЕС па энергетыцы Гюнтэр Герман Этынгер.


Сустрэча ў такім фармаце - упершыню ў гісторыі. І часцей за ўсё за сталом перамоў гучала слова мір. На сёння галоўная мэта - спыніць кровапраліцце ў суседняй і братэрскай для нас краіне, - заявіў беларускі лідар, адкрываючы сустрэчу. І вялікі перагаворны дзень у Мінску павінен стаць першым крокам на шляху да яго.

З тых пор як тыдзень таму ўпершыню была праанансаваная сустрэча ў фармаце Мытная тройка - Украіна - ЕС, гэтая тэма стала самай галоўнай у сусветных СМІ. І гэта зразумела: сталіца Беларусі, па сутнасці, стала пляцоўкай апошняй надзеі для мірнага вырашэння канфлікту на ўсходзе Украіны. Гэты канфлікт ужо даўно выйшаў за рамкі краіны, пагражаючы непрадказальнымі гуманітарнымі, эканамічнымі і нават геапалітычнымі наступствамі. І сённяшняя сустрэча ў Мінску, можна сказаць, вырашала лёс міру і бяспекі ва ўсёй Еўропе.


У Мінск на сустрэчу высокага ўзроўню ў фармаце Еўразійская тройка - Украіна - ЕС першым прыляцеў Пётр Парашэнка. Ля трапа дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах паднеслі ўкраінскаму лідару, які ўпершыню прыбыў у Мінск у афіцыйным статусе прэзідэнта Украіны, хлеб-соль.

Без заяў для прэсы Пётр Парашэнка сеў у картэж і праехаў у Мінск, у пасольства Украіны. Раніцай Твітар адміністрацыі ўкраінскага лідара анансаваў у дыпмісіі сустрэчу Пятра Парашэнкі з вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Кіраўнік МЗС Еўрасаюза прыляцела ў кампаніі камісара ЕС па гандлі Карэла дэ Гюхта. Наступным у беларускай сталіцы прызямліўся борт Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Пасля камісара ЕС па энергетыцы Гюнтэра Германа Этынгера ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сеў Боінг Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.


Галоўныя тэмы саміту - урэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны і эканамічнае ўзаемадзеянне з Мытным саюзам у святле падпісання Кіевам Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Перад тым як сесці за стол перамоў, іх удзельнікі правялі шэраг двухбаковых сустрэч.

Пётр Парашэнка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам не страчваў аптымізму. Украінскі лідар спадзяецца, што вынікам першай сустрэчы ў Мінску стане дасягненне дамоўленасці аб устанаўленні міру на ўкраінскай зямлі.

Варта адзначыць, што ў канцы ліпеня ў Мінску ўжо адбылося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Гэта быў першы крок, які стварыў глебу для падлучэння да вырашэння праблемы кіраўніцтва краін Мытнага саюза, Украіны і ЕС.

За даванне пляцоўкі для дыялогу Прэзідэнта Беларусі Аляксандру Лукашэнку асобна падзякавала вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза Кэтрын Эштан.

Сустрэча кіраўнікоў Еўразійскай тройкі з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам пры ўдзеле высокіх прадстаўнікоў Еўрасаюза ў Мінску пачалася з поціскаў рук. Магчыма, менавіта гэтыя поціскі рук пакладуць пачатак выхаду з крызісу ва Украіне і вакол яе.

Адразу пасля цырымоніі фатаграфавання ўдзельнікі сустрэчы ў Мінску накіраваліся на перамовы ў фармаце пяцёркі - Беларусь, Расія, Казахстан, Украіна і ЕС. На правах гаспадара саміту Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўзяў першае слова. Той факт, што бакі селі за стол перамоў у Мінску, ужо дарагога варта, - адзначыў беларускі лідар. Гэта гаворыць аб зацікаўленасці знайсці аптымальнае выйсце з сітуацыі. Беларусь у сваю чаргу, калі спатрэбіцца, гатовая праводзіць дадатковыя раўнды перамоў.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС яшчэ раз падзякавала Прэзідэнту Беларусі за арганізаваную ў Мінску сустрэчу. Сваю місію Кэтрын Эштан бачыць у падтрымцы міру, тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і яе добрых адносінах з суседзямі. А ў беларускай сталіцы ёсць унікальны шанец дамовіцца па эканамічных пытаннях і знайсці палітычнае вырашэнне канфлікту.

Вялікае значэнне гэтай сустрэчы ў Мінску адзначыў і Прэзідэнт Казахстана. Нурсултан Назарбаеў прапанаваў сваю праграму мірнага ўрэгулявання. Гэта неадкладнае вырашэнне пытання гуманітарнай катастрофы на ўсходзе Украіны, дээскалацыя канфлікту і спыненне санкцыйнага супрацьстаяння.

На эканамічных пытаннях засяродзіў сваю ўвагу Прэзідэнт Расіі. Уладзімір Пуцін адзначыў, што падпісанне Украінай Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС можа мець негатыўныя наступствы для рынку краін Мытнага саюза. З Еўропы праз Украіну можа лінуць струмень неабкладаных пошлінамі тавараў, пагражаючы цэлым галінам.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заклікаў калегаў падтрымаць яго мірны план па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, дадаўшы, што ў Мінску вырашаецца не толькі ўкраінскі крызіс, але і лёс усёй Еўропы.

Пасля ўступных слоў, дзе тэзісна былі пазначаныя галоўныя тэмы, удзельнікі сустрэчы працягнулі перамовы ўжо без прэсы. Абяцаючы пасля завяршэння адразу ж падзяліцца вынікамі з журналістамі.